Вы тут

Дзе летам патрэбны працоўныя рукі?


Дзяржаўныя службы занятасці адзначаюць: летам сітуацыя з працаўладкаваннем традыцыйна паляпшаецца. У прыватнасці, з-за росту вакансій на часовых і сезонных работах. «Звязда» даведалася, дзе патрэбны кадры на цёплы перыяд.


За апошні месяц у Агульнарэспубліканскім банку вакансій з'явілася каля паўтысячы прапаноў сезонных работ. Больш за ўсё месцаў для прадаўцоў — 59. У Мазыры шукаюць пяць прадаўцоў квасу, у Магілёве і Старых Дарогах патрэбны людзі для гандлю агароднінай і садавіной на рынках. Неабходны прадаўцы ў летнія кавярні ў Рагачове і Калодзішчах. Заробкі — ад 265 да 600 рублёў, у залежнасці ад выручкі.

Патрэбу ў кадрах на лета мае сельская гаспадарка. Калгасы гатовы прыняць на працу 33 жывёлаводы. Заработная плата — у сярэднім 400 рублёў. Кандыдатам пажадана мець чацвёрты-пяты тарыфны разрад. Адкрыта 26 вакансій для агароднікаў. Ёсць прапановы з жыллём — на сельгаспрадпрыемстве ў вёсцы Залессе Кобрынскага раёна. На перыяд уборкі збожжавых шукаюць трактарыстаў (42 прапановы). У некаторых гаспадарках абяцаюць у месяц ад тысячы рублёў.

Нарыхтоўшчыкаў прадуктаў і сыравіны запрашаюць на працу райспажыўтаварыствы. Заробкі, праўда, невысокія — у памеры «мінімалкі». Ёсць работа для страхароў. З патрабаванняў — прафесійна-тэхнічная адукацыя і адсутнасць шкодных звычак.

У сталіцы патрэбны чатыры касіры атракцыёнаў. Веданне касавых апаратаў і вопыт работы — абавязковы. Праца па зменным графіку. У месяц абяцаюць 425 рублёў.

Ёсць і вакансіі, дзе не патрабуецца спецыяльнай адукацыі. Так, адкрыта 40 месцаў для падсобных рабочых. Сярод абавязкаў — працаваць на збожжатоку, абслугоўваць меліярацыйную сетку. У Маладзечне, Барысаве і Полацку набіраюць рабочых зялёнага будаўніцтва — у асноўным для пакосу травы. Мужчыны без адукацыі могуць таксама ўладкавацца дарожнымі рабочымі, такіх вакансій па краіне 19.

Традыцыйна набіраюць персанал дзіцячыя лагеры і санаторыі. Напрыклад, у санаторый «Жамчужына» (Лепельскі раён) на «мінімалку» шукаюць афіцыянта на перыяд работы па жнівень уключна. У аздараўленчыя лагеры «Лясная казка» (Вілейскі раён) і «Салют» (Кобрынскі раён) патрэбны мыйшчыкі посуду. Вакансія грузчыка адкрыта ў летніку «Купалінка» (Радашковічы), пакаёўкі — на турбазе «Лясное возера» (за 35 кіламетраў ад Баранавіч). А ў санаторыі «Шыннік» да канца верасня неабходны два матросы-ратавальнікі.

Важна

Калі беспрацоўны ўладкоўваецца на сезонную работу, ён аўтаматычна здымаецца з уліку і губляе права атрымліваць дапамогу па беспрацоўі. Зарэгістравацца зноў можна будзе, як толькі скончыцца дагавор з наймальнікам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Трактарысты, матросы, дарожнікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».