Вы тут

Мантажор Вольга Рашэтнікава пра вялікі падман на экране


Праца гэтых людзей заўсёды застаецца па-за кадрам, нягледзячы на тое, што глядач бачыць кінастужку менавіта іх вачыма. Але звычайна публіку не цікавіць, хто манціраваў фільм, а ў Беларусі ўзнагарод за лепшы мантаж у кіно не даюць, прытым, што можна атрымаць такі прыз у Расіі, Брытаніі ці на амерыканскім «Оскары». Мантажор Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Вольга Рашэтнікава распавяла, што залежыць у фільме ад мантажу і якія ляпы мы ніколі не заўважым на экране.


Кадр з фільма «Апошняе лета дзяцінства»

— Мантажу вы вучыліся на кінастудыі і займаецеся ім ужо больш за 40 гадоў. Які галоўны ўрок атрымалі?

— У Акадэміі мастацтваў мантаж выкладаюць, але зрабіць гэта прафесіяй дагэтуль нельга, бо прадмет хутчэй дадатковы, чым асноўны. У Беларусі засвоіць прафесію мантажора нельга ва ўніверсітэце, але вельмі лёгка — на кінастудыі, гэта і мая гісторыя таксама. Так, я вучылася на курсах ва ВГІКу, але практычныя веды атрымала на «Беларусьфільме». Канечне, калі прыйшла на працу, было вельмі складана: трэба было працаваць з плёнкай (хоць не магу сказаць, што зараз лёгка).

Галоўны ўрок — памятаць, што ёсць стужка наогул, а кожны эпізод у ёй — гэта маленечкі фільм з пачаткам і фіналам. Таму вельмі важнае правіла ў мантажы, нават калі складаеш эпізод, — думаць пра фільм і акцёра наогул. Напрыклад, у «Слядах на вадзе» трэба было зрабіць так, каб глядач да фіналу не зразумеў, хто ў стужцы — антыгерой. І ў гэтым заключаецца прафесія мантажора: менавіта ён не павінен «прадаць» момант, эмоцыю, калі ў публіцы пачне прачынацца падазрэнне. Хоць дасведчаны кінематаграфіст усё роўна зразумее, хто які герой. Я беспамылкова магу распавесці, чым скончыцца любы амерыканскі блакбастар.

— Вольга Сямёнаўна, што павінен умець добры мантажор?

— Зманціраваць кіно можа і сам рэжысёр, асабліва калі ён старой фармацыі. Пра важнасць мантажу я даведалася ад Віталя Дудзіна, з якім працавала на карціне «Пад небам блакітным» (яна атрымала на Венецыянскім кінафестывалі 4 узнагароды). Сам рэжысёр — выдатны мантажор, бо яго выкладчыкам у гэтай справе быў Андрэй Таркоўскі. Менавіта Дудзін у свой час паказаў мне, як сумяшчаць несумяшчальнае, бо ў мантажы, каб навучыцца добра рабіць справу, павінна быць пачуццё рытму, прасторавае мысленне, каб зразумець, як павінны размяшчацца кадры ў фільме. Гледачу здаецца, што кіно складаецца ў пазл роўна па тых момантах, калі грукнула хлапушка, але ж так не бывае! Насамрэч даводзіцца шукаць патрэбныя эпізоды вельмі доўга і з вялізнымі высілкамі.

— Што для вас прыярытэтна падчас працы над фільмам?

— Часта акцёры крыўдзяцца на мантажораў праз тое, што сцэны з імі выразаюць. Але калі гэта не патрэбна для фільма, калі сэнсу ў сцэне няма, то я магу лёгка пазбавіцца ад такога эпізоду: трэба расстаўляць прыярытэты. Думаю і пра гледача, калі працую за мантажным сталом, але разумею, што ў першую чаргу трэба браць пад увагу меркаванне наконт фільма здымачнай групы. Не буду асабліва дагаджаць гледачу, але часам ствараю «прыемнасці» для яго вачэй: устаўляю прыгожыя кадры, хоць яны і не заўсёды абавязковыя. Вось раней для публікі рабілі многае, асабліва ў 90-я гады: дадавалі кадры з аголенымі натурамі, прыгожымі жанчынамі, бо глядач ішоў паглядзець на гэта. Сёння галоўная задача мантажора ў тым, каб стварыць разумнае кіно: нават калі матэрыял сам па сабе добры, трэба ўмець яго якасна данесці.

