Вы тут

Якім спецыяльнасцям навучаюць раённыя цэнтры занятасці?


Працаўладкаванне па-ранейшаму застаецца адной з самых актуальных праблем сённяшняга дня. Для большасці з нас работа з'яўляецца асноўнай крыніцай сродкаў існавання. Таму страта рабочага месца нярэдка становіцца не проста пытаннем на парадку дня, але і сапраўднай сямейнай драмай. Пра гэта гаварыў з журналістамі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў перад прыёмам грамадзян у Бярозаўскім раёне. Тады ж у ліку раёнаў з напружанай сітуацыяй па беспрацоўі называўся і Кобрынскі.


Колькасць вакансій расце

Ды і ў іншых раёнах праблема прысутнічае. Крыху адрозніваюцца лічбы, астатнія аспекты падобныя. Варта сказаць, што і Дэкрэт №3 падштурхнуў актыўнасць грамадзян, якія не надта спяшаліся шукаць работу, а цяпер пайшлі ў службу занятасці.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама Ірына КУЗІЧ гаворыць, што з пачатку года ў аддзел занятасці звярнулася 1740 чалавек, 1089 з іх былі зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных. Пачынаючы з 1 студзеня 1064 грамадзянам было аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні. Зараз на ўліку значацца 434 беспрацоўныя, а ў банку вакансій — 329 прапаноў.

Ірына Вячаславаўна адзначыла станоўчую тэндэнцыю: колькасць вакансій расце. Так, за дзве дэкады чэрвеня іх дадалося паўсотні. Летні сезон, як правіла, характарызуецца ажыўленнем на рынку працы, з'яўляюцца прапановы сезонных работ. Рабочыя рукі патрэбныя. І той, хто хоча знайсці магчымасць зарабіць, можа гэта зрабіць — упэўненая намеснік начальніка ўпраўлення.

Але пры пошуку работы не ўсе саіскальнікі хочуць працаваць па-сапраўднаму — адзначаюць спецыялісты. Напрыклад, у Кобрынскім раёне ёсць прыватнае сельгаспрадпрыемства з італьянскім капіталам, якое не можа набраць сабе агароднікаў з мясцовых нават на летні сезон. Калі тутэйшыя беспрацоўныя пабываюць на плантацыі, азнаёмяцца з умовамі працы, з патрабаваннямі дысцыпліны, яны, як правіла, адмаўляюцца заключаць дагаворы. У выніку агародніну вырошчваюць прыезджыя работнікі. Кобрыншчына мяжуе з Украінай, а ўкраінскія беспрацоўныя хапаюцца за магчымасць зарабіць нават нялёгкай працай на зямлі.

Патрэбна матывацыя

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярозаўскага райвыканкама Маргарыта ТАЛКУН адзначыла сярод асаблівасцяў шэрагу беспрацоўных адсутнасць матывацыі да працы. Маргарыта Мікалаеўна прывяла прыклады адносін да працы наваспечаных дворнікаў. Аднаго з іх уладкавалі на работу з вялікімі цяжкасцямі. Начальнік упраўлення нават папрасіла кіраўніка структуры адправіць на заслужаны адпачынак 65-гадовага работніка, бо трэба было ўладкаваць маладога. Чалавек пайшоў на месца дворніка, якое вызвалілася, і, паводле водгукаў кіраўніцтва, добра працуе. Таму што яму патрэбна была работа, ён сваім месцам даражыць. А другі, амаль яго равеснік, калі яго ўладкавалі дворнікам, пабыў на новай пасадзе пару дзён, а потым сказаў: «Падмятаць кожны дзень і быць занятым восем гадзін на дню не ўваходзіла ў мае планы». Гэтак жа як і дзяўчына, якую ўладкавалі весці гурток самадзейнасці ў дзіцячай пазашкольнай установе. Маладая работніца з культпрасветадукацыяй заявіла, што ёй не падабаецца работа, дзе трэба спяваць, танцаваць і таму падобнае. Яна разлічвала на спакойны рэжым працы, дзе можна было б «пасядзець некалькі гадзін у кабінеце», таму звольнілася са сваёй пасады праз два тыдні. Яшчэ адзін малады чалавек з дыпломам юрыста сказаў, што ён не будзе разглядаць прапановы з аплатай менш за 800 рублёў. Такім грамадзянам вельмі цяжка дапамагчы. Хоць для пачатку працоўнай кар'еры асабліва маладым людзям не варта было б пазбягаць любой работы — лічыць Маргарыта Мікалаеўна.

