Ён паявіўся каля дарогі непадалёк ад вёскі Дрануха Чавускага раёна, там, дзе ў 1943—1944 гадах дзевяць месяцаў стаяў фронт і ішлі кровапралітныя баі. Па некаторых звестках, яны былі яшчэ жахлівейшыя за сталінградскія.
— Ініцыятарамі помніка сталі пошукавікі клуба «Віккру», а кіраўніцтва раёна падтрымала гэтую прапанову, — кажа намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Гаранінава. — Гэта раней лічылі, што ў штрафбатах ваявалі адны крымінальнікі. Цяпер мы ведаем, што гэта было далёка не так.
На кавалачку зямлі сціплы камень з гранітнай таблічкай, на якой пазначаны асобны штрафны батальён і пералічаны штрафныя роты: «Байцам, камандзірам пастаяннага і пераменнага складу штрафных падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі на Чавускай зямлі з 2.10.1943 г. па 23.06.1944 г. ... Схіляем галовы ў знак светлай памяці». Кажуць, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця помніка месца ўжо было завалена кветкамі. Да яго ішлі мясцовыя жыхары, старыя людзі, якія на момант вайны былі малалетнімі дзецьмі.
— Гэта тыя часці, якія нам удалося ўстанавіць на сённяшні дзень, — кажа старшыня магілёўскага абласнога клуба «Віккру», ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Яны ж доўгі час былі засакрэчаныя. Найбольш поўная інфармацыя пакуль у нас па Чавускім раёне, бо гэта болей адпрацаваны намі раён.
З 16 па 24 чэрвеня на тэрыторыі Чавускага і Быхаўскага раёнаў праходзіць вахта памяці. На 23 чэрвеня байцамі клуба «Віккру» і 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны былі падняты астанкі 24 байцоў. Знойдзены таксама два медальёны, адзін з якіх належыць ураджэнцу Запарожскай вобласці Івану Кірылавічу Шутаву. У архівах захаваўся ліст ад яго маці, якая ў 1948 годзе шукала сына, але так і не змагла знайсці. Больш за 70 гадоў ён лічыўся зніклым без вестак. І толькі нядаўна стала вядома, што месцам яго пахавання стала быхаўская зямля.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.