Кадр з фільма «Ваўкі»

— Калі глядзіце чужое кіно, заўважаеце хібы? А ў вас такія пралікі ў фільмах былі?

— Лёгка магу абстрагавацца ад прафесіі падчас прагляду. Часта ўспрымаю сюжэт як звычайны глядач. Калі кіно добрае, захапляе, то ўжо ні на што не звяртаеш увагі, нават на ляпы, якія часта на экране можна заўважыць. Памятаю, у нас здымаўся фільм «Ваўкі» Колбышава, там быў эпізод, дзе герой Уладзіміра Гасцюхіна выпівае з персанажам Андрэя Паніна. Мантаж гэтага эпізоду быў вельмі складаны: героі шмат рухаліся, размахвалі рукамі, таму важна было, каб рухі супадалі. Мы пераглядалі кадры па дзесяць разоў, былі ўпэўненыя, што ўсё ідэальна (ляпы тут былі б заўважныя адразу). І потым нечакана ўбачылі, што ў аднаго з герояў, які выпівае, пусты кілішак, што недапушчальна! Давялося манціраваць наноў. Вядома, імкнёмся пазбягаць такіх момантаў, але ляпы ў кіно — рэч даволі частая, а мантажор звяртае ўвагу на іншыя рэчы — на рухі, святло, акцёрскую ігру, таму часам не заўважаеш дробязяў.

— Як мантажор павінен працаваць з рэжысёрам і шукаць з ім паразуменне?

— Самае важнае, мяркую, — прафесіяналізм і добрае цярпенне, бо хапае рэжысёраў, з якімі агульную мову знайсці складана. Я працавала з эстонскім рэжысёрам. Ён паказваў мне свае мінулыя фільмы для прыкладу, але я ўсё роўна не ведала, як манціраваць, бо цяжка было зразумець яго стыль. У выніку вырашыла, што рабіць трэба так, як лічыш патрэбным ты: калі рэжысёру не спадабаецца, ён скажа, што змяніць. Яшчэ адна важная рэч — падчас мантажу трэба памятаць пра гук і музыку, часам гэта можа выратаваць кіно. На здымках «Ночы пры дарозе» аператар зняў вельмі прыгожы эпізод: пад Смалявічамі пабудавалі дэкарацыю-вёску, яе засыпала снегам, а камера зняла з вышыні панараму гэтай вёскі пад белай коўдрай, без адзінай душы. План сапраўды быў неверагоднай прыгажосці, але ўставіць яго не было куды, і я прапанавала паставіць пад гэты відэашэраг гук крокаў па снезе: бачна, што нікога няма, але хтосьці ідзе, і ў выніку гэта спрацавала!

Звычайна рэжысёр прыходзіць у канцы працы — глядзіць, што атрымалася. Але, вядома, бываюць кінематаграфісты, якія любяць пасядзець у мантажнай, напрыклад, Дудзін. У Колбышава былі таксама добрыя ідэі, якімі ён дзяліўся з мантажорам: памятаю, ён зняў паўразбураную царкву са сцягам на вяршыні, а мы не ведалі, як скончыць стужку, і рэжысёр прапанаваў сумясціць гэты кадр з момантам, як герояў вязуць на санках у ГУЛАГ. Атрымаўся вельмі прыгожы эпізод з глыбокім сэнсам. На жаль, звычайны глядач наўрад ці адрозніць, дзе рэжысёр, аператар і мантажор сапраўды добра папрацавалі, ды яму гэта і нецікава, таму мала хто звяртае ўвагу на мантаж і ўважлівы да дэталяў, а гэта крыўдна.

— А вас не крыўдзіць, што ўсе кінематаграфічныя лаўры атрымлівае рэжысёр?

