Вы тут

Ці кожны настаўнік здольны прыняць філасофію актыўнай ацэнкі?


Прызнайцеся, ці часта вам сняцца сны пра будучы экзамен або пра тое, што вас выклікаюць да дошкі, а вы вельмі баіцеся атрымаць нізкую адзнаку? Аказваецца, такія сны сняцца і настаўнікам, якія цяпер самі выстаўляюць адзнакі, бо ўжо вельмі шмат негатыўнага з імі звязана... Страх і пакланенне перад "двойкамі" і "дзясяткамі" фарміруецца ў школе літаральна з першых гадоў навучання. Але ёсць настаўнікі, якія не выкарыстоўваюць адзнаку ў якасці бізуна, больш за тое — яны прытрымліваюцца думкі, што без памылак навучанне і рух наперад у прынцыпе немагчымыя. На уроках у такіх педагогаў дзеці не баяцца памыляцца, не баяцца рассмяшыць сваім адказам клас, яны вучацца найперш для сябе, а не для сваіх бацькоў ці педагогаў... Размова ідзе пра прыхільнікаў актыўнай ацэнкі (АА). Днямі на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў фестываль "Стратэгіі актыўнай ацэнкі ў практыцы педагогаў", які сабраў каля 90 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У ім прынялі ўдзел фіналісты і ментары пятага дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы, лідары АА ў Беларусі, прадстаўнікі сістэмы дадатковай прафесійнай адукацыі педагогаў, а таксама кіраўнік экспертаў па актыўнай ацэнцы ў Польшчы Данута СТЭРНА і дырэктар школы з Вроцлава Аляксандра МІКУЛЬСКА, якія падзяліліся з беларускімі калегамі сваім досведам.


Вучымся на памылках

Мікалай ЗАПРУДСКІ: "Чаму актыўная ацэнка — лепшае, што ёсць у адукацыі?"

— Чаму, калі вы прымяняеце на сваіх уроках актыўную ацэнку, можаце смела казаць, што знаходзіцеся ў агульнасусветным трэндзе? Чаму актыўная ацэнка — лепшае, што ёсць у адукацыі? — разважае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ. — Акрамя даказальнай медыцыны, існуе і даказальная педагогіка, ёсць людзі, якія пацвердзілі эфектыўнасць гэтай формы работы. Для прыкладу, аўстралійскі прафесар Джон Хэці правёў вялікае даследаванне, якое ахапіла настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў амаль з 70 краін. У выніку ён устанавіў фактары, якія пазітыўна і адмоўна ўплываюць на якасць адукацыі вучняў. У прыватнасці, было ўстаноўлена, што першае месца сярод станоўчых фактараў займае актыўная ацэнка.

У дакладзе Адкрытага ўніверсітэта Вялікабрытаніі былі вылучаны 10 найбольш значных новаўвядзенняў, якія акажуць самы вялікі ўплыў на адукацыю ў свеце ў наступныя гады. Адно з іх — актыўная ацэнка (у дакладзе яна названая дынамічным ацэньваннем), але больш распаўсюджаны тэрмін і на Захадзе, і ў Расіі — фарміруючае ацэньванне.

Прыхільнікі актыўнай ацэнкі называюць яе новай адукацыйнай філасофіяй. Яна складаецца з важных элементаў, якія дапамагаюць зрабіць працэс навучання больш скіраваным на асобу кожнага вучня. Чаму філасофія? Таму што патрабуе ад настаўніка прыняць новую ролю і адмовіцца ад стэрэатыпаў, якія склаліся ў традыцыйнай адукацыйнай мадэлі. Па-першае, педагогу трэба прыняць ідэю, што ўсе вучні могуць вучыцца: кожны на сваім узроўні, паступова пераадольваючы прыступку за прыступкай, пры адпаведнай падтрымцы настаўніка. А памылкі — гэта натуральны складнік навучальнага працэсу. Адна са стратэгій АА — вучымся на памылках. Настаўнік вучыць не для таго, каб злавіць на памылках, а для таго, каб навучыць. Калі педагог дае магчымасць памыляцца, істотна змяняюцца паводзіны вучня, яны смялей пачынаюць выказвацца, дзяліцца цікавымі ідэямі, задаваць пытанні, агучваць гіпотэзы.

Менавіта каментарый ад настаўніка (вусны і пісьмовы), а не адзнака ў балах, з'яўляецца фундаментам актыўнай ацэнкі. Праз каментарый настаўнік паказвае моцныя бакі вучня, прабелы ў засваенні матэрыялу і дае рэкамендацыі, як іх выправіць. Такім чынам вучань прымае актыўны ўдзел ва ўласным навучанні, бо дыягностыка адбываецца ў першую чаргу для яго. Усё навучанне ў межах актыўнай ацэнкі пранізана зваротнай сувяззю: ад настаўніка да вучня, ад настаўніка да бацькоў, ад вучня да іншага вучня, ад вучня да бацькоў. Навучэнцы маюць магчымасць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі. Актыўная ацэнка падказвае, у якім кірунку ім рухацца далей, матывуе і прымушае браць на сябе адказнасць за сваё навучанне.

Для педагога актыўная ацэнка — гэта разуменне іншай, самастойнай пазіцыі вучня. Шлях да змен як унутры сябе, так і навокал. Але любое развіццё — гэта, у пэўнай ступені, выхад з зоны камфорту, да якога гатовы далёка не ўсе.

