Вы тут

Нежынскі камбінат запрацуе ў азначаныя тэрміны


На Нежынскім горна-абагачальным камбінаце ў Любанскім раёне хутка пачнецца бурэнне ствалоў шахтаў па новай тэхналогіі без выкарыстання ўзрыўчаткі. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар кампаніі «Слаўкалій» Ганна Бунькова.


Будаўніцтва камбіната пачалося ў 2016 годзе. Ужо заканчваюцца інжынерныя работы па паляпшэнні рэльефу тэрыторыі — каля 214 гектараў. Гэта была забалочаная мясцовасць, дзе залежы торфу дасягалі шасці метраў. Таму давялося пракласці спецыяльную дрэнажную сістэму на глыбіні аднаго метра ад паверхні, што дазволіла знізіць узровень грунтовых водаў, а ўсе лішкі вывесці ў спецыяльна выкапаныя каналы. Усяго з пляцоўкі вывезена звыш 100 тыс. кубічных метраў торфу, які размеркаваны па гаспадарках раёна.

— На гэты момант ужо размешчаны буравыя ўстаноўкі, — паведаміла Ганна Бунькова. — Вось-вось пачнецца бурэнне замарожваючых свідравін. Па-сутнасці гэта — папярэдні этап перад бурэннем ствалоў будучых шахтаў. Пры ўзвядзенні комплексу будуць выкарыстаны найноўшыя тэхналогіі, што дазваляе быць глыбока ўпэўненымі: камбінат будзе запушчаны ў эксплуатацыю ў азначаныя тэрміны — да 2021 года.

Абсталяванне для будаўніцтва пастаўляе нямецкая кампанія Herrenknecht. Яно паспяхова апрабавана ў Канадзе. Вялікія інвестыцыі прадугледжаны для стварэння інфраструктуры. Так, з'явіцца чыгунка, якой у райцэнтры на сённяшні дзень няма, а таксама аўтадарога, будзе будавацца жыллё, пад якое ўжо вызначана месца ў самой Любані. Галургічны метад здабычы калійных угнаенняў мае на ўвазе выкарыстанне вялікай колькасці цеплавой энергіі. Таму для патрэб камбіната плануецца ўзвесці сваю цеплаэлектрацэнтраль.

— У далейшым, мяркую, кампанія будзе грунтоўна займацца і кадравым пытаннем, падрыхтоўкай спецыялістаў, — лічыць прадстаўнік «Слаўкалія».

Расійскі мільярдэр, генеральны дырэктар кампаніі «Слаўкалій» Міхаіл Гуцэрыеў атрымаў радовішча з запасамі каля 3 млрд тон калію. Інвестарам стаў Банк развіцця Кітая, які выдзеліў крэдытную лінію на 1,4 млрд долараў на 14 гадоў пад 4% гадавых.

Як адзначыў Міхаіл Гуцэрыеў, на 85% гэта кітайскія інвестыцыі і на 15% — кампаніі «Слаўкалій». «Ад агульнай сумы кантракта ў 2 млрд долараў мы павінны пакласці сваю частку — 300 млн долараў — плюс выплачваць працэнты», — падкрэсліў ён.

Усяго плануецца выпускаць да 2 млн тон калію ў год.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».