Вы тут

Спорт як мастацтва



Установа адукацыі

Мінская дзяржаўная абласная сярэдняя школа-вучылішча алімпійскага рэзерву


Спорт як мастацтва

Для кагосьці, магчыма, дзіўна, але мастацтва і спорт маюць шмат агульнага. Так шмат, што не будзе асаблівай памылкай назваць спорт відам мастацтва. Пра гэта і не толькі Дзмітрый Шулюк пагутарыў з дырэктарам Мінскай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву Уладзімірам Іванавічам Тайнікавым.

— Спорт… Ён падобны да мастацтва. Напрыклад, для простага чалавека як спорт, так і мастацтва, — гэта, з аднаго боку, змарнаваны час, які не прынясе нічога матэрыяльнага. Але ёсць і другі бок — рэальны.

— Я б паспрачаўся. Як гэта не прынясе матэрыяльнага? Усё ж такі ў мяне такое адчуванне, што спорт прыносіць матэрыяльныя вынікі. Спорт — гэта пазнанне самога сябе. Спорт — гэта развіццё. Агульнае развіццё чалавека. І чалавека як асобы. А як вызначыць, што матэрыяльнае, што не? Здаровы чалавек народзіць здаровае дзіця. Што, гэта нематэрыяльнае? Гэта вельмі матэрыяльнае. Вынікі спорту? Сёння мы займаемся спортам, а заўтра ім жывём. Наш студэнт заканчвае вучобу і можа, напрыклад, звязаць жыццё са спортам, а можа не звязаць. Магчыма, ён пойдзе працаваць у другую галіну. А калі мы паспрабуем зазірнуць углыбіню? Правядзём, напрыклад, статыстычны аналіз: колькі дзён хто прабыў на бальнічным. Сітуацыя атрымаецца не на карысць тых, хто недапалкі збіраў ці ля камп’ютара сядзеў, ці толькі ў гульні гуляў. Гэта быццам не матэрыяльна? Гэта матэрыяльна. Для дзяржавы — гэта матэрыяльна.

А тое, што спорт падобны да мастацтва... Я з вамі цалкам згодзен. Спорт — гэта прыгажосць. І спорт пастаянна развіваецца. Знаходзіць новыя праяўленні. Сёння — гэта адно, заўтра — другое, трэцяе. Тут я з вамі згодны. Спорт і мастацтва. Мне здаецца, яны сапраўды маюць шмат агульнага.

— Цікава было б даведацца, ці агульныя мэты маюць спорт і мастацтва. Вось вы, калі бачыце ўпершыню свайго абітурыента, якія мэты перад ім ставіце? Ці ён сам іх стварае перад сабой?

— Да нас прыходзяць абітурыенты ў вельмі юным узросце. Зараз мы ўжо сярэдняя школа-вучылішча, таму сярод нашых навучэнцаў ёсць школьнікі, пачынаючы з восьмага класа, а з наступнага года, між іншым, мы адкрываем сёмы клас. То бок, у нас ужо будуць сямікласнікі, якіх мы будзем рыхтаваць у якасці алімпійскага рэзерву. Здаецца, на гэтай задачы можна супыніцца. Мы падрыхтавалі — сваю справу выканалі. Але мы не супыняемся. Мы падтрымліваем і пасля нашага выпускніка. Сочым за ім. Бо калі мы бачым яго алімпійскім чэмпіёнам… На нашу радасць і гонар ёсць алімпійскія чэмпіёны — выпускнікі нашага вучылішча. Зразумела, мы бачым розных чэмпіёнаў, чэмпіёнаў свету. Хочам бачыць іх. Каб яны былі ў нас. Увогуле — жаданне нас усіх. І гэта не толькі жаданне нашага калектыву, а і ўсіх падобных да нашага калектываў. Каб нашы спартсмены заваёўвалі вяршыні.

— Напэўна, для гэтага патрэбен асаблівы характар?

