Вы тут

Вы патрэбны Беларусі!


Чэрвень — святочны месяц для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў. Яны атрымаюць дыплом — вынік, на які працавалі на працягу некалькіх гадоў. Як правіла, гэты перыяд запамінаецца як самы лепшы ў жыцці, тым не менш дзень атрымання дыплома для большасці — адзін з самых чаканых. Гэта — пачатак новага этапу. Выпускнікам, што былі запрошаны на Рэспубліканскі баль устаноў вышэйшай адукацыі ў Палац Незалежнасці, пашанцавала яшчэ больш — іх асабіста са знамянальнай падзеяй павіншаваў кіраўнік дзяржавы.


У холе Палаца было шматлюдна ўжо за некалькі гадзін да пачатку ўрачыстасцяў. Дзяўчаты — у прыгожых сукенках, хлопцы — у строгіх касцюмах. Усе яны — са шчаслівымі ўсмешкамі і некаторай узрушанасцю, хваляваннем.

— У вас сёння — баль, гэта ўрачысты акорд у завяршэнне студэнцкага перыяду вашага жыцця, — сказаў Прэзідэнт Беларусі, вітаючы выпускнікоў. — Пахвальна, што вы прайшлі яго паспяхова, атрымалі добрыя веды, навыкі, займелі прафесію, вопыт грамадскай работы. Словам, стартавая пляцоўка для прасоўвання наперад у вас ёсць, і яна надзейная. Цяпер вы ўжо дыпламаваныя спецыялісты. Перад вамі адкрыты новыя гарызонты.

Першае працоўнае месца і сацыяльны статус нашым выпускнікам гарантаваны дзяржавай. Як адзначыў Прэзідэнт, далёка не ўсюды такое стаўленне да маладых спецыялістаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з добрым наказам да выпускнікоў:

— Тварыце, працуйце — і абавязкова даб'яцеся поспеху. І не забывайце, што дасягнуць вяршыні прафесійнага майстэрства можна толькі пастаянна папаўняючы свой багаж ведаў і вопыту. Годна апраўдвайце давер вашых настаўнікаў і вашых родных. Усё, што ў вас сёння ёсць — гэта, безумоўна, ваша заслуга, але больш за ўсё — вашых бацькоў, вашых настаўнікаў. Далей справа за вамі. Вы для сваіх бацькоў, настаўнікаў — самае дарагое ў жыцці, увасабленне задум і планаў на будучыню. Менавіта з вамі, адукаванымі і энергічнымі, мы звязваем надзеі на дынамічны пад'ём эканомікі і іншых сфер жыцця беларускага грамадства.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўрачыстасць, якая сабрала найлепшых выпускнікоў ВНУ краіны, — важная падзея не толькі ў іх асабістым лёсе, але і ўсёй Беларусі:

— Не выпадкова яна праходзіць у Палацы Незалежнасці — храме нашай дзяржаўнасці. Гэта знак даверу да моладзі і да новага пакалення спецыялістаў. Ужо заўтра вы прыйдзеце на прадпрыемствы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, у школы і медыцынскія цэнтры, у канструктарскія бюро, навуковыя лабараторыі, праявіце свае таленты ў мастацтве і культуры. А магчыма, нехта з вас адкрые сваю справу, стане паспяховым прадпрымальнікам.

Сапраўды, у краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны змог рэалізаваць свае здольнасці. Прэзідэнт запэўніў: так яно і будзе. Але ў той жа час выпускнікам трэба памятаць, што ўсё ці амаль усё залежыць толькі ад іх саміх.

— Моладзь — адзін з галоўных прыярытэтаў нашай дзяржаўнай палітыкі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму не бойцеся складаных задач, стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты і ўвасабляйце іх у жыццё. Пастаноўка мэты, правільнай мэты — гэта ўжо палова поспеху. І памятайце: вы патрэбны Беларусі. Таму што тут ваш дом. Мы чакаем ад вас актыўнага прыкладання сіл і старанняў, заўсёды дапаможам і падтрымаем.

Валерыя Таратынка, выпускніца факультэта кіравання Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

— Я юрыст і іду працаваць у органы пракуратуры. Выбар прафесіі зрабіла самастойна, але ён не быў бы такім, калі б не выкладчыкі, бацькі і падтрымка блізкіх. Безумоўна, выбар прафесіі трэба рабіць самому. Бо толькі калі выбіраеш сам, у прафесіі будуць высокія дасягненні, рэзультаты, толькі тады можна будзе працаваць з задавальненнем.

Людміла Калацэй, выпускніца лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— На мой асабісты выбар у многім паўплывала мама. Яна хацела, каб я стала ўрачом і дапамагала людзям. Планую ў будучыні займацца кардыялогіяй, таму што сардэчна-сасудзістыя захворванні — самыя распаўсюджаныя ў нашай краіне. Хацела б зрабіць свой унёсак у барацьбу з гэтымі захворваннямі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».