Вы тут

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства


Міжнародны конкурс ваенна-прафесійнага майстэрства ваеннаслужачых дружалюбных армій сёлета пройдзе на беларускай зямлі. А пакуль карэспандэнты «Звязды» паназіралі за тым, як адбываецца адбор у нацыянальную каманду.


На базе 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, дзе праходзіў адзін з найбольш складаных яго этапаў — конкурсы «Прафесіянал» і «Снайпер» — было гарачым не толькі надвор'е. Хлопцы і дзяўчаты з розных вайсковых злучэнняў па-майстэрску пераадольвалі паласу перашкод, спаборнічаючы за тое, хто з іх найбольш хуткі, трапны і вынослівы.

Не адставалі ад фізічна падрыхтаваных юнакоў і дзяўчаты. Паколькі ў нацыянальную каманду трапіць з іх толькі адна, канкурэнцыя нарастала. Для прадстаўніц лепшай паловы чалавецтва — нязначныя паслабленні толькі пры пераадоленні паласы перашкод. У астатнім яны змагаюцца нароўні з мужчынамі.

— Пераадолець мадэрнізаваную агульнавайсковую паласу перашкод для дзяўчыны не вельмі проста, — прызнаецца яфрэйтар Яніна Малаш, якая служыць у 56-м асобным палку сувязі. — Ускладняюць сітуацыю бронекамізэлька, аўтамат, якія ўвесь гэты час з табой: а, між іншым, трэба паўзці, караскацца на сцяну. У гэтым плане з прафесійнымі спартсменамі спаборнічаць складана.

Але казаць, што канкурэнцыі для іх не існуе, прадстаўнікі Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл сяржант Віталь і радавая Таццяна Міхайлавы не бяруцца. Муж і жонка — члены нацыянальнай каманды Беларусі па канькабежным спорце. Спаборнічаць яны ўжо прызвычаіліся, але ў падобным конкурсе ўдзельнічаюць упершыню. «Па меншай меры, гэта цікава», — у адзін голас кажуць яны, ацэньваючы сваіх сапернікаў на самым высокім узроўні.

Усяго, па ўмовах конкурсу, у нацыянальную каманду ўвойдуць чатыры вайскоўцы. Напагатове будзе і запасны састаў, які ў непрадказальнай сітуацыі працягне барацьбу за перамогу.

— Вопыт удзелу ў спаборніцтве ў нас ужо ёсць: беларусы пяты раз прадставяць нашы Узброеныя Сілы на «Воіне Садружнасці», — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл палкоўнік Валерый БОЙКА. — Асаблівую ўвагу пры адборы мы звяртаем на фізічную падрыхтоўку і вынослівасць. Немалое значэнне мае і ўменне ваеннаслужачых выконваць тыя задачы і нарматывы, якія непасрэдна неабходны ў воінскай службе.

На адборачных этапах канкурсанты прадэманстравалі, што чалавек у пагонах — гэта не толькі фізічна падрыхтаваная асоба, а і чалавек творчы, інтэлектуал. Той, хто сумесціць у сабе ўсе гэтыя якасці (а імі абавязкова павінны стаць тры мужчыны і жанчына), будзе абараняць гонар Узброеных Сіл Беларусі на «Воіне Садружнасці».

Магчыма, адным з гэтых шчасліўчыкаў стане Аляксандр Прываліхін, які выступае за сілы спецыяльных аперацый. «Калі пытаюць, які конкурс для мяне найбольш цяжкі, я заўсёды адказваю, што наступны, бо гэты ты ўжо прайшоў, — гаворыць Саша. — Увогуле, конкурсныя выпрабаванні для нас, спецназаўцаў, як ранішняя зарадка. Служыць больш складана! Але ўдзельнічаць нават у адборачным этапе — вялікі гонар. Карысна паглядзець адзін на аднаго, падзяліцца вопытам з саслужыўцамі».

Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, канкурсанты добра разумеюць, што ў фінал павінны трапіць толькі самыя моцныя. Сёлета спаборніцтвы праходзяць на нашай зямлі, і, як лічаць удзельнікі, у гэтым перавага нашай каманды. Кажуць, дома і сцены дапамагаюць, таму яны настройваюцца толькі на перамогу.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ

Загаловак у газеце: Творчы інтэлектуал з баявой загартоўкай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.