— Ну, па-першае, трэба разумець, што ўсе спартсмены — неардынарныя асобы. Таму характар прысутнічае ва ўсіх. Ён атрымаў які-небудзь вынік, ён куды-небудзь выехаў — гэта ўжо накладвае пэўны адбітак. Ён робіцца лепшым. А мы бяром толькі лепшых — пераможцаў, прызёраў. Зразумела, яны ўжо нечым адрозніваюцца ад іншых. Але сёння, каб чагосьці дасягнуць у спорце, аднаго характару мала. Трэба прымусіць сябе працаваць галавой. Трэба ўключыць мазгі напоўніцу, каб кім-небудзь сёння стаць.

Сёння спорт часам выходзіць за межы чалавечых мажлівасцей. Гэта прывяло да таго, што спіс забароненых для ўжывання спартсменам сродкаў складае некалькі дзясяткаў тысяч назваў. І сёння той спартсмен, які гэта разумее, які падтрымлівае накірунак «за чысты спорт», кожнае дзіця, якое вырашыла, што будзе займацца спортам, ужо на гэтай стадыі павінна ведаць: ты прыехаў, ты захварэў, патрэбна лячэнне, і ты ўжо сёння павінен ведаць, што табе можна, а што нельга. А калі, напрыклад, бабуля штосьці яму ўжо дала выпіць з лекаў, то дзіця ўжо павінна ў сёмым ці восьмым класе запісаць назву, каб пасля паведаміць, што такога чысла ён ужываў такія медыкаменты.

Сёння да нас прыходзяць спартсмены са сваімі вынікамі, сваімі баламі. Але гэта не асноўнае. Для таго, каб мы ўбачылі добрага спартсмена. У добрага спартсмена, ён павінен мець добры дзённік. Павінны быць дзённік вучэбны і дзённік спартыўны. І адразу бачна: калі ў вучэбным дзённіку шэсць балаў і вышэй, то гэта добра. Між іншым, у нас правіла: 6,0 — гэта мінімум. Наш навучэнец не можа вучыцца ніжэй. А другое правіла: ён павінен весці рабочы дзённік. Калі мы бачым, што ён не піша ў ім, што ён не праводзіць аналіз, не аналізуе выкананую работу, то ўжо можам спрагназаваць яго вынікі. Загадзя. Нават калі гэты спартсмен чаго-небудзь ужо дасягнуў. Мы бачым сутнасць. Бо, з аднаго боку, атрымоўваецца талент, здольнасці і нават характар, а з другога — ёсць таксама не столькі здольныя, але ўдумлівыя і мэтанакіраваныя. Вельмі часта менавіта той, у каго і няма ніякага таленту, і здаецца адразу нічым не выдатным, а прыходзіць да большага. Бо ён пастаянна працаваў над сабой, сачыў за сабой, пазнаваў сябе. Думаю, тут зноў падабенства з мастацтвам. Паглядзіце, колькі навокал юных талентаў. Мноства. А праз нейкі дзясятак гадоў хто з іх застанецца? Будуць тыя ж збольшага, што і ёсць зараз. Будуць спяваць тыя, каму па семдзесят гадоў. А тыя, хто мелі галасы лепшыя, трымаліся на сцэне лепш, куды знікнуць усе гэтыя «таленты»? Гэта проста тлумачыцца. Імі кіруе імпэт, які знікае пры пэўным дасягненні. Але дасягнуць адзін раз мала. Ёсць цудоўныя прыклады. Мне, напрыклад, падабаецца вяртанне Шарапавай. Што б там ні было, але Шарапава вярнулася пасля дыскваліфікацыі. У яе ёсць сваё кола заўзятараў. На яе ідуць. Вось гэта ўменне вяртацца, працягваць, ісці далей — тое, што неабходна.

— Вы ўзгадалі, што на сцэне людзі застаюцца і ў семдзесят гадоў. Насамрэч, думаю, складана сысці з мастацтва. А ці проста сысці са спорту, калі ўжо ўцягнуўся ў гэтую дысцыплінаванасць, рэжым?

