Вы тут

Ці не выкарыстаць у нашым турызме «імператарскую» тэму?


Гэты год багаты на юбілейныя даты, але адна з іх на фоне круглых лічбаў можа застацца незаўважанай. Між іншым, менавіта на ёй можна «сыграць» пры распрацоўцы новых маршрутаў, якія будуць прывабнымі для турыстаў, што наведаюць нашу краіну ў бязвізавым рэжыме. Нельга забывацца, што на тэрыторыі Беларусі праходзілі бітвы, якія былі вызначальнымі ў лёсах Расіі і Еўропы. Менавіта нашы землі, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, сталі арэнай баявых дзеянняў у вайне 1812 года.


Што паказаць?

На тэрыторыі Беларусі захавалася больш за 80 аб'ектаў, звязаных з вайной 1812 года, прычым найбольшая колькасць іх знаходзіцца на Віцебшчыне.

Гэта і грандыёзныя фартыфікацыйныя збудаванні, і дзясяткі помнікаў розных часоў, усталяваных на месцы падзей. Некаторыя з іх — у добрым стане, асобныя маюць патрэбу ў рэстаўрацыі. Таксама можна вызначыцца з тым, якія аб'екты варта аднавіць, каб выкарыстаць іх ва ўжо існуючых турыстычных маршрутах.

А яшчэ можна распрацаваць новыя экскурсіі — тэматычныя, прысвечаныя менавіта падзеям вайны 1812 года. Прычым, раскрываць перад турыстамі гэту тэму можна па-рознаму. Напрыклад, стварыць маршруты, у якіх будзе расказвацца пра фартыфікацыйныя збудаванні, якіх багата з'явілася на нашай зямлі напярэдадні і ў час вайны 1812 года. Найбольш цікавыя аб'екты — Бабруйская крэпасць і Барысаўскі тэт-дэ-пон. Праўда, сёння яны знаходзяцца ў занядбаным стане, але, калі іх давесці да ладу, гэта будзе цікавая кропка на турыстычнай карце.

Асабліва прывабнымі падаюцца аб'екты, якія можна задзейнічаць у міжнародных маршрутах. Напрыклад, такім магло стаць пазнавальнае падарожжа, якое праходзіла б на тэрыторыі трох краін — Латвіі (Рыга, Даўгаўпілс), Беларусі (Верхнядзвінск, Барысаў, Бабруйск) і Украіны (Кіеў). Менавіта тут знаходзяцца добра захаваныя аб'екты ваеннай архітэктуры. Прычым гэты маршрут можа быць і водным — праходзіць праз Даўгаву, Беразіну і Дняпро.

Як заўважае прафесар кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, доктар гістарычных навук Андрэй Лукашэвіч, найбольш перспектыўным для аднаўлення і ўключэння ў турыстычную справу мог бы стаць аб'ект у Верхнядзвінску, дзе пад значным слоем зямлі захаваліся рэшткі Дрысенскага ўмацаванага лагера, куды адступіла 1-я Заходняя армія і куды павінна была адысці 2-я армія. З гэтага, на цяперашні момант нічым не прыкметнага для турыстаў месца можна стварыць цудоўны турыстычны прадукт, не горшы за Лінію Сталіна. Прычым пра вайну 1812 года тут можна расказваць і гасцям з Прыбалтыкі, бо размяшчаецца гэты аб'ект недалёка ад мяжы.

Турыстычныя шляхі могуць пралягаць па мясцінах, дзе ўзводзіліся помнікі. Між іншым, пытанне аб ушанаванні падзей 1812 года ўзнімалася практычна з моманту заканчэння вайны. Так, яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў межах агульнарасійскай праграмы падобныя аб'екты з'явіліся ў Клясціцах і Полацку. Таксама помнікі ставіліся і да стагоддзя вайны — у тыя часы на Беларусі іх з'явілася сем, пяць — захаваліся да нашых дзён.

У савецкі час стаўленне да помнікаў, узведзеных у папярэднюю эпоху, было супярэчлівым, на жаль, многія манументы разбурылі. Трэба сказаць, што пасля абвяшчэння незалежнасці ў Беларусі сталі аднаўляцца і ўзнікаць новыя збудаванні, звязаныя з вайной 1812 года. Сярод адноўленых — абеліск на Брылеўскім полі, капліца ў Паддубне, манумент у Полацку і памятны знак у Студзёнцы. З'явіліся і новыя кропкі — на Брылеўскім полі за французскія грошы, а ў Студзёнцы за швейцарскія былі пастаўлены помнікі воінам Вялікай Арміі.

