Вы тут

Выкананне дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы патрабуе ацэнкі


У сваім інтэрв'ю беларускім СМІ, прымеркаваным да 25-годдзя ўстанаўлення беларуска-расійскіх дыпламатычных адносін, кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што неабходна правесці ацэнку выканання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.


У пошуках балансу

«Саюзная дзяржава — наша галоўная заваёва. Нягледзячы на тое, што цэлы шэраг планаў, якія былі пазначаныя ў саюзным дагаворы, яшчэ трэба будзе завяршыць. У любым выпадку нейкую інвентарызацыю трэба правесці», — лічыць Сяргей Лаўроў. На думку кіраўніка МЗС Расіі, беларусы і расіяне першымі зразумелі адмоўны эфект распаду СССР, і менавіта гэта стымулявала рух да інтэграцыі, якая затым была падхоплена іншымі краінамі на прасторы СНД. Таксама ён падкрэсліў важнасць таго, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва абапіраецца не толькі на ўзаемадзеянне Мінска і Масквы, але і на рэгіёны.

На яго думку, у любым інтэграцыйным механізме ключавым з'яўляецца знаходжанне балансу паміж эканамічнымі інтарэсамі. «Гэты баланс, калі яго аднойчы знайшлі, ніколі не застаецца назаўсёды, таму што жыццё ідзе, эканоміка развіваецца, з'яўляюцца новыя тэхналогіі, мяняецца кан'юнктура, якая ўплывае на кожнага ўдзельніка міжнароднага гандлю і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Так адбываецца і ў нашых адносінах у рамках Саюзнай дзяржавы», — адзначыў Сяргей Лаўроў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што, калі паўсталі пытанні ў асобных сектарах энергетычнага супрацоўніцтва, эксперты зрабілі нямала намаганняў і падрыхтавалі да красавіцкай сустрэчы прэзідэнтаў глебу, каб яны дасягнулі дамоўленасці, якая зняла ўсе шурпатасці. Таксама ён станоўча ацаніў работу беларускіх перагаворшчыкаў за настойлівасць і аргументаванасць у вырашэнні газавай спрэчкі і выказаў упэўненасць, што пытанні, якія патрабуюць дадатковай увагі і могуць узнікаць у будучыні, неабходна рэгуляваць такім жа саюзным, таварыскім спосабам.

Адносіны без рэўнасці

Як адзначыў Сяргей Лаўроў, Беларусь і Расія пачынаюць кансультацыі па пытанні ўзаемнага прызнання віз. У планах бакоў — падпісаць пагадненне аб адзінай візавай прасторы. Кіраўнік МЗС Расіі таксама адзначыў, што бакі выпрацоўваюць агульныя падыходы да міграцыйнай палітыкі.

«Што датычыцца працэсу збліжэння Беларусі і Еўрапейскага саюза, у нас няма ніякіх алергій, ніякіх адчуванняў рэўнасці», — адзначыў Сяргей Лаўроў. На яго думку, гэта натуральнае імкненне любой краіны, у тым ліку і Расіі, шукаць узаемавыгадныя сувязі з усімі сваімі суседзямі. З расійскага боку таксама не было якога-небудзь астуджэння да Еўрапейскага саюза. «Мы па-ранейшаму перакананыя, што Расія і ЕС, як і Беларусь і ЕС, іншыя нашы з вамі суседзі з Еўрасаюзам, павінны супрацоўнічаць транспарэнтна, раўнапраўна і адкрыта», — выказаўся Сяргей Лаўроў.

Давер і павага

Кіраўнік МЗС Расіі заявіў, што стварэнне расійскіх баз на тэрыторыі Беларусі без згоды яе кіраўніцтва немагчыма. «Мы прынялі да ведама рашэнне Прэзідэнта Беларусі, які абсалютна ў рамках сваіх паўнамоцтваў, сваёй кампетэнцыі яго прыняў, мы да яго ставімся з поўнай павагай», — адзначыў Сяргей Лаўроў. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што ваенныя вучэнні, якія рэгулярна праводзяцца на тэрыторыі Беларусі з удзелам узброеных кантынгентаў Расіі, з'яўляюцца вынікам узгодненых рашэнняў, прынятых кіраўнікамі дзяржаў на транспарэнтнай аснове ў поўнай адпаведнасці з абавязацельствамі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Кіраўнік МЗС Расіі таксама назваў поўным трызненнем заяву пра тое, што пасля вучэнняў «Захад-2017» расійскія войскі застануцца ў Беларусі.

Мінскія пагадненні па-ранейшаму актуальныя

«Я не чуў сур'ёзных размоў, што мінскія пагадненні сябе вычарпалі», — падкрэсліў Сяргей Лаўроў. Гаворачы аб магчымым падключэнні ЗША да ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, кіраўнік МЗС Расіі нагадаў, што яшчэ ў часы адміністрацыі Барака Абамы Расія адказвала згодай на прапановы аб удзеле ў гэтым працэсе амерыканскага боку. Але тады было палічана мэтазгодным супрацоўніцтва з амерыканцамі ў дадатак да нармандскага фармату, а не ўнутры гэтага механізма. У сувязі з гэтым быў створаны двухбаковы канал ЗША — Расія на ўзроўні прадстаўнікоў Дзярждэпартамента і Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі, аналагічныя двухбаковыя фарматы дзейнічалі ў ЗША з Берлінам, Парыжам і Кіевам. «Мы пацвердзілі гатоўнасць аднавіць гэты двухбаковы канал, калі адміністрацыя Дональда Трампа палічыць гэта мэтазгодным. Мы лічым, што гэта было б карысным. Але пакуль нейкіх канкрэтных водгукаў на гэтую нашу зацікаўленасць мы не атрымлівалі», — паведаміў Сяргей Лаўроў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Вырашым праблемы па-брацку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».