— Зразумела, сыходзяць. Я магу прывесці прыклад. Я атрымаў вышэйшую адукацыю, стаў заслужаным майстрам спорту. Такіх, як я, у Беларусі вельмі шмат, але працуе ў спартыўнай сферы вельмі мала. Ну, колькі іх засталося? Дзясяткі два можна налічыць. Але большасць сыходзіць. Чаму? Бо праца гэта няўдзячная. З аднаго боку, ёсць патрэба. Напрыклад, у трэнерах. Па ўсіх каналах кажуць, што сёння адчуваецца дэфіцыт маладых трэнераў. Дэфіцыт у рэспубліцы — гэта не толькі ў нас, гэта ва ўсёй краіне. Галоўная прычына — гэта заробак. Заробак трэнера, маладога спецыяліста, не адпавядае яго патрабаванням. Яго ладу жыцця. Яго абавязкам перад сабой і перад дзяржавай. А з часам ён захоча стварыць сям’ю. Якую сям’ю? Калі яму для сябе не хапае грошай, то як ён пракорміць сям’ю? І чалавек шукае месца, дзе яму будзе лепш. Таму і сыходзіць. Шмат спартсменаў сыходзіць у бізнес і палітыку, у гэтым няма нічога страшнага. Розныя людзі бываюць. Адзін хутка пакіне спорт. Другі не зможа. Трэці — і ні тое, і ні гэта. Быццам і не застаецца, але адначасова і побач. Можна жыць за спортам, можна жыць без спорту. Залежыць ад таго, як складваецца жыццё. Многія нават з нашых работнікаў у свой час сыходзілі ў бізнес, а пасля вярталіся і працуюць, паказваюць вынікі. Гэта ўсё дыктуе жыццё. Тут нельга даваць нейкія крытычныя адказы. Часам перад чалавекам паўстаюць складаныя ўмовы, цяжкія абставіны, і ён не можа займацца любімай справай. Пытанне вельмі сур’ёзнае. І адно можна з упэўненасцю сказаць: маладым людзям замацавацца ў спорце ў наш час складана.

— Раней вы казалі пра межы чалавечых здольнасцей. Ці ёсць гэтыя межы? Сотню гадоў таму былі іншыя рэкорды, і сучасныя дасягненні выглядалі б фантастычнымі. Але ж і сучасныя дасягненні нявечныя? Як вы думаеце, ці скончыцца калі-небудзь гэты рух ад рэкорда да рэкорда? Ці ёсць якая-небудзь планка чалавечых магчымасцей у спорце?

— Зразумела, гэта будзе працягвацца яшчэ доўга. Я ведаю рэкорды, якія трымаліся больш за пятнаццаць гадоў. Але ўсё роўна мы развіваемся. Гэта супыніць нельга. І не толькі мы самі развіваемся, развіваюцца спартыўныя тэхналогіі. Напрыклад, нядаўна стварылі красоўкі вагой 150 грамаў. Уявіце. Уяўляеце? Тады вы зразумееце, што развіццё гэта ў бліжэйшы час не супыніцца.

— Думаю, гэта цудоўна. І для саміх спартсменаў, і для аматараў спорту. Магчыма, вы хацелі б штосьці пажадаць нашым чытачам? Ці параіць?

— Сёння я б хацеў, у першую чаргу, перасцерагчы. Жыццё — з’ява вельмі хуткаплынная. Здаецца, што яно вечнае. А насамрэч, колькі маладых людзей памірае ад перадазіроўкі, ад другіх рэчаў. Яны злоўжываюць сваёй «свабодай». Яны… Я хацеў бы перасцерагчы іх. Ёсць шмат іншых жыццёвых радасцей, проста мы іх не паказваем. Не знаёмім сваіх дзяцей з сапраўдным жыццём. Тут часам і СМІ, здаецца, не дапрацоўваюць, і фільмы не тыя, вакол спрэс не тое. І ў ранг культу трапляюць непатрэбныя, дрэнныя рэчы. Уключаеш які-небудзь канал — і там цэлыя суткі альбо крадуць, альбо забіваюць, альбо іншы гвалт. Каму гэта патрэбна? Навошта? Што гэта нясе? Што можа ўзяць сучасная моладзь з такіх фільмаў або праграм?