Пытанне аплаты

На выязной сесіі Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў па пытаннях занятасці была закранута праблема пошуку кадраў для швейных прадпрыемстваў. Пасля некаторага зацішша швейнікі актывізаваліся. Зараз вострую патрэбу ў рабочых руках швачак маюць пяць прадпрыемстваў Кобрыншчыны. Шыць адзенне з джынсавых тканін пачала фірма, заснавальнікам якой з'яўляецца турэцкае прадпрыемства. Ёсць у Кобрыне філіял «Мілавіцы», адкрытыя іншыя швейныя вытворчасці. Але яны сёння не гатовыя плаціць работніцам больш чым 300—350 рублёў у месяц. У тым і праблема. А яшчэ колькі гадоў таму швачкі атрымлівалі вельмі прыстойную зарплату, выседзець восем гадзін за канвеерам, напружваючы зрок і рукі, не лёгка. У выніку нават адну групу для навучання швейнай прафесіі кобрынская служба занятасці сабраць не змагла. Значыць, тут трэба мяняць некаторыя падыходы работадаўцам.

Навучанне і перападрыхтоўка

Як станоўчы, на кобрынскім дэпутацкім форуме адзначаны факт набору на навучанне групы мужчын. Пасля адпаведных курсаў яны будуць уладкаваныя рабочымі па абслугоўванні школьных будынкаў. І хоць зарплату там абяцаюць не вельмі высокую, недзе каля 300 рублёў, ахвотныя працаваць у школах знайшліся.

— Зараз набіраецца група для падрыхтоўкі машыністаў-качагараў кацельных, — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама Генадзь ЯХНАВЕЦ. — Яны будуць навучацца на базе нашага сельскагаспадарчага ліцэя. Пачатак заняткаў прызначаны на жнівень — з тым, каб да ацяпляльнага сезона людзі прыступілі да сваіх абавязкаў. Усе качагары будуць вучыцца пад гарантыю працаўладкавання за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны. Слухачы курсаў атрымаюць стыпендыю, кампенсацыю за праезд да месца вучобы і, галоўнае, магчымасць атрымаць рабочае месца. Таму ахвотныя на гэтую групу набіраюцца.

Сёлета некалькі чалавек з ліку тых, хто звярнуўся ў Столінскі цэнтр занятасці, накіроўвалі на вучобу ў Брэст. Малады чалавек, які атрымаў спецыяльнасць тынкоўшчыка-абліцоўшчыка-плітачніка, ужо вярнуўся дадому і ўладкаваўся на работу.

Дарэчы, на 1 чэрвеня ў Столінскім раёне было зарэгістравана ў якасці беспрацоўных 93 чалавекі. Вакансій у раёне на гэтую дату значна больш. Але ў асноўным патрабуюцца спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Бальніца гатовая прыняць дактароў, сельгаспрадпрыемствы — ветэрынараў, лясная гаспадарка — леснікоў. А вось з рабочымі вакансіямі сітуацыя складаная. Але хто вельмі хоча знайсці работу, таму ўдаецца — перакананыя ў раённых службах занятасці.

* * *

Мае знаёмыя муж і жонка, вясковыя настаўнікі з Пінскага раёна, перажылі закрыццё ўласнай школы, дзе адпрацавалі з часоў універсітэцкага размеркавання. Цяпер жонка ездзіць на працу ў райцэнтр больш за 20 кіламетраў, муж — у іншую вёску яшчэ далей. Пры тым, што яму пасля складанай аперацыі цяжка хадзіць і абое дабіраюцца рэйсавымі аўтобусамі, на жыццё асабліва не скардзяцца. «Пенсійны ўзрост паднялі, ездзіць давядзецца яшчэ доўга, але ж трэба недзе працаваць», — разважаюць Аляксандр і Таццяна... Я пра тое, што калі чалавек хоча мець работу, ён такую магчымасць знаходзіць.

У службах занятасці ў адзін голас адзначаюць, што найцяжэй працаваць са спецыфічным кантынгентам, які складаюць хранічна непрацуючыя, выхадцы з ЛПП і месцаў пазбаўлення волі. Іх уладкоўваюць, яны пачынаюць парушаць дысцыпліну, іх звальняюць, і яны зноў ходзяць па крузе. Калі чалавек не мае матывацыі, уладкоўваць яго — марны занятак. Працаваць трэба хацець.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Работа знаходзіць таго, хто яе шукае

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.