Вы тут

Мэр Магілёва — пра тое, як мяняецца знешні выгляд горада


Тэма архітэктурна-планіровачнага развіцця Магілёва летась часта станавілася прадметам для размоў, у тым ліку і на ўзроўні Прэзідэнта. Не дзіўна, што яна знаходзіцца на пастаянным кантролі ў мэра Магілёва Уладзіміра Цумарава. Апошнім часам горад прыкметна папрыгажэў. Дастаткова згадаць сучасныя будынкі маладзёжнага мікрараёна «Спадарожнік», абноўлены мост цераз Днепр са зручнай транспартнай развязкай, добраўпарадкаванне парку ў Падміколлі. Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў расказаў нашай газеце, што робіцца для таго, каб горад стаў яшчэ больш зручным для жыхароў і больш прывабным для турыстаў.


— Уладзімір Міхайлавіч, сёлета кіраўніком дзяржавы была зацверджана новая рэдакцыя Генплана развіцця горада да 2025 года. Што робіцца для рэалізацыі гэтай праграмы?

— У найбліжэйшыя гады прыярытэт захаваецца за добраўпарадкаваннем цэнтральнай часткі Магілёва, мікрараёнаў Казіміраўка, Спадарожнік, Сонечны і іншых. Шмат увагі ўдзяляецца рэканструкцыі Мінскай шашы — галоўнай дарожнай магістралі нашага горада. Распрацавана праектная дакументацыя па капрамонце з мадэрнізацыяй участка гэтай дарогі ад вуліцы Б. Бірулі да вёскі Прысна з узвядзеннем аркі, так званай уязной брамы ў горад. Распачата работа па дэкаратыўна-мастацкім афармленні фасадаў жылых дамоў у Казіміраўцы і Спадарожніку. Некалькі будынкаў, напрыклад, ужо аформлены ў традыцыйным беларускім стылі з нанясеннем арнаменту. У хуткім часе «загаворыць» фасад аднаго з магілёўскіх універсітэтаў — МДУ імя А. Куляшова, дзе таксама на тарцовым баку з'явіцца малюнак. Вядзецца распрацоўка пашпарта аздаблення фасада прадпрыемства «Абутак» па вуліцы Якубоўскага, якая з'яўляецца працягам Мінскай шашы. А на будынку дыягнастычнага цэнтра, які размешчаны на цэнтральнай вуліцы горада Першамайскай, праектнай дакументацыяй прадугледжаны панарамныя ліфты.

— Магілёў расце і яго знешняму выгляду ўжо не імпануюць тыя дамы сядзібнага тыпу, якія размешчаны ўздоўж магістральных вуліц. Перамен чакае і галоўная плошча горада — Славы. Што робіцца ў гэтым кірунку?

— У адпаведнасці з рашэннямі Генеральнага плана горада гэтыя дамы плануецца зносіць, а зямельныя ўчасткі аддаваць пад шматпавярховую жылую забудову. Гаспадары гэтых дамоў атрымаюць магчымасць перасяліцца ў больш камфортнае гарадское жыллё. А што датычыцца плошчы Славы, то ўжо распрацавана праектная дакументацыя па яе абнаўленні. Не застаюцца без увагі падземныя пешаходныя пераходы і масты. Зараз вядзецца капрамонт падземнага пераходу на перакрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Першамайскай. На праспекце Міра зроблены бягучы рамонт моста цераз раку Дзебру і працягваецца рамонт яшчэ аднаго — цераз Дубравенку. У распрацоўцы знаходзіцца праектна-каштарысная дакументацыя па капрамонце моста цераз Дубравенку па вуліцы Чалюскінцаў.

— На стадыі зацвярджэння генплана Магілёва шмат спрэчак вялося вакол будучага гарадскога парку ў Падміколлі. Нарэшце кансэнсус быў знойдзены, і гэта месца сёння мяняецца на вачах.

— Так, распрацавана праектная дакументацыя на аб'екты ўваходнай групы ў Падмікольскі парк. Ёй прадугледжваецца ўзвядзенне лесвіцы ад вуліцы К. Маркса, каскаднага вадаспада і фантана. Ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы па ўладкаванні фантана і лесвічнага спуску з плошчы Арджанікідзе на вуліцу Вялікая Грамадзянская.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Фота Ірыны САВОСІНАЙ

Загаловак у газеце: Панарамныя ліфты і будынкі з беларускім арнаментам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?