У мяне ёсць знаёмыя, якія ў маладосці прайшлі праз розныя цяжкасці, залежнасці. Цяпер у іх добрыя сем’і, праца. Разумееце, моладзі патрэбны прамыя зносіны. Магчыма, рубрыку адкрыць, каб у ёй тыя, хто выбраўся з гэтай ямы, расказвалі, як у ёй страшна.

Яшчэ адно пажаданне. Толькі гэта абавязкова трэба надрукаваць. Гэта сапраўды важна. Калі па тэлебачанні паказваюць, як дваццаць два мужыкі ганяюць па полі дзевяноста хвілін мяч і не могуць забіць гол, не могуць трапіць у вароты, а затым за гэта атрымліваюць грошы... У гэтым вельмі мала ад спорту. Трэба паказваць першынствы сярод школьнікаў: па плаванні, веласпорце. Трэба паказваць дзяцей з медалямі. Трэба, каб у нас бачылі, ведалі, што, напрыклад, твой сусед — чэмпіён вобласці ці чэмпіён рэспублікі. А гэта… Дзевяноста хвілін марнавання часу.

Спорт не павінен быць пустым. І ў гэтым ён таксама падобны да мастацтва. Са спортам ці без спорту — жывіце поўным, сапраўдным жыццём.


Жыць спортам,

або пра тое, што хаваецца ад афіцыйных дадзеных

«О спорт, ты — свет». Штогод гэтыя словы паўтараюць на розныя лады розныя людзі. А які ён — свет? А які ён — спорт? Няўжо ўсё, што мы бачым па тэлебачанні ці з трыбун, — гэта ўсё? Вось бяру я ў рукі, напрыклад, мінулы нумар «Маладосці», і бачу толькі палову. Толькі вынік працы. І нават не ўвесь вынік, бо людзі, якія працавалі над гэтым нумарам, крыху таксама змяніліся. Хтосьці нават значна змяніўся. З рэдактараў ці з аўтараў. Для некага пэўны тэкст стаў адкрыццём, новай важнай прыступкай. Але мы бачым толькі тэксты. І як гэтыя тэксты ўплываюць на нас. Мы бачым толькі моцных, прыгожых, здаровых людзей на спартыўных пляцоўках, стадыёнах; яны трымаюць медалі, а медалі — гэта толькі вынік. Мне захацелася ведаць больш. Захацелася высветліць сутнасць. Што за людзі — спартсмены? Як яны бачаць спорт? Як прыходзяць да яго? Чаму застаюцца? У чым перавагі спартыўнага жыцця? Ці ёсць недахопы? Пытанняў шмат. Адказы на іх я вырашыла пашукаць далей ад вынікаў, бліжэй да вытокаў. Там, дзе людзі пачынаюць разумець слова «спорт» як сінонім слова «жыццё». Такім месцам аказалася Мінская дзяржаўная абласная сярэдняя школа-вучылішча алімпійскага рэзерву.

Хачу адразу адзначыць, што не буду ставіць акцэнты на статыстычных даных і інвентарызацыі памяшканняў. Гэта не галоўнае. І гэта збольшага ёсць у адкрытым доступе ў сеціве. Я паспрабую расказаць пра больш важнае. Для гэтага я доўга размаўляла з навучэнцамі, а затым з намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Інай Іванаўнай Авіжыч. Шмат інфармацыі і эмоцый прыйшлося «адсартаваць» для таго, каб нарэшце атрымаўся пазнавальны і зразумелы тэкст.

