Вы тут

Беларускія лёгкаатлеты пакінулі суперлігу каманднага ЧЕ ў Францыі


Беларускія лёгкаатлеты занялі дзясятае месца і пакінулі суперлігу каманднага чэмпіянату Еўропы, які завяршыўся ў французскім Ліле.


Фота: bfla.eu

Турнір працягваўся тры дні, пераможца вызначаўся па суме набраных балаў кожнага атлета ў сарака відах праграмы. Найбольш высокія вынікі ў складзе беларускай каманды паказалі ў кіданні молата Ганна Малышчык, якая заняла першае месца (74 м 56 см), не было роўных у штурханні ядра Алёне Дубіцкай (18 м 39 см). На другую прыступку п'едэстала гонару падняліся Аліна Талай у бегу на 100 м з бар'ерамі (12,91 сек.), у кіданні дзіды Таццяна Халадовіч (64 м 60 см), у кіданні молата Павел Барэйша (77 м 52 см). Парадавала Ірына Жук у скачках з шастом. Гарадзенка ўстанавіла асабісты рэкорд (4 м 60 см) і заняла другое месца. Не змагла ўвайсці ў лік прызёраў у бегу на 800 м Марына Арзамасава, якая фінішавала толькі сёмай (2 мін. 04,86 сек). Іншыя прадстаўнікі беларускай каманды паказалі больш нізкія вынікі.

У выніку зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы набрала 188,5 бала і размясцілася на дзясятым радку выніковага пратаколу каманднага чэмпіянату Еўропы ў Ліле і разам з камандай Нідэрландаў (175 ачкоў) пакінула суперлігу. Пераможцамі спаборніцтваў сталі нямецкія лёгкаатлеты, у актыве якіх 321,5 бала. Сярэбранымі прызёрамі сталі спартсмены з Польшчы - 295 ачкоў. Замкнулі тройку прызёраў гаспадары каманднага чэмпіянату - 270 балаў.

У старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевятоўскага мінулы важны турнір пакінуў дваякае ўражанне. Паводле яго слоў, у нацыянальнай камандзе зараз адбываецца змена пакаленняў, гэта адбіваецца на выніках. "Занялі дзясятае месца і не змаглі захаваць прапіску ў суперлізе, аднак не хапіла ўсяго васьмі ачкоў, каб абыйсці Грэцыю (196,5 бала). Галоўная выснова з каманднага чэмпіянату Еўропы - у зборнай ёсць перспектыўная моладзь, ёсць і лідары, якія выступаюць стабільна і паказваюць добры вынік", - сказаў Вадзім Дзевятоўскі.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.