Вы тут

Як «Песня года Беларусі-2017» прайшла ў Маладзечне


«Песня года Беларусі» — чаканае музычнае свята, якое тэлеканал АНТ ужо другі год запар праводзіць на сцэне летняга амфітэатра ў Маладзечне. Асновай для фарміравання трэк-ліста канцэрта сталі спісы лідараў ратацый, якія падаваліся музычнымі рэдактарамі самых папулярных радыёстанцый Беларусі на працягу паўгода. Такім чынам, разам былі сабраныя лепшыя песні за першае паўгоддзе 2017-га. Тэлевізійную версію праекта можна было ўбачыць у эфіры тэлеканала ў дзень яго 15-годдзя.


Песні беларускай эстрады цікава паслухаць. Але, прызнацца, не заўсёды чакаеш пачуць штосьці новае і адметнае. У гэтым сэнсе «Песня года — 2017» стала сапраўдным адкрыццём. Такой колькасці добрых хітоў ніяк не чакалася. Цікава і тое, што некаторыя папулярныя артысты выконвалі новыя кампазіцыі на беларускай мове.

«Час стварэння новай ментальнасці»

Калі на сцэну выйшаў неверагодна стыльны Uzаrі, колішні прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні», і пачаў вельмі яскрава выконваць песню «Я выдумляю», больш сядзець на месцы я не змагла: зразумела, што трэба тэрмінова ісці за сцэну, каб пагутарыць з выканаўцам. Як высветлілася, Uzаrі ўсё часцей і часцей выкарыстоўвае беларускую мову ў сваёй творчасці.

— Час прыйшоў. Я вырашыў размаўляць на мове, вывучаць яе, успомніць словы, бо ў кожным беларусе яны жывыя. Калі мы пачынаем размаўляць на мове, тады мова размаўляе з намі, — распавёў карэспандэнту «Звязды» Юрый Наўроцкі, ён жа Uzаrі. — Я вырашыў пісаць песні менавіта па-беларуску. Прычым мова павінна гучаць не ў папсовых камерцыйных творах. Трэба рабіць на ёй музыку, якая будзе працаваць на нашых дзяцей. Спачатку я напісаў песню «Мора», затым «Я выдумляю», — і яна сканцэнтравала ўсе мае добрыя пачуцці. Песня нарадзілася адразу, прыйшла ў адно імгненне, я вельмі ўдзячны Мікіту Найдзёнаву за кранальны тэкст... Менавіта сёння час мовы, пачатак стварэння новай ментальнасці Беларусі. Я зразумеў, што, калі я не пачну рабіць гэта, то мае думкі нічога не вартыя... Адметна, што сёлетнія ўдзельнікі «Еўрабачання» спявалі па-беларуску. Увогуле ж кожны артыст, які прадстаўляў нашу краіну на гэтым конкурсе, рабіў пэўны новы крок. Хтосьці выходзіў у шыкоўнай сукенцы, іншы выдатна танчыў, нехта дэманстраваў, што мы можам выдатна спяваць па-англійску... Я, выступаючы пасля Тэо, вырашыў адмовіцца ад усіх шоу, ад усіх спецэфектаў. А сёлета мы паказалі, што можам быць з роднай мовай.. Я вельмі б хацеў, каб наступныя ўдзельнікі «Еўрабачання» таксама імкнуліся спяваць па-беларуску.

Uzаrі лічаць яскравым прадстаўніком новай папулярнай беларускай музыкі. Але спявак адзначае, што гэтым заняткам асаблівых грошай сёння не заробіш: варта проста імкнуцца рабіць добрую музыку. На яго думку, магчыма, нашы дзеці, унукі, змогуць шырэй разгарнуцца на музычным алімпе.

У многім салідарная з Uzаrі і Юлія Глебава, якая выканала поп-рокавую кампазіцыю «Малюй», выкарыстаўшы яшчэ і цымбалы.

— Сёлета ў нас выйшаў альбом, у якім палова песень — беларускамоўныя. У адрозненне ад папярэдняга альбома, гэта істотная змена для нас і, можна сказаць, дасягненне. Мы хочам рухацца і далей у кірунку большай колькасці беларускамоўных песень, — гаворыць Юлія Глебава. — Да гэтага ў нас было жаданне зрабіць беларускамоўны альбом, але, скажу шчыра, мы пабойваліся рэакцыі публікі, бо здаралася ўсякае. Таму, адчуўшы аддачу ад гэтай песні, мы надзвычай узрадаваліся.

Песня «Малюй», якую Глебава выконвала на «Песні года», ёй аднойчы прыснілася. Яна ўбачыла ў сне рукі цымбаліста, што іграюць пэўны цымбальны рытм, кавалак запеву — і іх уключылі ў песню. Песня сапраўды быццам прыйшла з нябёсаў. Усё невыпадкова, упэўнена Глебава, гэта пэўны знак, і трэба рухацца далей. Песню аўтарка напісала разам з мужам Аляксеем Глебавым.

Спявачка распавяла, што ёй нярэдка перад абуджэннем прыходзяць матывы песень. Тут галоўнае не разгубіцца, калі расплюшчваеш вочы, адразу іх занатаваць. Іначай прыгожыя матывы могуць проста растварыцца.