Калі ж вам патрэбна статыстыка, то запрашаю на сайт установы. Я, між іншым, перш чым ісці ў госці за рэпартажам, крыху пагугліла, каб прыйсці падрыхтаванай. Пабачыла фотаздымак дырэктара і шмат віншаванняў з рознымі дасягненнямі. Апошнія прымаў Даніэл Мукетэ (дзюдо) — прызёр Кубка Еўропы U-21. У час гутаркі ў вучылішчы ён таксама паказаў сябе выдатна. Калі ж вам не хочацца лезці ў інтэрнэт, то вы атрымаеце крыху лічбаў цяпер. Створана ўстанова ў снежні 1988 года. Укамплектавана трынаццаццю спартыўнымі аддзяленнямі. 225 навучэнцаў, з іх 32 % уваходзіць у склад нацыянальных зборных. 187 супрацоўнікаў. 28 настаўнікаў-выкладчыкаў. 40 трэнераў-выкладчыкаў. 17 алімпійскіх медалёў. Мабыць, хопіць лічбаў. Пяройдзем да справы.

Першае, пра што мне варта сказаць, — гэта месца, дзе знаходзіцца ўстанова. Зразумела, спартсменам на месцы не сядзіцца, але сюды я б вярталася з радасцю. Думаю, і яны вяртаюцца. Амаль ускраіна Мінска, Уручча, парк, шпакі, прыгажосць. Сам жа будынак вучылішча не вылучаецца яркасцю, але і не трэба. Галоўнае, што ўнутры: якія людзі маюць магчымасць праводзіць там свой час. А якія? Настойлівыя, мэтанакіраваныя, упартыя. Гэта яны самі мне так сказалі, і я ім паверыла. Акрамя вышэйназваных характарыстык, ад навучэнцаў патрэбна вельмі шмат. Паспрабую раскласці па палічках.

Узаемадапамога. Без яе спорт немагчымы. Пры гэтым дадзенае паняцце ўтрымлівае ў сабе і павагу да супраціўнікаў. Як прыклад найперш узнікаюць у галаве такія віды спорту, як грэка-рымская барацьба, вольная барацьба і дзюдо. І навучэнцы вучылішча, якія выбралі гэтыя віды спорта, — Сяргей Барадзюля, Ягор Бяляк, Дзмітрый Камінскі, Валянцін Кандрацьеў, Яўген Лемяшэўскі, Антон Сахно, Аляксандр Чашчын, Ілья Юдчыц. Сярод іх майстры спорту і кандыдаты ў майстры, прызёры і пераможцы, удзельнікі еўрапейскіх і сусветных першынстваў. Яны цвёрда ведаюць, што спорт — гэта не вайна. У спорце няма ворагаў. Спорт — гэта агульнае. Тое, што аб’ядноўвае. Спорт — гэта змаганне за перамогу ў межах правіл. Спорт — гэта пастаяннае ўтрымліванне сябе ў межах з мэтай пераадолець іншыя межы. Спорт — гэта крыху іншы свет, і таму ўзаемадапамога тут яшчэ важнейшая. Для тых, хто прыходзіць у спартыўную ўстанову, адразу ўзнікаюць складанасці. Складана адаптавацца. Звыкнуцца з рэжымам і дысцыплінай. Складана ўставаць рана. Таму навучэнцы дапамагаюць навучэнцам. Спартсмены падтрымліваюць спартсменаў. Моцна трымаюць іх, каб тыя смела ішлі па гэтай дарозе ў новае жыццё. Жыццё, якое стане для іх чымсьці вялікім.

Узаемадапамога патрэбна і з прычыны вялікага ціску. Пастаяннае змаганне з сабой і адначасова з гледачамі. Сярод якіх дзясяткі, сотні, тысячы могуць ненавідзець цябе з адной прычыны: ты — спартсмен не з іх горада ці не з іх краіны. А табе нельга хвалявацца. Ты ж спартсмен. Хваляванне паўплывае на выступленне. Ты павінен кантраляваць свой арганізм. Як можна гэта пастаянна цярпець? Як навучыцца ставіць гэты псіхалагічны бар’ер? І ці можна з гэтым справіцца аднаму? Мне здаецца, не.

