Вы тут

Як беларускі супергерой змагаецца за дзіцячыя сэрцы


Пігласы прыляцелі ў наш край. Іх могуць пабачыць і дарослыя, і самыя маленькія. І той, хто верыць у казкі, і той, хто даўно ўжо забыўся на іх. Сваім пільным вокам яны паглядаюць на нас са старонак прыгожай блакітнай кнігі, зыркаюць з вітрынаў кнігарняў, назіраюць за кожным нашым учынкам, седзячы на футболках і світшотах, на паштоўках і закладках. І калі вы яшчэ не пазнаёміліся з гэтай дзівоснай істотай, чакайце, хутка чароўныя бурбалкі даляцяць да вашага пакоя…


Надзея Бука падчас прэзентацыі кнігі.

Прайшло багата часу з таго моманту, калі дзіцячая кніга «Бася і Піглас» Надзі Букі выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», але гаворкі вакол яе не сціхаюць. СМІ запрашаюць пісьменніцу на інтэрв’ю, прэзентацыі кніжнай навінкі ладзяцца ў рамках розных праектаў, фестываляў, у бібліятэках, школах, кавярнях... Пра новага героя беларускай дзіцячай кнігі гавораць з зацікаўленасцю.

Такі масавы наступ Пігласаў не можа не радаваць. Бо беларуская дзіцячая літаратура, нягледзячы на стала высокі ўзровень, да гэтага часу не здолела стварыць сапраўды папулярнага героя. Творы дзіцячых пісьменнікаў застаюцца здабыткам для невялікага кола зацікаўленых. Новыя кнігі выдаюцца параўнальна невялікім тыражом, распаўсюджваюцца далёка не па ўсіх крамах. І цяжка ўявіць такую сітуацыю, каб перад урокамі школьнікі гутарылі пра Шашу з левага чаравіка, на іх заплечніках красавалася прыгожая Лахнэска, а па сшытках лётаў Піглас. Утопія, ружовы сон аматара беларускай літаратуры дый беларускага выхавання. У рэальнасці дзеці гутараць пра прыгоды лялекмонстраў, абмяркоўваючы, хто з кім сустракаецца і ў каго якія суперздольнасці. Заплечнікі і сшыткі аздабляюць дыснэеўскія персанажы ці папулярныя героі расійскіх мультфільмаў. Штогод сваё месца пад дзіцячым сонейкам знаходзяць персанажы камп’ютарных гульняў. Галоўнае, што аб’ядноўвае гэтых зорных герояў, — незацікаўленасць у духоўным складніку. На першым месцы — прыгожая абгортка, захапляльнасць аповеду.

Надзя Бука стварыла ўнікальнага персанажа. Не хлопчык ці дзяўчынка, не герой міфаў і паданняў, не знаёмая ўсім жывёлка, надзеленая чалавечымі характарыстыкамі... Піглас, вядома, нагадвае птушку, але чакайце — гэта вока з крыламі анёла. Ён бачыць усё і ўсіх, але, як той анёл, не ўсімі заўважны. Пігласа акаляе арэол чараўніцтва. Замест слоў у яго — бурбалкі, замест звычайнай ежы — драўляныя зашчапкі.

Ёсць у Пігласа, як і належыць супергерою, унікальныя здольнасці. Ён можа лётаць, быць нябачным, нечакана з’яўляцца і гэтаксама нечакана знікаць. Аднак у выпадку з Пігласам фізічныя суперздольнасці далёка не галоўныя, яны толькі дапамагаюць герою выяўляць сваю духоўную моц. Дзіўная істота прыносіць натхненне, дапамагае каханым і тым, хто робіць добрыя ўчынкі. Галоўнае — герой вучыць дзяцей, як гэта — быць сапраўдным чалавекам. Ён не чытае дзецям мараль, што яны так не любяць, а дапамагае самім дайсці да разумення катэгорыі дабра. Зрабіла Бася нядобры ўчынак — і птушка-анёл знікла. Дзяўчынка разам з чытачамі аналізуе свае паводзіны. Заўважце, Піглас усяго толькі знікае, бо яму не ўласцівыя жорсткія, агрэсіўныя паводзіны, якія сёння характарызуюць многіх дзіцячых герояў, — ён нікога не крыўдзіць, не прычыняе духоўнага ці фізічнага болю.

