Вы тут

Уладар цымбальных пасажаў


Выдатны музыка, кампазітар, выкладчык, навукоўца Іосіф Жыновіч меў складаны лёс: патрапіў пад кола рэпрэсій, прайшоў Вялікую Айчынную вайну, нарэшце, ажыццявіў столькі праектаў, колькі не змаглі б рэалізаваць і некалькі музыкаў. Невядомыя моманты жыцця творцы (сёлета адзначаецца 110-годдзе з дня яго нараджэння) высвятлялі разам з дачкой — Антанінай Іосіфаўнай Жыновіч.


Сярод шматлікіх узнагарод, якія атрымаў І. Жыновіч, — залатыя медалі «Народны артыст БССР», «Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР», «Лаўрэат конкурсу ўсесаюзнага фестывалю савецкай моладзі», ордэны «Знак пашаны», «Працоўнага Чырвонага Сцяга» ды іншыя.

Жыновіч / Жыдовіч

Да самай смерці Іосіфа Жыновіча нават яго дзеці не ведалі, што пачынальнік цымбальнай школы Беларусі меў за плячыма лагерныя выпрабаванні. Па словах Антаніны Іосіфаўны, нечаканая праўда амаль ніяк не паўплывала на сям’ю. Было вельмі шкада бацьку: напамінам пра белыя плямы ў біяграфіі засталіся сухоты, ад якіх Жыновіч пакутаваў усё астатняе жыццё. Іншыя згадкі пра ссылку старанна хаваліся — падпіска пра невыдаванне ў КДБ мела вялікі ўплыў. Антаніна Іосіфаўна паказвае анкету, дзе ў графе «Біяграфія» ўласнай рукой Іосіфа Жыновіча па гадах распісана ўсё працоўнае жыццё творцы. Насупраць кастрычніка 1935 года пазначана — «кіраўнік ансамбля народных інструментаў». Насамрэч гэтага не было. Некалькі год (прыкладна з 1934 па 1937) лепшы цымбаліст Беларусі правёў у Мардовіі. Уласцівыя пакаленням Жыновічаў працавітасць, талент ды любоў да зямлі, якія дапамаглі ім жыць у дастатку, а аднаму з сыноў — выбіцца ў людзі і зрабіць вясковыя цымбалы музычным сімвалам краіны, павярнуліся не на карысць сям’і. Вяскоўцы пазайздросцілі суседзям, у якіх усё ладзілася: разам са скрыпкамі, гармонікамі, цымбаламі майстравалі інструменты для сельскагаспадарчай працы, даглядалі дзве каровы, апрацоўвалі зямлю. На сям’ю мясцовых музыкаў напісалі данос, дзе прагучала жахлівае для 30-х гадоў слова «кулак»… Усё, што засталося ад тых часоў, — падмурак бацькоўскай хаты ў вёсцы пад Пухавічамі і сапраўднае прозвішча — Жыдовіч.

— Калі пасля рэпрэсій бацька прыехаў з Мардовіі ў Мінск, яму вярнулі ўсе належныя дакументы, атэстаты, дыпломы, — расказвае Антаніна Жыновіч. — Дазволілі нават займацца канцэртнай дзейнасцю. Але каб не ўзнікала ніякіх пытанняў, ён змяніў у прозвішчы літару «Д» на «Ж». Такім чынам, вядомы ўсім Іосіф Жыновіч — творчы псеўданім Язэпа Жыдовіча, бо на Заходняй Беларусі Язэпы сталі Іосіфамі, калі да ўлады прыйшоў Сталін. Калісьці ў «Літаратуры і мастацтве» выйшаў артыкул пад назвай «А праўда ўсё ж перамагла», прысвечаны майму бацьку. Тады карэспандэнт газеты браў паперы, звязаныя з яго вызваленнем. На шчасце, непрыемнае мінулае не замінала бацьку ні ў працы, ні ў творчасці, ні ў сямейным жыцці (маці ведала пра ссылку, але не пабаялася ажаніцца з былым «ворагам народа»).

Бацькоўскі запавет

Сям’я Жыновічаў склалася дзякуючы музыцы. Цымбаліст Іосіф Жыновіч выступаў з аркестрам у Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, дзе ўбачыў Галіну Гаўрыльчык — салістку тэатра, вучаніцу савецкай опернай прымы Ларысы Александроўскай. Убачыў — і закахаўся. Галіна была маладзейшая за яго на 12 год, але розніца ва ўзросце не перашкодзіла: ажаніліся. Неўзабаве з’явіліся дзве дачкі, Ліяна і Антаніна. Яны не сталі опернымі спявачкамі альбо цымбалісткамі: звязалі жыццё з фартэпіяна. Дарэчы, такі шлях для дачок абраў бацька. Славуты беларускі цымбаліст не хацеў, каб дзеці пайшлі па яго слядах, лічыў, што цымбалы не для дзяўчат: інструмент цяжкі, да таго ж канцэртнае жыццё заўсёды са шматлікімі пераездамі ды гастролямі.

