Вы тут

Як у Зялёнцы бацькоў і дзяцей прывучаюць да здаровага ладу жыцця


Пару гадоў таму Зялёнка была звычайным аграгарадком. Насельніцтва меншала, а тым маладым сем'ям, якія заставаліся жыць на вёсцы, не было дзе адпачыць. Сельская ўлада разумела: трэба нешта рабіць. І выйграла для вяскоўцаў вулічныя трэнажоры — па праграме Беларускага Чырвонага Крыжа па здаровым ладзе жыцця. Цяпер на выхадных, пакуль дзеці катаюцца з горкі і пякуць пясочныя кулічы, бацькі качаюць прэс і круцяць педалі.


Стар­шы­ня сель­вы­кан­ка­ма Ала ЛА­ПА­НО­ВІЧ да­па­ма­гае Лю­бо­ві Мі­хай­лаў­не пра­ца­ваць на трэ­на­жо­ры.

— Многім сельсаветам прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсе. Усе паадмаўляліся. А мы ўчапіліся за гэту ідэю, — усміхаецца старшыня Зялёнкаўскага сельвыканкама Ала ЛАПАНОВІЧ, пакуль ідзём да пляцоўкі. — Думалі: чаго аграгарадку не хапае? І прыйшлі да высновы, што дарослым і дзецям няма дзе праводзіць вольны час разам. Савецкая пляцоўка ўжо прыйшла ў непрыгоднасць, а на новую сродкаў няма. Вось і падалі заяўку.

Ала Пятроўна ўспамінае, што па праграме Чырвонага Крыжа прапаноўвалі на выбар і іншыя праекты рэалізаваць, напрыклад па барацьбе з п'янствам. Але хіба яго пераможаш, уздыхае жанчына. Калі чалавек сам не хоча кінуць піць, ніхто яго не пераканае.

Месца для пляцоўкі выбралі ў школьным двары. «У школе вартаўнікі ўвесь час ёсць. А раптам вандалізм, ведаеце», — тлумачыць Ала Пятроўна.

Дзіцячую пляцоўку адкрылі ў жніўні мінулага года, дарослую — у кастрычніку. Каб выйграць фінансаванне, кажуць, трэба было пастарацца. Даказаць, што аграгарадку гэта сапраўды патрэбна і будзе працаваць.

— У Зялёнцы зарэгістравана 442 чалавекі. Мы ў прынцыпе не стары аграгарадок. У школу і дзіцячы садок сто чалавек ходзіць, — апісвае сітуацыю старшыня сельвыканкама.

Сёння з надвор'ем пашанцавала. Перадавалі, што пойдуць дажджы, а ўвесь дзень пячэ сонца. У спартыўнай зале пад адкрытым небам — такой нават гараджане пазайздросцяць — сабралася дзятва і мамы ў дэкрэце. Астатнія дарослыя пакуль на працы. Затое па выхадных тут усё кіпіць.

— Ала Пятроўна, пакажыце клас! — «бяруць на слабо» вяскоўцы.

Ала Пятроўна не тушуецца. Нездарма працуе на вуліцы Маладзёжнай — бойка ўскоквае на эліпсоід. А як — трэба ж падаваць прыклад!

— Мы ж спачатку не ведалі, як гэтымі трэнажорамі карыстацца. Прыехаў хлопец, паказаў, растлумачыў, дзе якая група мышцаў задзейнічана, — расказвае старшыня.

На пляцоўку яна і ўнучку Леру водзіць — тая якраз прыехала з Полацка да бабулі на канікулы. Учора, прызнаецца Ала Пятроўна, яны толькі ў адзінаццаць вечара дадому прыйшлі, у бадмінтон гулялі.

З унучкай на трэнажорах сёння і пенсіянерка Любоў Міхайлаўна Кудзеля. У мінулым гэта энергічная жанчына — старшыня сельскага Савета, а цяпер — актыўны член ініцыятыўнай групы «Здаровая Зялёнка». Сама прэс качае і іншым спуску не дае.

— Ты ў сваю абедзенную гадзіну не пончыкі еш, а сюды прыбягай, — настаўляе кагосьці з дзяўчат Любоў Міхайлаўна.

Непадалёк мацуе біцэпс малады дырэктар Дома культуры Аляксей Зуеў. Такой спартпляцоўкі, прызнаецца 28-гадовы вясковец, даўно не хапала. «Сам па сабе ведаю: калі няма месца, куды можаш прыходзіць займацца, ты і лад жыцця вядзеш пасіўны», — кажа хлопец.

Чырвоны Крыж закупіў таксама гімнастычныя палкі, дыванкі для аэробікі ў Дом культуры. Велатрэнажор паставіў. Так што ёсць дзе займацца ў асенне-зімні перыяд. Павесілі ў зале і наглядную агітацыю, у прыватнасці плакаты па здаровым харчаванні.

— Я прывучыў сябе, што перад сняданкам, абедам і вячэрай трэба выпіваць шклянку вады. Гэта робіць арганізм больш устойлівым да інфекцый, паляпшае страваванне і не дае пераесці, — дзеліцца Аляксей. — Хацелася б, каб больш людзей далучалася да актыўнага ладу жыцця. Каб успаміналі, што пра здароўе трэба клапаціцца не толькі тады, калі захварэюць, а праводзілі прафілактыку.

Зімой удзельнікі клуба «Здаровая Зялёнка» раз на тыдзень наведвалі басейн. Ездзілі на аквааэробіку ў Расоны, за 30 кіламетраў. Два разы на тыдзень праводзіліся заняткі па танцах. У аграгарадку рэгулярна праходзяць Дні здароўя, на якія збіраецца каля сотні чалавек. І вынікі такой актыўнасці ўжо ёсць.

— У нас адкрыты ўрок фізкультуры быў. Нашы хлопцы і дзяўчаты паказалі, што ўмеюць рабіць, дык не ўсе фізрукі так могуць. А на Дні здароўя ў Полацку каманда аграгарадка заняла першае месца, — хваліцца Ала Пятроўна.

Галоўнае ж дасягненне, што вясковыя сем'і адпачываюць нарэшце не толькі на канапе перад тэлевізарам. І падлеткі добры прыклад пераймаюць. «Раней нашы дзеці на аўтобусным прыпынку ўвечары сядзелі, — прызнаюцца ў Зялёнцы. — А цяпер на пляцоўцы збіраюцца. Праводзяць час у здаровай абстаноўцы».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Полацкі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вулічныя трэнажоры замест тэлевізара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».