Вы тут

“Маладосць”. Што можна сказаць, прачытаўшы чэрвеньскі нумар


“Маладосць”. Што можна сказаць, прачытаўшы чэрвеньскі нумар

Ёсць цудоўная беларуская прыказка: “Чэрвень у гульні не гуляе, а ўраджай росціць”. Аўтары чэрвеньскай “Маладосці” ў поўнай адпаведнасці з гэтай народнай мудрасцю запоўнілі старонкі часопіса плёнам сваёй творчай працы. Ці багатым аказаўся ўраджай? Зараз раскажам!

Калумністка Анхела Эспіноса Руіз дзеліцца разважаннямі пра “Маленькага прынца”. Але гэта не проста аповед пра любімую мільёнамі кнігу, гэта – гісторыя асабістых адкрыццяў. Перачытваючы гэты літаратурны шэдэўр (ды яшчэ і на розных мовах!), Анхела кожны раз знаходзіць у ім нешта новае: “У раннія падлеткавыя гады «Маленькі прынц» гаварыў мне пра высокую каштоўнасць сяброўства (ідэал, у які дагэтуль веру без ваганняў); у пазнейшыя гады я чытала ў ім пра крывадушнасць і непаслядоўнасць, якія, на вялікі жаль, часта з’яўляюцца часткай чалавечай натуры”.

Там, дзе ёсць прынцы, заўсёды знойдуцца і рыцары. Спецыяльна для новага нумара Святлана Курганава ўзяла інтэрв’ю ў кіраўніка клуба рэканструктараў “Гівойт” Уладзіміра Лічко і ў музычнага гурта HardWood, які спецыялізуецца на акустычным фолку. З гэтых цікавых размоў можна даведацца пра тое, як жывуць сапраўдныя сучасныя рыцары.

Немагчыма ўявіць сабе рыцара без дамы, за сэрца якой трэба змагацца. Але бываюць і адваротныя сітуацыі, калі  жанчыне самой даводзіцца шукаць прыхільнасці высакароднага абранніка. За прыкладам дастаткова звярнуцца да новай паэмы майстра вялікіх паэтычных формаў Глеба Ганчарова “Цвет нікаціяны”, у якой паказана гісторыя кахання Лесі Украінкі да беларускага рэвалюцыянера Сяргея Мяржынскага:

“— Ну, вось, каханы, я з табой,

Нiкуды ўжо цяпер не згiну,

Бо тоесныя андрагiну,

Мы — як два колы пад арбой.

Нам поплеч трэсцiся ўдваiх

Па крамянiстаму каменню

I выехаць у час вясеннi

Да роўных вулiц гарадскiх.

Табе не прыйдзецца тужыць…

— Я буду жыць?

— Ты будзеш жыць!”

Сапраўднай вішанькай чэрвеньскай “Маладосці” стаў чароўны аповед Маргарыты Латышкевіч “Над Вугерай – дождж” – своеасаблівы сіквел яе твора “Вершнікі на дарозе”, які быў надрукаваны ў адным з папярэдніх нумароў часопіса. “Пахла ігліцаю і смалою — вецер павяваў ад стромкага бору. Каляровыя стракозы мітусіліся над трыснягамі, над спакойнаю вадою. На мелкаводдзі мірна спачывалі вялікія, у далоню велічынёй, мідыі, ад узросту пазелянелыя, і бліскалі сярэбраным бокам імклівыя малькі. Туды, да малькоў, да мідый, да стракоз плаўна спускаўся ціхі пясчаны бераг, і залацістыя хвалі пяску далёка было відаць пад празрыстым водным покрывам.” – якое валоданне словам!

Акрамя таго, на старонках летняй “Маладосці” – інтэрв’ю з Адамам Глобусам, пераклад шведскай балады, вандроўка па купалаўскіх месцах і… А вось што “і…” – можна даведацца толькі прачытаўшы чэрвеньскі нумар! Абяцаем, вы не пашкадуеце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.