Нягледзячы на тое, што малодшая дачка Антаніна скончыла кансерваторыю па класе фартэпіяна і працавала канцэртмайстрам у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка амаль 38 год, цымбалы значна паўплывалі на яе жыццё. Такі быў бацькоўскі запавет. Перад смерцю Іосіф Жыновіч папрасіў Антаніну займацца яго справамі. Зараз Антаніна Іосіфаўна даглядае сямейны архіў, клапоціцца пра ўшанаванне памяці творцы. Калі бывае цяжка, згадвае, як ён навучаў яе ў шпіталі: «Запомні два словы: цярплівасць і вытрымка. Цярплівасць і вытрымка — тады ты заўсёды будзеш на вышыні». Гонар за бацьку пранесла праз усё жыццё: нават пасля вяселля Антаніна пакінула прозвішча Жыновіч, пасля змяніла яго на Жыдовіч.

 Іосіф Жыновіч з жонкай і дачкамі.

— У нашым доме заўсёды гучала музыка, — згадвае Антаніна Іосіфаўна. — Пакуль у адным пакоі разам з канцэртмайстрам і выкладчыкам па вакале спявала маці, тата пачынаў разыгрывацца ў спальні. Мы з сястрычкай усё паглядалі на гадзіннік: калі ж бацька пачне граць беларускія мелодыі? Нарэшце мама заканчвала рэпеціраваць, і тата выконваў створаныя ім беларускія танцы. Чатыры хвіліны, пяць хвілін… Ён граў з такой неверагоднай хуткасцю, што мы, хоць і маленькія, не маглі не дзівіцца такому майстэрству.

 — Наша дзяцінства праходзіла то ў Доме афіцэраў, то ў Вялікім тэатры. Іосіф Жыновіч праехаў па ўсім Савецкім Саюзе, маці часта выпраўлялася на гастролі ў Прыбалтыку. Нягледзячы на надзвычайную занятасць, бацькі заўсёды знаходзілі час на мяне і сястру. Маці навучыла смачна гатаваць і рабіць торты: у той час не прынята было купляць пачастункі ў крамах, а ў кватэры заўсёды збіраўся «бамонд». Госці прыходзілі то адзначаць юбілеі, то прысваенні чарговых ганаровых званняў, і кожную ноч перад святам мы ўтрох стаялі каля пліты. Дачу ў Ждановічах, дзе нашымі суседзямі былі Пястрак, Шамякін, Мележ ды іншыя вядомыя беларусы, Іосіф Жыновіч пабудаваў менавіта для дзяцей. Мы з Ліянай раслі хваравітыя, і ён перажываў за наша здароўе, нават адпраўляў у Друскінінкай на лячэнне. Бацька любіў выязджаць на дачу, любіў свежае паветра і птушак, адпачываў і працаваў там. Ён жа ад зямлі, з сялян і вучыў мяне ўсяму, што памятаў з дзяцінства.

Жыццё ў імя творчасці

Іосіф Жыновіч — вясковы талент-самародак, вучыўся музыцы на слых. У пятнаццаць год прыехаў у Мінск з заплечнікам ды цымбаламі і амаль адразу ўладкаваўся ў Першы беларускі драматычны тэатр (зараз Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), дзе яго майстэрства ацанілі Янка Купала і Якуб Колас. На пачатку музычнай дзейнасці юнак нават не ведаў нот, а пасля скончыў адразу тры аддзяленні кансерваторыі — выканальніцкае, дырыжорскае і кампазітарскае. Атрымаў Іосіф Жыновіч і юрыдычную адукацыю, якая вельмі дапамагала яму ў адміністрацыйнай працы з аркестрам і на пасадзе загадчыка кафедры народных інструментаў.

 Майстэрства ў выкарыстанні цымбалаў выходзіла за межы ўласна беларускага інструмента. Калі ў БССР прыязджалі дэлегацыі з іншых краін, Іосіфа Жыновіча часта запрашалі на ўрачыстыя вечары ў Дом дружбы. Ён выступаў з прывітальнымі словамі, выконваў музычныя кампазіцыі. Многія дэлегацыі прывозілі свае нацыянальныя інструменты, сярод якіх былі і аналагі нашых цымбалаў. Антаніна Іосіфаўна згадвае, як бацька граў на «чужых» цымбалах: «У яго быў абсалютны музычны слых. Музыкі паказвалі, што трэба рабіць, ён сядаў за замежны інструмент і адразу ж пачынаў выконваць беларускія мелодыі».