З іншым складнікам поспеху — рэкламай — усё не так проста. Аднак і ў гэтым кірунку новы твор спрабуе рабіць мо й маленькія, але ж упэўненыя крокі наперад. Зараз піяр дзіцячых выданняў выглядае так: інфармацыя пра іх распаўсюджваецца праз СМІ, рэклама навінак публікуецца ў выглядзе анатацый у іншых кнігах таго ж выдавецтва. Але ж наклады кніг далёкія ад масавых, а СМІ, якія б стала даносілі да аўдыторыі інфармацыю пра новыя дзіцячыя выданні Беларусі, зусім мала. Надзя Бука вырашыла самастойна ўзяцца за рэкламу свайго твора і героя. Аўтарка «Басі і Пігласа» з гэтай нязвыклай для пісьменніка функцыяй спраўляецца. Яна актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, дзе размяшчае вытрымкі з твора, ілюстрацыі, фотаздымкі з прэзентацый, спасылкі на артыкулы ў СМІ. Шмат пастоў аўтарка прысвячае Пігласу. Герой існуе самастойна, нават без казкі. А гэта падмурак для папулярнасці твора.

Вядома, да сацыяльных сетак можна ставіцца па-рознаму, аспрэчваць сур’ёзнасць лайкаў і каментарыяў, аднак нельга не пагадзіцца з тым, што віртуальная папулярнасць сёння лёгка можа перарасці ў папулярнасць рэальную. Як здарылася, да прыкладу, з Андрусём Горватам. Калі б не фэйсбучная актыўнасць аўтара, наўрад ці ягонае «Радзіва Прудок» атрымала б такі розгалас. Да тагож сацыяльныя сеткі — сродак камунікацыі паміж творцамі. Хто якую кнігу напісаў, хто над чым працуе, хто які спектакль паставіў, хто якое кіно зняў — пра ўсё творцы сёння даведваюцца, у першую чаргу, з пастоў сваіх фрэндаў. І гэта дапамагае не варыцца ў асяродку толькі свайго віду мастацтва. А выхад у іншыя творы мастацтва — важны крок для папулярызацыі літаратурнага героя. Піглас — герой не толькі казкі, але і мастацкіх работ Надзі Букі. Калі чароўная істота паселіцца ў мультфільмах, спектаклях, ахоп патэнцыйнай чытацкай аўдыторыі будзе сапраўды ўнушальны. Перспектыва, дарэчы, рэальная. Беларускі тэатр цікавіцца сучаснымі айчыннымі тэкстамі для дзетак. Так, у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек рэжысёрка Наталля Слашчова паставіла спектакль па творы Алены Мальчэўскай «Ша-ша з левага чаравіка». Улічваючы, што ў красавіку ў Мінску прайшло ажно шэсць паказаў гомельскай прэм’еры, ахвотных набыць кнігу пра Ша-шу пабольшае.

Калі актыўнасць пісьменніка ў сеціве — гэта, па сутнасці, рэклама для дарослай аўдыторыі, то перанос казачнага вобраза на глебу іншых відаў мастацтва, такіх, як тэатр, кіно, — гэта ўжо рэклама, накіраваная на маленькіх чытачоў. Ахапіць абедзве катэгорыі пісьменніку прасцей за ўсё падчас прэзентацый, якія суправаджаюць выхад кожнай новай кнігі. За два месяцы Надзя Бука правяла шаснаццаць прэзентацый. І тут важная не толькі лічба, але й інтэрактыўнасць, арыгінальнасць сустрэч (іх суправаджаюць майстар-класы, лекцыі, гульні). Гутаркі ладзіліся ў розных лакацыях (ад Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску да бібліятэкі сямейнага чытання ў Маладзечне), што таксама пашырае аўдыторыю.

Дадамо яшчэ адзін рэкламны ход, да якога не паленавалася звярнуцца аўтарка, — стварэнне і распаўсюджванне брэндынгавай прадукцыі. Піглас і Бася з’явіліся на налепках, закладках, паштоўках і нават на адзенні. Улічваючы, што аўтарка — яшчэ й мастачка, уяўляеце, якой прыгажосці атрымаліся рэчы?.. Вядома, галоўная праблема такой рэкламы — распаўсюджванне. Аднак прыемныя дробязі з Пігласам, мо й не масава, але ж прадаюцца на прэзентацыях, у некаторых крамах і працягваюць выконваць сваю рэкламную функцыю, суправаджаючы маленькіх і дарослых гаспадароў.

У маім ружовым сне па Мінску (дый што там — па ўсёй Беларусі!) гуляюць Пігласы, Ша-шы, Шубуршуны, авечкі Адэлі... І дзеці ведаюць сваіх герояў, вераць у іх. Чакайце, чаму ж сон? Не, гэта будучыня, да таго ж — блізкая.

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».