 — Лічу, што так і павінна быць. Ёсць у нашай сферы публічныя прафесіі, а ёсць — не. Хоць кінематограф — творчасць калектыўная, ад гэтага нікуды не падзенешся. А тое, што рэжысёр атрымлівае авацыі, нават прыемна: калі камусьці прыйшла геніяльная кінематаграфічная ідэя, я з задавальненнем яе падтрымаю! Звычайна мне ўсё роўна, каму дастаюцца лаўры: калі гэта добра для фільма, калі гэта засталося на плёнцы, усё астатняе няважна. У мантажы, прынамсі на «Беларусьфільме», працуюць апантаныя людзі: здараецца, што мантаж сніцца, калі эпізоды доўга не можаш скласці! Каманда на кінастудыі сапраўды моцная: усе мантажоры вучыліся ў Беларусі, атрымлівалі тэхнічную адукацыю, а хтосьці абраў гэтую прафесію па спадчыне. Дакладна ведаю, што ў ёй застаюцца толькі тыя, каму гэта сапраўды дадзена.

— Ёсць такое меркаванне, што «кіно нараджаецца на мантажным стале»...

 — Так, сапраўды, часам здараецца такое. Памятаю, як аднойчы падчас мантажу заўважыла няякасна зняты эпізод, і давялося прасіць здымачную групу пераздымаць сцэну. Ці раз-пораз не хапае нейкіх дэталяў, дробязяў, якія хочацца бачыць у стужцы. Справа ў тым, што на мантажным стале можна зрабіць з камедыі трагедыю, і наадварот. Цікава ўзгадаць, як «збіралі» «Метаною»: ні я, ні рэжысёр не ведалі, як скласці эпізоды, кіно было абсалютна мантажнае: склалі яго з дэталяў. У мяне не было такога, каб трэба было ратаваць фільм на мантажным стале, але на кінастудыі такое здаралася: напрыклад, «Апошняе лета дзяцінства» Рубінчыка не маглі ніяк прыняць, прасілі перарабляць кіно па некалькі разоў. Стужку падманціравала кінематаграфіст з Масквы, якая працавала з Эйзенштэйнам, і толькі ў яе атрымалася выратаваць фільм і захаваць яго такім, якім задумаў аўтар.

— Наколькі крытычна ставіцеся да сваёй працы, калі бачыце зманціраваны фільм на экране?

— Нядаўна я размаўляла з гукааператарам з «Беларусьфільма», які працаваў над стужкай «Вялікі» Тадароўскага. Ён распавёў, што Тадароўскі нават пасля заканчэння працы над фільмам працягвае яе дапрацоўваць, манціраваць. І гэта ўлічваючы, што манціраваў ён фільм больш за паўгода. Няма мяжы дасканаласці! Часам на мантаж аддаецца 5 дзён (так было са «Слядамі на вадзе»), хоць поўнаметражнае кіно па стандарце трэба манціраваць не менш за месяц. На прэм’еры я паглядзела на сваю працу, і некаторыя рэчы вельмі не спадабаліся: штосьці можна было зрабіць па-іншаму (матэрыял павінен адляжацца хоць бы некаторы час, каб пасля паглядзець на яго з іншага боку). Эпізоды, якімі ты не задаволены, ёсць амаль у кожнай карціне. Звычайна гэта першыя, бо здымачная група яшчэ не ўвайшла ў працоўную атмасферу, у кураж. Над гэтым б’ешся ўвесь фільм, але нічога не зробіш. Рэжысёрам некаторыя моманты ў мантажы таксама не падабаюцца, але ўсё ж калі мантажор працуе з рэжысёрам, то шляху назад няма, — працягваеш працу ў любым выпадку, шукаеш агульную мову. Хоць прафесія мантажора вольная: можаш перастаўляць эпізоды месцамі і складаць кіно сам — галоўнае, каб потым ухваліў рэжысёр.

— Якое кіно было для вас самым складаным?

 — Напэўна, праца над фільмам «Развітальныя гастролі» Дудзіна, дзе першапачаткова здымалася Быстрыцкая. Але праз некалькі здымачных дзён яна сышла, а яе замяніла Гурчанка. Самае цікавае, што дзеянне адбывалася ў вагоне цягніка, дзе чатыры гераіні павінны сядзець у купэ побач. Людміле Гурчанка давялося здымацца адной, бо астатнія актрысы ўжо выканалі свае ролі. У выніку стужка была зманціраваная так, што нідзе не заўважыш, што адной з актрыс не было разам з астатнімі на здымачнай пляцоўцы. Вядома, сёння гэта не навіна, але ў той час было сапраўдным прарывам. Я б сказала, што кіно — гэта вялізны падман у нейкім сэнсе.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».