Вы тут

Альбом для маршала Жукава


Гэтая гісторыя здарылася 24 лістапада 1973 года. У сонечным Пяцігорску адзначаў 70-годдзе беларускі пісьменнік, настаўнік і франтавік Вісарыён Гарбук. З віншаваннямі ад Саюза пісьменнікаў БССР накіравалі дэлегацыю, у склад якой увайшоў і паэт Казімір Камейша. Вось што ён узгадвае: «Вісарыён Сцяпанавіч вельмі ўзрадаваўся прыезду землякоў. Размовам і ўспамінам не было канца. Вядома, не абмінулі і тэму вайны. І тады Гарбук дастаў з шафы важкі альбом з фотаздымкамі. Ён пакрысе гартаў старонкі і расказваў гісторыю кожнага здымка. Перад намі паўставала гісторыя Вялікай Айчыннай вайны...»


Пасля Дня Перамогі асабовы склад 23-га ордэна Чырвонай Зоркі Упраўлення ваенна-палявога будаўніцтва, у складзе якога служыў і Вісарыён Гарбук, пачало ўзвядзенне на тэрыторыі Польшчы і Германіі помнікаў, мемарыялаў і абеліскаў загінулым воінам Чырвонай Арміі. У берлінскім раёне Ціргартэн па рашэнні ваеннага савета 1-га Беларускага фронту (праект скульптараў Л. Кербеля, В. Цыгаля і архітэктара Н. Сергіеўскага) узвялі мемарыял з помнікам вышынёй 23 метры ў памяць пра 75 тысяч савецкіх воінаў, што загінулі пры штурме Берліна. Цэнтральная частка мемарыяла ўяўляе з сябе ўвагнуты шэраг калон з адной больш вялікай цэнтральнай калонай, якая з’яўляецца пастаментам для васьміметровай бронзавай статуі савецкага воіна. Вінтоўка на яго плячы гаворыць, што вайна скончаная. Надпісы на калонах расказваюць пра розныя ваенныя часці і захоўваюць спісы загінулых. Па абодвух баках спакой воінаў «ахоўваюць» два танкі Т-34 і дзве гарматы-гаўбіцы МЛ-20, якія бралі ўдзел у бітве за Берлін. За спінай салдата ў невялікім скверы пахаваныя каля дзвюх з паловай тысяч воінаў.

Урачыстае адкрыццё помніка было прызначана на 11 лістапада 1945 года. Чакаліся дэлегацыі ад усіх прадстаўнікоў кааліцыі саюзных дзяржаў. Павінен быў прыехаць і Жукаў. Вісарыён Сцяпанавіч расказаў, што яны з сябрамі вырашылі зрабіць падарунак для маршала: падрыхтаваць альбом, які б адлюстроўваў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Знайшлі таўшчэзны альбом амаль на 300 старонак і пачалі запаўняць здымкамі. Прычым выкарыстоўвалі не толькі ўласныя фатаграфіі, але і трафейныя, зробленыя цэйсаўскай оптыкай. Уражваюць панарамныя фота Берліна з купала рэйхстага. Гістарычную каштоўнасць маюць здымкі парадаў савецкіх, амерыканскіх, брытанскіх і французскіх войскаў, якія адбыліся 7 верасня і 11 лістапада 1945-га ў Берліне.

Нарэшце падарунак быў гатовы. Але, пэўна, не так проста было сяржанту Чырвонай Арміі сустрэцца з маршалам. Падарунак застаўся ў Гарбука. Пасля яго смерці ўдава Людміла Пракоф’еўна разам са шматлікімі матэрыяламі перадала альбом у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, дзе ён і захоўваецца пад назвай «Альбом з фатаграфіямі доўгатэрміновых фортзбудаванняў у нямецкім умацаваным раёне “Одерский четырехугольник”».

А Казімір Камейша напісаў верш пад назвай «Франтавы альбом Вісарыёна Гарбука», які і прапаную вашай увазе:

Шчымела сэрца, калі я гартаў

Далёкія паходныя старонкі.

Клубком агню кацілася вярста,

Ад выбухаў трашчалі перапонкі.

 

Клубок пякельны…

Чую твой апёк,

Бяды маёй маланка шаравая.

Не, памяць анічога не хавае,

За памяццю услед ступае зрок.

 

Усюды чорны ды чырвоны снег.

Няўжо, няўжо ён быў калісьці белым?

Няўжо і я сам быў на той вайне?

Чаму і мне так страшна забалела?

 

Не дай жа божа гэткае прысніць,

А перажыць тым больш, не дай жа божа!

Было ўсё зразумела ў тым агні —

Агонь агнём мы ўрэшце пераможам.

 

Гром пераможных залпаў адгрымеў.

Балюча зарубцоўваецца гора.

Я, можа, толькі сёння зразумеў,

Якім ён страшным быў, той страшны вораг…

 

І напрыканцы — пра сумнае: у ноч на 9 мая 2010 года мемарыял у Ціргартэне быў апаганены. Пасольства Расіі накіравала рашучую ноту пратэсту ўраду Германіі. І, на жаль, гэта не адзіны выпадак: у Польшчы, Украіне, Германіі і некаторых іншых краінах разбураюцца і апаганьваюцца помнікі, абеліскі і мемарыялы загінулым воінам Чырвонай Арміі, якія вызвалілі Еўропу ад фашыстаў. Тым, у каго кароткая памяць, хочацца прыгадаць наступны выраз: «У таго народа, які забывае мінулае, няма будучыні».

Аляксандр ВАШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.