Таксама турыстычныя маршруты могуць пралягаць па мясцінах, дзе знайшлі спачын воіны. Так, на сёння захаваліся помнікі і культавыя збудаванні на месцах пахаванняў генералаў і старшых афіцэраў — удзельнікаў вайны
1812 года. На нашай тэрыторыі загінулі дзясяткі тысяч воінаў расійскай і напалеонаўскай армій. На жаль, большасць пахаванняў, якія ўзніклі адразу пасля баёў, не былі ўлічанымі, і паступова пра іх забыліся. Толькі планавыя археалагічныя раскопкі ў мясцінах найважнейшых баёў дазваляюць знаходзіць брацкія магілы і перазахоўваць астанкі воінаў.

Ці быць беларускаму помніку?

Што дзіўна, усе помнікі, якія сёння стаяць на нашай зямлі, — не важна, пастаўлены яны ў царскую эпоху, савецкую ці пазней, — распавядаюць пра чужую гісторыю. У Беларусі няма ніводнага помніка суайчыннікам, якія загінулі ў
1812 годзе.

Так, у той вайне беларусы змагаліся на розных баках. Дзясяткі тысяч беларускіх сялян былі рэкрутаваны ў армію Расійскай імперыі, тысячы папоўнілі войска Вялікага Княства Літоўскага. Прадстаўнікі шляхецкіх і магнацкіх родаў падтрымалі Напалеона. Кровапралітныя баі, у якіх ваяры з абодвух бакоў паказвалі цуды мужнасці і гераізму, працягваліся з чэрвеня па снежань 1812-га. І на тэрыторыі Беларусі палягло нямала яе сыноў. Акрамя таго, землі, дзе ішла вайна, былі спустошаны, мірным жыхарам даводзілася карміць паўмільённую французскую і двухсоттысячную расійскую армію. Пры адступленні часта выкарыстоўвалася тактыка «выпаленай зямлі», што асуджала мясцовае насельніцтва на голад.

І хіба не ўражвае той факт, што на Беларусі, якой гэта вайна не прынесла нічога, акрамя страт, захавалася столькі помнікаў? Чаму б гэта не выкарыстоўваць пры стварэнні экскурсій, не падганяць пад сучасны кантэкст? У такіх мясцінах госці могуць не толькі паглыбляцца ў гісторыю, але і бачыць, як важна шанаваць памяць і цаніць мір. І, на думку Андрэя Лукашэвіча, у нашай краіне варта было б паставіць помнік усім беларусам, што загінулі ў той вайне, незалежна ад таго, на чыім баку яны змагаліся.

Ужо не першы год вядзецца гаворка аб стварэнні ваенна-гістарычнага музея-запаведніка на Бярэзіне. Найперш трэба распрацаваць комплексную праграму, якая датычыцца гэтага аб'екта, правесці сур'ёзную навуковую работу. Для прыкладу, даследаванні, звязаныя з Барадзінскім полем, распачаліся з 1839 года і працягваюцца па сёння. Важна захаваць і месцы баёў, бо калі тэрыторыя не мае статусу ахоўнай зоны, яна знішчаецца, шкоду наносяць і так званыя чорныя капальнікі.

А як не выкарыстаць у турызме «імператарскую тэму»? На Беларусі захаваліся мясціны, дзе спыняліся Аляксандр І і Напалеон І, дзе размяшчаліся іх галоўныя кватэры. Народная памяць захавала нават звесткі пра дрэвы, пад якімі адпачывалі ці пазіравалі імператары. Прычым, для таго каб захаваць такія аб'екты і зрабіць прыкметнымі ў турыстычнай галіне, трэба не так многа. Устаноўка памятных дошак з барэльефамі дазволіць завабіць турыстаў у невялікія гарады і вёскі, якія могуць расказаць пра імператарскія мясціны.

Сёння існуюць маршруты па месцах баёў 1812 года ў Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях, але часта стваральнікі падаюць іх на аматарскім узроўні, некаторыя цікавыя аб'екты яны не выкарыстоўваюць, а бывае, наогул, выдаюць скажоную інфармацыю. І гэта ў той час, калі навукоўцамі створаны дапаможнікі, якія могуць быць выкарыстаны ў турыстычнай галіне. Сярод іх — зборнік «Беларусь і вайна 1812 года. Дакументы», які быў падрыхтаваны супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва, і кніга «Помнікі і памятныя мясціны 1812 года ў Беларусі». Распрацавана нават карта, на якой паказаны не толькі мясціны баёў, шляхі, па якіх ішлі імператары, але і помнікі і музеі, у якіх размешчаны пастаянныя экспазіцыі, звязаныя з вайной 1812 года.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіаdzіulа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Па шляху Напалеона

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.