Вы тут

​Якія ноу-хау арганізатары рыхтуюць для святкавання Дня Незалежнасці?


Галоўнае свята нашай краіны, якое яшчэ з'яўляецца і Днём Рэспублікі, адзначаецца сёлета дваццаты раз. Каб зрабіць яго больш урачыстым і запамінальным, рыхтавацца пачалі загадзя. Прычым не толькі ў сталіцы. А каб здзівіць і без таго разбэшчаных шматлікімі ўрачыстасцямі мінчан і гасцей горада, арганізатары ўнеслі ў святочную праграму нямала ноу-хау. Не абыдзецца і без традыцый.


Вось ужо каторы год запар адным з галоўных мерапрыемстваў святкавання стане ваенны парад. Раніцай 3 ліпеня каля абеліска «Мінск — горад-герой» урачыстым маршам пройдзе каля чатырох тысяч чалавек — ваеннаслужачыя, курсанты, сувораўцы, прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

— Усяго ў парадзе прымуць удзел прадстаўнікі 30 злучэнняў і вайсковых часцей, пяці ўстаноў адукацыі: разам з тымі, хто забяспечвае яго правядзенне, гэта каля 6 тысяч ваеннаслужачых, — адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір МАКАРАЎ. — Упершыню будуць прадстаўлены ўсе механізаваныя брыгады сухапутных войскаў, а таксама ўсе брыгады сіл спецыяльных аперацый. Ніколі дагэтуль не ўдзельнічалі ў парадзе і войскі тэрытарыяльнай абароны.

Акрамя таго, гледачы парада, апошняя генеральная рэпетыцыя якога пройдзе, дарэчы, сёння ўвечары, змогуць убачыць больш як 500 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. Баявыя машыны, сярод якіх і найноўшыя распрацоўкі айчыннага ВПК, у механізаванай калоне зменяць дасягненні народнай гаспадаркі. Нагадаем, па завяршэнні афіцыйнай часткі ўрачыстасці частка тэхнікі застанецца на праспекце: упершыню за гісторыю правядзення ў нашай краіне парадаў усе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з тэхнікай бліжэй.

Толькі перш у небе над сталіцай з'явяцца асноўныя тыпы крылатых машын Ваенна-паветраных сіл і Войскаў проціпаветранай абароны Беларусі. Упершыню ў складзе паветранага эшалона будзе прадстаўлена авіяцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і ДТСААФ. Акрамя таго, ад Ваенна-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі ў парадзе прымуць удзел верталёты Ка-52, самалёты Су-34 і Су-27.

Але ж якое свята без песні! Шэраг святочных мерапрыемстваў распачне ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтва нашай краіны «Каб любіць Беларусь», які адбудзецца ўжо 1 ліпеня ў Палацы Рэспублікі. Ужо другі год запар 2 ліпеня ў краіне пройдзе агульнарэспубліканская акцыя «Дзень вышыванкі». Распачне дзейства, якое адбудзецца на пляцоўцы каля Палаца спорту, арт-парад у вышыванках. Мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай сімволікі нашай дзяржавы, культуры, мастацтва ў цэлым, працягнуцца ажно да самага вечара і завершацца маладзёжнай дыскатэкай «Вышыванка.by».

Шмат спеваў, танцаў, прычым амаль на ўсіх пляцоўках сталіцы, чакае мінчан і гасцей горада 3 ліпеня. Увечары каля абеліска «Мінск — горад-герой» адбудзецца гала-канцэрт «Беларусь маладая мая», які стане своеасаблівай прэзентацыяй дасягненняў беларускай моладзі ў самых розных сферах. Да кульмінацыі канцэрта — традыцыйнай акцыі «Праспяваем гімн разам» — можна будзе далучыцца за пяць хвілін да адзінаццатай вечара.

Пасля салюта, які, як заўсёды, пачнецца за гадзіну да поўначы ў шасці пунктах горада, Міністэрствам культуры разам з Другім нацыянальным каналам і Мінгарвыканкамам падрыхтаваны сюрпрыз для моладзі — святочны канцэрт-дыскатэка з удзелам такіх беларускіх гуртоў, як NavіBand, «Лепрыконсы» і «Дразды».

— Адной з адметных рыс усіх святочных мерапрыемстваў з'яўляецца абапіранне на беларускі музычны матэрыял, — расказала першы намеснік міністра культуры Ірына ДРЫГА. — Ключавыя канцэрты ў нас заўжды праходзяць на беларускай мове, але сёлета часцей будуць гучаць творы айчынных паэтаў: прычым не толькі класікаў, якія добра ўсім нам вядомыя, а і нашых сучасных аўтараў. Свята будзе беларускім не толькі па назве, а і па духу — сапраўды нашым, дзяржаўным.

Набыць сувеніры, а таксама патрэбныя ў гаспадарцы рэчы можна будзе на выстаўцы-кірмашы майстроў народнай творчасці, якая разгорнецца каля Палаца спорту. Вядома ж, адпаведным чынам будзе арганізаваны гандаль, работа летніх кафэ.

А каб свята прайшло спакойна, ужо 2 ліпеня асабісты склад органаў унутраных спраў будзе пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

— Кругласутачна будуць працаваць аперацыйна-секцыйныя штабы, у якія будзе сцякацца інфармацыя з усіх месцаў святочных гулянняў, — паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку ГУАПП МУС Беларусі Дзмітрый КУР'ЯН. — 3 ліпеня на святкаванні ў Мінску можна будзе трапіць праз 130 кантрольна-прапускных пунктаў. — Прадугледжана выстаўленне максімальна магчымай колькасці прапускных пунктаў, як толькі гэта дазваляе тэрыторыя. Усё робіцца для зручнасці грамадзян, каб яны маглі хутка і камфортна трапіць на свята. Для ветэранаў, цяжарных жанчын і грамадзян з дзецьмі будуць арганізаваны асобныя пункты пропуску. Даведацца пра іх можна будзе ў работнікаў міліцыі. Каля КПП будуць усталяваны камеры захоўвання, у якіх можна будзе пакінуць грувасткія рэчы.

Правядзенне парада ў Мінску неадрыўна звязана з перакрыццём сталічных магістраляў. ДАІ просіць гэта ўлічваць пры паездках на Дзень Незалежнасці.

— Уся інфармацыя аб гэтым будзе змешчана на нашым сайце gaіmіnsk.by, — зазначыў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела ДПС УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Карніевіч. — Тым жа, хто захоча паглядзець на парад, мы раім прыязджаць на грамадскім транспарце. Бо на асабістых аўтамабілях у цэнтр горада трапіць будзе праблематычна, а непасрэдна ў раён праходжання тэхнікі — немагчыма.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Сэлфі на танку і спевы па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.