Вы тут

Дзве цукеркі


У Рымачкі дзень нараджэння. Ёй — 31. Дзяўчына падводзіць вынікі: «Чалавекам года стаў мой муж. Яго падтрымку я адчуваю кожны дзень. І мой сын, бо ніхто, акрамя яго, не прымусіць мяне ўзяцца за ўласнае выхаванне».


Днямі атрымала паведамленне ад калегі: «Ну, як табе сямейнае жыццё? Можа, я старамодны, але па мне, сям'я — гэта найлепшае месца на зямлі». — «Пагаджуся, — адказваю. — Галоўнае сустрэць свайго чалавека!» — «Вось і я пра тое. Пастаянна паўтараю сваёй дачцэ, што ні ў якім разе нельга спяшацца! Закахалася яна па вушы. А мы цвяроза бачым, што ён тыповы альфонс і эгаіст. Збоку вельмі добра відаць. Дзяўчаты гэта разумеюць, але часам вельмі позна. Часта — пасля нараджэння дзіцяці, якое становіцца галоўным пацярпелым. Але нам, можна сказаць, пашанцавала: бойфрэнд дачкі сам падставіўся вельмі крута. На словах «кахаю цябебольшзажыццёжыцьбезцябенемагу», а як яна трапіла ў аварыю (разбіла сваю машыну, чужую, сама, дзякуй богу, цэлая засталася), ён быў занадта заняты, каб прыехаць. Вядома, слёз было нямала. Дачка чакала, што мы прыедзем дадому, а ён каля пад'езда стаіць».

У цяжкія моманты ўсім патрэбная падтрымка. Але, на жаль, не ўсе гатовыя раздзяліць боль блізкіх.

Святлана Іванаўна з мужам пражыла больш як 20 гадоў. Многія ёй зайздросцілі, бо яе Саша не курыць, не п'е, няблага зарабляе. Але здарылася няшчасце, жанчына захварэла. Перажыла некалькі аперацый, ёй выдалілі грудзі. А бяда, як часта здараецца, адна не ходзіць. Дачка нарадзіла дзіця раней за тэрмін. Унучка з'явілася на свет слабенькай, у яе былі праблемы з ручкай — пальчыкі былі зрослыя. Дзед, як убачыў малечу, адразу выпаліў: «Трэба ад яе адмовіцца!» Дачка ў слёзы. А я яму: «Здурнеў, ці як? Што ты такое кажаш?» Муж на мяне накінуўся: «Маўчы, недарэзаная. Скажы дзякуй, што яшчэ жыву з табой». Месяц мы не размаўлялі, а потым ён сабраў рэчы і з'ехаў да іншай жанчыны. Вось так і адбіўся мужык ад дома, не вытрымаў нашых хвароб».

Нядаўна знаёмая ў сваім блогу падзялілася кранальным дзённікавым запісам невядомага мужчыны. «Ехаў я ў маршрутцы. На сядзенні побач дзіця, гадоў шасці, тузала маці за руку. Жанчына ж глядзела ў акно і не рэагавала. І тут раптам яна як развернецца і як прашыпіць: «Што ты ад мяне хочаш?! Ды ты наогул ведаеш, хто ты такі?! Ты ніхто! Зразумеў? Бачыць цябе не магу!» Хлопчык прыціх. Жанчына ж адкінула яго руку і зноў развярнулася да акна. А ў мяне было жаданне ўстаць і пры ўсіх разарваць яе на часткі. Сказаць ёй: «Гэта ты ніхто! Ты ж забіла яго!» Але мае думкі перапыніла цукерка... Дакладней, дзве. Юнак, такі светлы, курчавы, працягнуў іх хлопчыку. Той узяў, але есці не стаў. Ён дакрануўся да мамінай рукі. Жанчына павярнулася і, відаць, хацела «дабіць» дзіця. Але хлопчык паклаў ёй цукерку ў далонь. Ніколі не забудуся гэтую паўзу. І гэту даросласць. Перада мной за некалькі хвілін хлопчык стаў мужчынам, а яго маці са злой і раздражнёнай — прыгожай маладой жанчынай. Яна доўга маўчала. Потым абняла сына. І ён яе абняў. Затым хлопчык разгарнуў цукерку і даў маці. І пакуль яна не паклала яе ў рот, не еў сам. Я тады падумаў пра сябе: «Вось ты, такі праведнік, хацеў устаць, абвінаваціць, «разарваць» яе. І нічога не дабіўся б, акрамя скандалу. А гэты хлопчык, наколькі ж ён мудры, узяў іншым. ...А яшчэ гэты юнак з цукеркамі, ён жа не проста так даў дзве.

Я назаўсёды запомніў той урок. Але толькі праз гады зразумеў, што гэта і ёсць сапраўднае выхаванне. Пра якое не ўсе дарослыя ведаюць. Што толькі прыкладам і выхоўваюць. Не крыкам, не абвінавачваннямі, не біццём, не. Толькі прыклад працуе, больш нічога. І хлопчык гэты паказаў прыклад. І ёй, і мне. Дзе ён, гэты хлопчык? Дзе ты, хлопчык?! Як ты нам патрэбны ўсім, а?! Мы без цябе прападзём».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.