Вы тут

Дзень Беларусі адзначаць у вядомых еўрапейскіх сталіцах


У межах рэалізацыі ініцыятывы, агучанай на пятым Усебеларускім народным сходзе, працягваецца акцыя «Belarus Day» («Беларускі Дзень»). Падчас акцыі, якая пачынаецца напярэдадні Дня Незалежнасці, у сталіцах розных дзяржаў свету ладзяцца выступы вядомых беларускіх калектываў.


Сёлета ў падарожжа выпраўляюцца Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны ансамбль танца «Харошкі» з новым праектам «Мы — беларусы!» і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі» з музычна-харэаграфічнай праграмай «Спадчына».

— Наша акцыя прымеркавана да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, — паведаміла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. — Пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў і пасольстваў Беларусі за мяжой нашы найлепшыя калектывы зробяць гастрольны тур па вядомых сталіцах Еўропы.

Першым у турнэ выправіцца ансамбль танца «Харошкі». З 23 чэрвеня па 12 ліпеня калектыў выступіць на знакамітых канцэртных пляцоўках у Кіеве (Украіна), Варшаве (Польшча), Берліне (Германія), Ліёне (Францыя), Празе (Чэхія), Будапешце (Венгрыя), Бледзе (Славенія), Кошчыцы (Славакія) ды Бялградзе (Сербія). Ансамбль плануе пазнаёміць еўрапейскага гледача з праграмай «Покліч продкаў», якая найбольш поўна раскрывае фальклорныя традыцыі беларусаў і дэманструе развіццё нацыянальнай культуры ад часоў паганства да сялянскага і гарадскога побыту ХХ стагоддзя. Асаблівую цікавасць для замежнікаў маюць народныя строі, выкарыстанне старажытных музычных інструментаў ды спалучэнне сучаснай і традыцыйнай харэаграфіі, уласцівыя выступам «Харошак». Дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Дзяніс Цітушын расказаў, што праграма «Спадчына» зробіць акцэнт на народных традыцыях. Гастролі іх калектыву пройдуць з 17 па 20 ліпеня ў сталіцах краін Балтыі — Таліне, Рызе і Вільнюсе.

— Акцыя «Belarus Day» нагадвае сусвету, што ёсць такі народ — беларусы, — адзначыў дырэктар харэаграфічнага ансамбля танца «Харошкі» Аляксандр Нікіта. — Мы з гонарам нясём сваё імя і здабыткі нацыянальнай культуры ў Еўропу на мове, зразумелай без слоў, — мове танца, музыкі, спеваў. Папулярызацыя народнага мастацтва за мяжой сведчыць: беларусы — духоўна багатая нацыя.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: З акцэнтам на традыцыі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.