«Няма нічога больш вясёлага...»?

Саша Нэма, Аляксей Хлястоў, Іна Афанасьева, Георгій Калдун, Галіна Шышкова — любімыя беларускія артысты таксама прадставілі ў гэты дзень надзвычай яскравыя новыя песні. Радуе тое, што ў беларускай музыкі запамінальны матыў, лёгкія, кранальныя тэксты.

Надзвычай горача публіка прыняла выступ Ядвігі Паплаўскай. Нагадаем, што сёлета сышоў з жыцця яе муж спявак Аляксандр Ціхановіч. Таму гледачы ў знак спачування і салідарнасці апладзіравалі спявачцы стоячы. Паплаўская выканала пранікнёную песню «Как я люблю», а напрыканцы дадала: «Ваша Ядвіга. І, вядома. Саша».

Анатоль Ярмоленка выйшаў на сцэну разам са сваім унукам, таксама Анатолем Ярмоленкам, і Алесяй — атрымаўся сямейны творчы тандэм.

Гурт «Дразды» — вакальна-інструментальна-танцавальна-гумарыстычны ансамбль, як іх прадставілі, — выканаў надзвычай драйвовую песню. «Звычайна мы спяваем вясёлыя песні. Але няма нічога больш вясёлага, чым светлы сум. Улюбляюся. Паехалі», — сказаў саліст Віталь Карпанаў. І дадаў, што ён звычайны хлопец з вёскі Сівіца Валожынскага раёна, на што зала адрэагавала надзвычай узрадавана.

Бурныя авацыі, спевы ў зале выклікала выступленне Аляксандра Саладухі. Ён падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» сваімі думкамі пра творчы шлях і славу:

— Публіка шмат гадоў надзвычай добра прымае мяне ў многіх гарадах Беларусі. Я хачу падзякаваць усім слухачам, якія прыходзяць на мае канцэрты ўжо 30 гадоў. Сёлета я адзначыў два грандыёзныя юбілеі: 30 гадоў на сцэне, у першы дзень вясны, а таксама ў той жа дзень чвэрць стагоддзя споўнілася майму хіту «Здравствуй, чужая милая». На «Песні года» я выканаў песню з новага, 11-га майго сольнага альбома, які называецца «Мы будем вместе», па аднайменнай песні. З прэзентацыяй альбома я выправіўся ў тур па Беларусі і планую наведаць каля 100 гарадоў... У мяне ёсць хіты на беларускай мове — «Заварожаная фея» — надзвычай прыгожая песня Алега Елісеенкава на вершы Алеся Бадака, а таксама песні «Каралева зімы», «Я не вярнуся». Даўно ніхто не прапаноўваў песень па-беларуску — калі б штосьці з'явілася, я з задавальненнем бы выканаў.

«Я нібы выцягнуў шчаслівы білет»

Яскравы прадстаўнік маладой генерацыі на «Песні года» — гэта Ян Яраш. Часам яго называюць «адкрыццём года». Выканаўца распавёў пра свой шлях да поспеху:

— Маё супрацоўніцтва з тэлеканалам АНТ пачалося з тэлевізійнага праекта «Легенды. Lіvе», дзе я працаваў сесіённым музыкантам і іграў з многімі артыстамі. У той час я працаваў, пэўна, з сямю беларускімі гуртамі, шмат дзе мільгаў як клавішнік. Але мне хацелася рабіць нешта сваё. Тады я падаў заяўку на конкурс «Акадэмія талентаў». І ён стаў маім адпраўным пунктам — я паверыў у сябе як у вакаліста і пачаў рабіць уласную музыку. Менавіта пасля гэтага конкурсу мае песні сталі займаць лідзіруючыя радкі хіт-парадаў. Таксама я ўдзельнічаў ва ўкраінскім шоу «Голас» — там пасупрацоўнічаў са Святаславам Вакарчуком і Патапам. Такое адчуванне, нібы выцягнуў шчаслівы білет: са мной працавалі найлепшыя музыкі. Я не буду спыняцца на тым, чаго дасягнуў, бо ў жыцці самае важнае — рабіць тое, чаго ты хочаш, а што з гэтага атрымаецца — трэцяя справа. Галоўнае — быць шчырым перад самім сабой. Песню «Блізка» я напісаў у суаўтарстве з Максімам Гетманам і Данілам Яцэвічам. Дарэчы, я займаюся не толькі інструментальнай, але і электроннай музыкай (мы вырашылі раздзяліць гэтыя два кірункі), у апошнім мяне актыўна падтрымлівае «Дэнман прадакшн».

Бразільскія матывы гурта «Без білета», сонечны, летні настрой Nароlі, рамантычны дуэт Тэа і Вольгі Рыжыкавай — усе фарбы лепшай эстраднай музыкі былі прадстаўлены на адной сцэне. Завяршылі канцэрт любімцы публікі дуэт Nаvі. Можна з упэўненасцю сказаць, што будучыня ў беларускай эстрады ёсць. І яна нас яшчэ не раз прыемна здзівіць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

г. Маладзечна

Загаловак у газеце: Самае важнае — рабіць добрую музыку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».