Як бачна, для спорту мала фізічных здольнасцей. Хоць яны вельмі патрэбны. Напрыклад, ёсць такі цудоўны від спорту, як трыятлон. Для мяне гэта штосьці па-за межамі чалавечага, а юнакі маладзейшыя, чым я, спакойна гэтым займаюцца і, больш таго, атрымоўваюць прызы. Мікіта Белы, Дзяніс Дудко, Мікіта Кацянёў, Таццяна Лукша, Аліна Малашэвіч, Аляксей Раманоўскі — гэта імёны, якія беларусы павінны ведаць, бо яны ўжо адзначаныя поспехам, а наперадзе яшчэ колькі магчымасцей. Тое ж самае можна сказаць і пра пяціборцаў: Ганна Галожына, Вікторыя Марцінкевіч, Наталля Міхалюк, Дар’я Рыжыкава, Іван Хамцоў. Усе яны займаюцца гэтым дзіўным і неабсяжным для простага чалавека відам спорту — сучасным пяцібор’ем. Усе яны неаднаразовыя прызёры розных першынстваў. Калі буду пісаць падрабязна, то не хопіць старонак. Таму адкрывайце гугл і павышайце свой узровень ведаў пра тое, што робіцца ў вашай краіне, пра тых, хто стварае аблічча гэтай краіны ў свеце.

Вярнуся туды, дзе спынілася. Для спорту неабходна і трывалая псіхіка, і розум. Але навучэнцы вучылішча алімпійскага рэзерву не проста спартсмены, яны яшчэ і навучэнцы. Яны атрымліваюць сапраўдную адукацыю з сапраўдным дыпломам. Яны, нягледзячы на поўную занятасць (а пра рэжым пасля больш напішу), вучацца. Вывучаюць не толькі звычайныя дысцыпліны, а і прафесійныя. Напрыклад, біяхімію. Адкуль яны бяруць гэты дадатковы час ці расцягваюць, як гуму, ці карыстаюцца нейкімі чароўнымі прыстасаваннямі, я не ведаю. Але можна сказаць, што яны малайцы.

Яшчэ адна перашкода для вучобы — гэта паездкі. На спаборніцтвы, на спаборніцтвах, са спаборніцтваў. Таму для выкладчыкаў важна ў першую чаргу навучыць юнакоў вучыцца. Навучыць шукаць матэрыял, весці канспект і іншым «прамудрасцям», якія дапамогуць грызці граніт навукі, седзячы ў аўтобусе, які едзе ў далёкія краіны.

Пра рэжым дня. Трэніроўкі пачынаюцца а сёмай раніцы (насамрэч, па-рознаму ў залежнасці ад групы і віду спорту, але прывяду той прыклад, які агучылі мне). Ранішняя трэніроўка. Плывец праплывае 3—5 кіламетраў. Ведаю людзей, якія столькі за цэлы дзень не праходзяць, а ён праплывае. Ён? Напрыклад, Павел Башура — член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь. А магчыма, і яна. Напрыклад, Ксенія Чайка, Елізавета Саломеная, Ірына Міхалёнак, Ганна Максімец — майстры спорту Рэспублікі Беларусь, неаднаразовыя пераможцы і прызёры чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь. Для мяне ў гэтай трэніроўцы дадатковай складанасцю была б неабходнасць лічыць. Бо гэта ж не па прамой кіламетры, а туды-сюды, ад борціка да борціка. Ранішняя трэніроўка цягнецца прыкладна дзве гадзіны. Пасля трэніроўкі — вучоба. Вучоба займае гадзін пяць. І затым зноў трэніроўка. Адбой а палове на адзінаццатую. Пры гэтым, як мне падкрэслілі, сапраўдны адбой, а не тое, што несур’ёзная дзяўчынка магла падумаць (сацыяльныя сеткі, размовы-жарты, уцёкі праз фортку). Зразумела, ёсць месца і для ежы, але я яе чамусьці вырашыла выцягнуць з агульнага рэжыму і напісаць пра яе асобна. Напэўна, не атрымалася б з мяне спартсменка. Бо ў спартсмена не павінна нічога «вылазіць» з рэжыму. Дысцыпліна — на першым месцы. То ежа. Харчуюцца навучэнцы чатыры разы на дзень. Харчаванне, зразумела, спецыяльнае спартыўнае, збалансаванае. Адна з прычын прыйсці вучыцца сюды. На жаль, па-за межамі доступу вегетарыянцаў. І гэта не мой камень у іх агарод, а так склалася. Прычына — у нейкіх амінакіслотах, якія, акрамя як з мяса, чалавек не ведае, адкуль узяць. А спартсмену гэтыя амінакіслоты патрэбны нават больш, чым звычайным людзям. Ну, самі разумееце, што тут зусім іншы ўзровень работы арганізма. Вялізнае месца — роўнаму дыханню, пульсу. Адразу ўяўляецца прафесійны лёгкаатлет, а побач, напрыклад, я. Зразумела, што я не раўня Анастасіі Бялковіч, Кірылу Барысу, Ільі Галаганюку, але справа не толькі ў мышачнай масе, але і ў адлегласці ад свайго цела. Для мяне маё цела, па сутнасці, прылада, для іх гэта музычны інструмент. Таму мне ўпэўнена і ледзь не хорам заявілі: «Прафесійны спорт і вегетарыянства несумяшчальныя». Я нават у гэты момант сябе вегетарыянкай адчула. Сумна стала неяк.