У сям’і Жыновічаў захоўваюцца газеты з матэрыяламі пра знакавага творцу, з напісанымі ім артыкуламі. Іосіф Жыновіч шмат пісаў пра цымбалы, аркестр ды гастролі, але часта падпісваў свае тэксты імёнамі аркестрантаў: яны мелі невялікія заробкі, і такім чынам атрымлівалі дадатковы ганарар.

— Не ведаю, адкуль тата браў на ўсё сілы, — кажа Антаніна Іосіфаўна. — Ён ездзіў па вёсках і гарадскіх пасёлках рэспублікі ў пошуках таленавітай моладзі, здымаўся ў кіно, запісваўся на тэлебачанні, кіраваў аркестрам, пісаў падручнікі, выкладаў у кансерваторыі — быццам спяшаўся ўсё паспець. Калі ж захварэў на рак, хіміятэрапія не дапамагла. Прапаноўвалі аперацыю ў Бараўлянах, але ён не пагадзіўся: адмовіўся, каб не парушаць гастрольны графік. Наша сваячка, у якой была такая ж самая аперацыя, пражыла пасля яе 20 гадоў. Бацька сканаў на 66 годзе. Марыў, што пасля яго смерці іншыя працягнуць удасканальваць цымбалы. Гэта быў надзвычай адданы сваёй справе чалавек.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Быць Жыновічам

І осіф Жыновіч застаўся ў гісторыі мастацтва як заснавальнік беларускай акадэмічнай цымбальнай школы. У Беларусі шмат народных інструментаў, але дзякуючы яго намаганням сімвалам краіны сталі менавіта цымбалы. Спадчына Жыновіча не забытая: гучаць яго кампазіцыі, у музычных школах і на занятках па педагагічнай падрыхтоўцы выкарыстоўваюцца яго падручнікі і гістарычна-навуковыя артыкулы. Імя Іосіфа Жыновіча стала знакавым і для Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пра ўнёсак майстра ў айчынную культуру распавяла дацэнт кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў БДАМ Рыма Падойніцына:

 — З цымбаламі ён прайшоў вайну ў складзе канцэртнай брыгады, з цымбаламі пасля перамогі вярнуўся ў Мінск, каб дапамагаць адраджаць кансерваторыю і аркестр. Частка артыстаў загінула на фронце, інструменты і ноты згарэлі, фабрыка ў Барысаве пацярпела, — усё давялося ствараць наноў. Ужо ў 1945 годзе адкрылі клас цымбалаў, і Жыновіч пачаў выкладаць у кансерваторыі. Калі праз чатыры гады з’явілася кафедра народных інструментаў, ён узначаліў яе і займаў пасаду загадчыка да 1963 года.

Як толькі пачаў займацца з цымбалістамі, сутыкнуўся з праблемай: як вучыць, калі няма падручнікаў? Хутка знайшоў выйсце: у 1948 годзе сам стварыў «Школу для беларускіх цымбалаў», якая вышла тыражом 5000 экзэмпляраў. Гэта была першая метадычная работа ў Беларусі не толькі для цымбалаў, але і для народных інструментаў наогул. У пасляваенны час Жыновіч кансультаваў майстроў, якія выраблялі цымбалы (непасрэдна пад яго кіраўніцтвам з’явіліся цымбалы-кантрабас), арганізаваў мноства аглядаў мастацкай самадзейнасці, каб знайсці здольных падлеткаў для аркестра (адной са «знаходак» стаў кампазітар Яўген Глебаў).

Ва ўсіх праявах Іосіф Жыновіч быў прыкладам служэння цымбальнаму мастацтву: яркі саліст, ансамбліст, педагог, прафесар, метадыст, кампазітар, дырыжор, мастацкі кіраўнік дзяржаўнага аркестра, нарэшце, добры і душэўны чалавек… Спалучаць такія ўласцівасці здольны не кожны музыка. Ён меў комплекс талентаў, і ва ўсіх кірунках сваёй дзейнасці дасягнуў значных вершыняў. Цяпер надышоў час вузкай спецыялізацыі, людзі выяўляюцца ў розных якасцях, але дагэтуль ніхто не наблізіўся да яго шматграннасці. Напэўна, каб быць таленавітым ва ўсіх напрамках, трэба нарадзіцца Жыновічам.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.