Вы тут

Харчовыя валокны замест слабіцельнага


Сярод людзей, якія рэгулярна прымаюць слабіцельныя, вельмі мала тых, хто сапраўды мае ў іх патрэбу. Некаторыя нават прымаюць іх у якасці прафілактыкі або з мэтай пахудзення.


Адным з самых старажытных слабіцельных з'яўляецца рыцына. У кішэчніку яна ператвараецца ў кіслату, якая стымулюе кішэчную актыўнасць і перашкаджае ўсмоктванню вады. Працяглае выкарыстанне рыцыны прыводзіць да пашкоджання клетак сценкі кішкі. Некаторыя слабіцельныя памяншаюць усмоктванне вады, іншыя павялічваюць колькасць вады ў кішэчніку (як, напрыклад, раствор магнезіі). Ёсць і такія, што не ўплываюць на функцыянаванне кішкі, напрыклад, метылцэлюлоза. Іх можна прымаць працяглы час.

Злоўжыванне слабіцельнымі пагражае вымываннем неабходных вітамінаў і іншых спажыўных рэчываў да таго, як яны паспеюць усмактацца, засцерагае ўрач-тэрапеўт 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў Марат КАЗАЕЎ. Слабіцельныя таксама прыводзяць да празмернага вывядзення вады, натрыю і калію, аслаблення мышцаў кішэчніка і парушэння яго функцыі. У выніку пасля спынення рэгулярнага прыёму прэпаратаў запор вяртаецца ў больш цяжкай форме. Можа ўзнікнуць сіндром лянівай кішкі, якая прывыкла, што работу выканаюць слабіцельныя. Акрамя таго, падобная практыка пагаршае ўсмоктванне нейкіх іншых лекаў, якія могуць прымацца.

Дыета з вялікай колькасцю раслінных валокнаў папярэджвае ўзнікненне запораў і зніжае рызыку развіцця такіх захворванняў, як гемарой, сіндром раздражнёнага кішэчніка. Валокны спрыяюць і зніжэнню ўзроўню халестэрыну крыві, а ў хворых на дыябет запавольваюць усмоктванне цукру, што зніжае патрэбу ў інсуліне.

Прадукты з высокай колькасцю валокнаў, грубая ежа, неачышчаныя злакі, фрукты, гародніна і бабовыя — гэтыя крыніцы раслінных валокнаў маюць перавагу ў параўнанні са штучнымі дабаўкамі. У адрозненне ад іншай ежы валокны не ператраўліваюцца ферментамі. Практычна ў нязменным выглядзе яны трапляюць у тоўсты кішэчнік, дзе некаторыя віды ўсё ж такі расшчапляюцца, а ўсё астатняе адпраўляецца на выхад. І выхад гэты атрымліваецца без праблем. Цікава, што падчас дыярэі валокны, наадварот, замацоўваюць працэс, паколькі ўсмоктваюць ваду.

Праўда, ёсць у валокнаў і недахопы. Яны часта правакуюць метэарызм. Калі ж у кішэчніку ёсць запаленне, то магчымы і дыярэя, і боль, і моцнае газаўтварэнне. Да таго ж, некаторыя крыніцы валокнаў, напрыклад, аўсянае вотруб'е і пшаніца могуць забіраць з арганізма мінералы — кальцый, жалеза, цынк. Гэтага не адбываецца, калі дыета збалансаваная і валокны ўжываюцца з дастатковай колькасцю малака.

• Атрымлівайце валокны з ежы. Дабаўкі таксама карысныя, але натуральнае ёсць натуральнае.

• Рабіце сваю дыету разнастайнай. Ужывайце злакавыя, гародніну, свежыя фрукты і бабовыя, арэхі, паветраную кукурузу, сухафрукты, цэльназерневыя крэкеры.

• Абмяжуйце тое, што прайшло працяглую апрацоўку. Цэльназерневыя прадукты змяшчаюць значна больш валокнаў, чым вырабленыя з ачышчанай мукі. Зніжае колькасць валокнаў і зняцце лупіны з фруктаў і гародніны.

• Павялічвайце колькасць валокнаў у ежы паступова. Гэта забяспечыць адаптацыю стрававальнай сістэмы, папярэдзіць метэарызм.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».