Акрамя таго, што дысцыпліна спартыўнага жыцця не дазваляе жыць без мяса, яна яшчэ і не дазваляе завесці шкодныя звычкі. З аднаго боку, часу не хапае. З другога, зловяць — выкінуць адразу. З трэцяга, глупства гэта, пра якія шкодныя звычкі можна гаварыць, калі ў цябе думкі пра алімпійскія гульні, пра медалі.

Здаецца, я крыху вышэй выказала здзіўленне: адкуль бяруць час на вучобу. А зараз выкажу яшчэ большае. Бо пасля таго, як час на вучобу выдаткаваны, яшчэ застаецца час на мастацтва. Так, я зусім не хлушу. Праводзяцца розныя мерапрыемствы, конкурсы, спевы, танцы. Дзень вучылішча, канцэрты, гітара, вальс.

Усё гэта ў цэлым утварае «маленькую сям’ю». Ці штосьці большае. Бо нават у членаў сям’і не заўжды агульныя мэты і аднолькавыя спосабы іх рэалізацыі. Не аднолькавы свет. У навучэнцаў і выкладчыкаў вучылішча алімпійскага рэзерву свет адзіны. Адзіны далягляд. Адзіны шлях. Кожны з іх займаецца лепшым відам спорту (а кожны лічыць менавіта той від спорту, якім займаецца, лепшым). Для Вікторыі Гедровіч — гэта кулявая стральба. Для Паліны Бялецкай і Вячаслава Кавалёва — вольная барацьба. Для Арцёма Асомчыка і Ігара Гоманава — лёгкая атлетыка. Для Вячаслава Карпава і Кірыла Кірпічова — фехтаванне. І кожны з іх бачыць наперадзе медаль. Чуе гімн сваёй Айчыны, які гучыць праз яго намаганні ў розных краінах свету. Спартсмен — гэта своеасаблівы місіянер. Гэта дзеяч культуры. Праз беларускіх спартсменаў пра Беларусь гавораць у розных куточках свету. Гэта гонар і гэта адказнасць.

Шчыра скажу: падарожжа ў вучылішча алімпійскага рэзерву стала для мяне важным. Я шмат зразумела. Шмат стэрэатыпаў развалілася на маленькія кавалачкі і ніколі больш не будзе замінаць мне. Захацелася стаць мацнейшай. Прачынацца раней, працаваць больш. Над сабой. І проста працаваць. Каб дасягнуць вяршынь у самым экстрэмальным відзе спорту і самым вычурным жанры мастацтва — у жыцці.

 

Досця Звяздоўская

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».