Вы тут

Мясцовыя жыхары і паэты выступаюць за захаванне Трактарагорада


Нядаўна «Звязда» пісала пра пагрозу зносу малапавярховых дамоў у Мінску — тых, што маюць пэўную эстэтычную, гісторыка-культурную каштоўнасць, а таксама добры турыстычны патэнцыял. Аднак днямі адселеныя двухпавярховыя дамы ў пасёлку трактарнага завода — у квартале вуліц Стаханаўскай, Клумава, Шчарбакова, Чабатарова — ужо абгарадзілі для правядзення дэмантажных работ, на гэтым этапе вымаецца сталярка. Дарэчы, ні сучаснага праекта для забудовы гэтага месца, ні рэальнага інвестара з грашыма для пляцоўкі, якая вызваліцца, пакуль няма. Як выглядае, гэта знос дзеля «ачысткі» прасторы. Меркаванні тых, хто лічыць дамы каштоўнымі, чамусьці пад увагу не бяруцца.


У пасёлку плануецца знесці ўсе двухпавярховыя дамы (дарэчы, такія ж планы ёсць і для іншых куткоў сталіцы — раёна аўтазавода, Асмалоўкі і іншых). Натуральна, двухпавярховая забудова — гэта дорага для горада, быццам катэджны пасёлак унутры сталіцы. На месцы, якое імкнуцца вызваліць, плануецца ўзвесці шматпавярховікі — і атрымаць пэўны эканамічны эфект. Аднак у такім разе ні пра якую цэльнасць забудовы, ансамблевасць пасёлка ўжо гаварыць не давядзецца.

Мясцовыя жыхары збіраюць подпісы з просьбай не разбураць іх пасёлак. Свае звароты са 176 подпісамі яны накіравалі ў Адміністрацыю Партызанскага раёна і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што пасёлак узводзіўся адразу пасля вайны. Ён будаваўся адным з першых у разбураным вайной Мінску і фактычна з'яўляецца аднагодкам перамогі ў Вялікай Айчыннай. Таму, на іх думку, варта ўсталяваць памятны знак, прысвечаны заснаванню пасёлка і яго гісторыі. Думаецца, гэта вельмі яскравы сімвал Вялікай Перамогі. У такім сэнсе яго турыстычны патэнцыял таксама было б слушна скарыстаць.

Цікава, што многія людзі з надзвычай творчым светапоглядам выраслі ў гэтым пасёлку. Напрыклад, адзін з самых мадэрновых паэтаў сучаснасці Віктар Жыбуль нарадзіўся і дагэтуль жыве ў Трактарагорадзе.

— Гэта будоўля ў свой час лічылася надзвычай важнай у СССР. Пра яе пісалі паэты Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Андрэй Александровіч. Апошні, пэўна, больш за ўсіх, бо ён працаваў у газеце «Трактар». У яго ёсць такія радкі: «Я жыў на вуліцы, у якой шчэ назвы не было...» — кажа Віктар.

— Пасёлак мае ўсе шанцы стаць папулярнай турыстычнай зонай, у тым ліку для замежных гасцей, — адзначае экскурсавод, гід-перакладчык Раман АБРАМЧУК, які неаднаразова выступаў з ініцыятывай унясення некаторых вуліц пасёлка трактарнага завода ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але пакуль не атрымаў станоўчага адказу. — Шкада, што мы можам яго страціць...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пасёлак — раўнагодка Вялікай Перамогі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?