Вы тут

У Віцебскім аблвыканкаме адбылася прамая лінія з Аляксандрам Папковым


У Віцебскім аблвыканкаме адбылася прамая лінія з Аляксандрам Папковым, старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. На працягу дзвюх гадзін да яго звярнулася каля 10 чалавек.


Заяўніца з Багушэўска, гарадскога пасёлка ў Сенненскім раёне, агучыла праблему чэргаў да хірурга ў паліклініцы. Ён прымае не штодня, а пару разоў на тыдзень. У выніку мясцовым жыхарам прыходзіцца ездзіць да вузкага спецыяліста ў райцэнтр. А бывае, і ў Віцебск. Жанчына расказала і пра іншыя непрыемныя нюансы, якія датычацца медыцынскага абслугоўвання. Аляксандр Папкоў адразу па тэлефоне перадаў сутнасць скаргі кіраўніку абласной сістэмы аховы здароўя. І пачуў абяцанне абавязкова прыняць аптымальнае рашэнне, каб жыхары глыбінкі засталіся задаволеныя.

Жыхарка Віцебска паскардзілася, што ў кватэры шматпавярховага дома некамфортна з-за непрацуючай вентыляцыі. Лічыць, што вінаватыя ў гэтым суседзі зверху... Прадстаўнікі мясцовай ўлады ў курсе пытання. Раней спецыялісты па даручэнні мэра даследавалі жыллё, але не знайшлі ніякіх адхіленняў... Сенатар звярнуўся да старшыні Віцебскага гарвыканкама і папрасіў праявіць максімальную чуласць у дадзенай сітуацыі.

Спадзявалася на падтрымку ў некалькіх пытаннях і жыхарка Оршы. Менавіта пра такіх людзей гавораць, што яны не раўнадушныя да ўсяго, што адбываецца побач. У прыватнасці, жанчына канстатавала, што ў сантэхнікаў маленькая зарплата — каля 320 рублёў у месяц. Пацікавілася і тым, ці збіраюцца рамантаваць будынак, які толькі на палову выкарыстоўваецца як інтэрнат, а на другой палове ў вокнах няма шыбаў, памяшканні не ацяпляюцца... Яшчэ ініцыятыўная жанчына турбуецца за лёс былога кіраўніка і дырыжора аркестра рускіх народных інструментаў, які больш не працуе. Пры гэтым калектыў — лаўрэат шматлікіх конкурсаў, фестываляў. Выступленні выклікалі фурор і высока ацэньваліся прафесійнымі музыкантамі, музыказнаўцамі. Даручана высветліць сітуацыю.

Некалькі чалавек папрасілі дапамагчы ўладкавацца на працу. У прыватнасці, сваю гісторыю расказала былы начальнік паштовага аддзялення ў Дубровенскім раёне. Па сямейных абставінах жанчына пераехала ў абласны цэнтр, але тут яе нікуды не бяруць. У яе сярэдняя спецыяльная адукацыя, дыплом бухгалтара, але без адпаведнага стажу... Аляксандр Папкоў папрасіў кіраўніка Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама пастарацца дапамагчы ў вырашэнні праблемы. Як і былому сантэхніку з Віцебска, і медсястры з Сенненскага раёна. Дарэчы, апошнія не ўтойвалі, што самі вінаватыя ў тым, што страцілі працу. Але падкрэслілі, што зрабілі правільныя вывады. А як вядома, у чалавека заўсёды ёсць шанц на падтрымку, калі ён насамрэч усвядоміў, што не меў рацыі...

Пасля прамой лініі Аляксандр Папкоў падзяліўся ўражаннямі:

— Калі людзі звяртаюцца па пытаннях, якія іх хвалююць, значыць, вераць уладзе! І гэта вельмі добра.

На яго погляд, на Віцебшчыне службы, супрацоўнікі інстанцый, якія адказваюць за работу са зваротамі грамадзян, працуюць празрыста і зразумела. Умеюць кантактаваць з людзьмі і знаходзіць рашэнні пытанняў. Калі ж незадаволеныя зноў тэлефануюць ці пішуць, прыходзяць на прыёмы, трэба пастарацца нейкім чынам паўплываць на прыняцце адпаведных рашэнняў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Звяртаюцца — значыць давяраюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».