Вы тут

Сёлета «Тэлебарометр» адзначыў 20-годдзе


Усё ж надвор'е — тэма не толькі вечная, але і карысная. Вось так пачуеш у адной са сталічных кавярняў абмеркаванне лета, прыгледзішся — а гэта Дзмітрый Карась запісвае чарговы выпуск «Тэлебарометра».


Праграма, якая даўно ператварылася з метэапрагнозу на тыдзень у калейдаскоп цікавых навін і фактаў, — адзін са старажылаў айчыннага ТБ, бо сёлета «Тэлебарометр» адзначыў 20-годдзе. Але, запэўнівае творчая група, з цягам часу тэм для размоў менш не стала: «Гэта толькі здаецца, што пра беларускі клімат мы ўсё ведаем — штораз здараюцца цікавыя адкрыцці».

Прыслухоўваюся, пра што распавядаюць госці чарговага выпуску праграмы. Напрыклад, кандыдат біялагічных навук з БДПУ Ганна Свірыд расказвае захапляльныя гісторыі пра водарасці, што ў перспектыве змогуць замяніць і хлеб, і масла, вопытныя фларысты вучаць складаць букет «па навуцы», а арганізатар купальскага фэсту «Свята сонца» Васіль Грыбоўскі ўспамінае аб прызабытай ўжо варажбе на трыпутніку. Зрэшты, пра гэта і многае іншае гледачы даведаюцца ўжо ў наступную нядзелю.

— Я сам не думаў, што будзе так цікава, — прызнаецца ў перапынку Дзмітрый Карась (ён вядзе «Тэлебарометр» з 2014 года. — Аўт.). — Паколькі, набыўшы дом у вёсцы, вельмі часта там бываю, цяпер тэмы надвор'я, прыроды і экалогіі сталі для мяне надзвычай важнымі. Пакуль жыву на два дамы, але мару нарэшце перабрацца ў вёску канчаткова, таму як будучы сельскі жыхар цікаўлюся пасадкамі, доглядам за раслінамі. Пахвалюся: дзякуючы гасцям праграмы ў маім гародзіку растуць 10 кустоў бульбы, з якіх два сарты з'явяцца на прылаўках толькі налета! І хоць дагэтуль не магу запомніць, якімі ўгнаеннямі што апрацоўваць, але лічу гэта не надта патрэбным — няхай лепш ураджай будзе экалагічна чыстым.

— Як спраўляецеся з роляй жывога метэадаведніка?

— Пра надвор'е ў мяне цікавяцца пастаянна, — смяецца вядучы. — А яшчэ падыходзяць з пытаннем: «Гэта ж вы пераехалі на вёску?» І я нястомна паўтараю, што гэта не вельмі складана, не вельмі дорага, і нават працы не так шмат, як здаецца. Трэба проста псіхалагічна настроіцца, што ты не выканаеш усё сёння, нешта даробіш заўтра, і атрымліваць асалоду ад вясковага жыцця. Вось я сёлета ўпершыню ўпадабаў праполку — у дзяцінстве цярпець не мог, а цяпер, напэўна, дарос.

Як і раней, гледачы пільна сочаць за «Тэлебарометрам»: адны дасылаюць фотаздымкі сваіх кветнікаў і градаў, другія дзеляцца прыроднымі назіраннямі і метэапрыкметамі. Асабліва верныя прыхільнікі «разбіраюць па костачках» кожны выпуск і нават прысвячаюць праграме вершы. Творчая група ў адказ стараецца трымаць узровень. Дарэчы, дзелімся прагнозам на будучыню: ужо ў верасні праграма абновіцца: «Тэлебарометр» стане больш глянцавым і, акрамя навін, фактаў, сустрэч з навукоўцамі, прапануе гледачам падборкі «вакол надвор'я» з усяго свету.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Барометр паказвае «ясна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».