Каб не зарасці мохам

Адна з удзельніц фестывалю АА, аспірантка Інстытута адукацыі Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта "Вышэйшая школа эканомікі" (Расія) Кацярына КУКСО аперыруе цікавым тэрмінам "замшэласць розуму".Такі дыягназ, на яе думку, хоць і не з'яўляецца смяротным па медыцынскіх паказчыках, але тым не менш цалкам сур'ёзны, асабліва калі гаворка ідзе пра настаўнікаў. Прыкметамі "замшэлага розуму" могуць быць наступныя фразы: " Яго (яе) немагчыма навучыць!", "Гэты клас заўсёды такі недысцыплінаваны" і "Што рабіць, раз ужо такія ў іх бацькі?" Характэрна, што часта ў педагогаў бывае "замшэлы розум" адносна педагагічных пытанняў. Некаторыя прафесійныя задачы (напрыклад, падцягванне слабых вучняў, развіццё вучэбнай самастойнасці) прызнаюцца ў прынцыпе невырашальнымі. Яны паступова пакрываюцца мохам, і мала хто верыць, што з імі можна справіцца. Настаўнікі часта самі падтрымліваюць у вучнях міф пра "прыроджаныя здольнасці". Гэта ж прасцей сказаць: "У яго (яе) няма здольнасцяў да матэматыкі", чым прызнацца сабе, што "Я пакуль не ведаю, як навучыць гэта дзіця. Для мяне гэта складаная задача".

Цікава, што на дыстанцыйны курс "Стратэгіі актыўнай ацэнкі", які вось ужо пяць гадоў праводзіць Таварыства беларускай школы, заявак заўсёды паступае больш, чым могуць задаволіць, часам конкурс даходзіць да трох чалавек на месца. Перавага аддаецца педагогам, якія добра абгрунтавалі сваё жаданне вучыцца ў анкеце-заяўцы, а калі з адной установы запісваецца на курс шмат ахвотных, то залічваецца адзін чалавек — лідар (намеснік дырэктара або настаўнік, які ўзначальвае метадычнае аб'яднанне), які затым зможа ў сваім калектыве прасоўваць ідэі актыўнай ацэнкі. Праўда, ёсць адна акалічнасць, якая заслугоўвае ўвагі: для сталічных настаўнікаў адкрыта "зялёнае святло", яны праходзяць фактычна па-за конкурсам, бо сёння, на жаль, зусім не многія з іх настроены штосьці змяняць у сваёй рабоце. Але ёсць і зусім іншыя прыклады — шчырай зацікаўленасці педагогаў...

— Адна з настаўніц сказала літаральна наступнае: "Калі б не актыўная ацэнка, то я, напэўна, сышла б са школы ў іншую сферу", — расказвае Мікалай Запрудскі. — Асабліва моцны прэсінг як з боку адміністрацыі ўстановы, так і з боку бацькоў вучняў, педагогі адчуваюць напрыканцы вучэбнай чвэрці, і не ведаюць, як гэтаму процістаяць. Ці вось яшчэ адно з меркаванняў: "Я не бачыў раней такой шчырай зацікаўленасці ў тым, што адбываецца на ўроку. На мяне глядзелі і лавілі кожнае маё слова ўсе без выключэння".

Дарэчы, сярод фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года — 2017", якія будуць у верасні змагацца за ганаровы тытул, ёсць і дзве выпускніцы сёлетняга дыстанцыйнага курса актыўнай ацэнкі Неабыякавыя педагогі ніколі не спыняюцца ў сваім развіцці... Дык які ж цуд адбываецца на ўроках з актыўнай ацэнкай?

Калі вы не ведаеце, куды плыць...

Як прызналася Данута Стэрна, адзін вучань калісьці ёй сказаў: "Вы павінны мяне навучыць, а я пагляджу, як у вас гэта атрымаецца?" Падобныя сітуацыі, напэўна, могуць прыгадаць многія педагогі...

Галіна СУХАВА: "Урок лічыцца эфектыўным толькі тады, калі кожны вучань на ім "падрос". Але нельга спартсмену-пачаткоўцу адразу выстаўляць планку на ўзроўні майстра спорту".

— Ці можна навучыць таго, каму нецікава? — задае зусім не рытарычнае пытанне адзін з ментараў дыстанцыйнага курса АА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі "настаўнік-метадыст" віцебскай гімназіі №5 Галіна СУХАВА. — Але ў навучальны працэс трэба ўключаць усіх... Леў Выгоцкі калісьці казаў, што ўрок лічыцца эфектыўным толькі тады, калі кожны вучань на ім "падрос". Але як бы мы ні хацелі, нельга спартсмену-пачаткоўцу адразу выстаўляць планку на ўзроўні майстра спорту. Нікога не трэба пераконваць, што мэта настаўніка і мэта вучня знешне выглядаюць па-рознаму. Але вельмі важна, каб яна загучала аднолькава, а для гэтага трэба перакласці мэту настаўніка на даступную вучню мову. Ці настаўнік можна прымяніць прыём "Набор мэт" — калі ён прапануе магчымы набор мэт, а вучні выбіраюць з іх толькі тыя, якія ім па сілах і якія для іх цікавыя. Так працуе адна з вядучых ідэй актыўнай ацэнкі — магчымасць свядомага выбару...

"Калі вы не ведаеце, куды плысці, ні адзін вецер не будзе для вас спадарожным", — сказаў некалі Сенека. Тое ж і з вучнямі, якія пачулі толькі тэму ўрока, але не ведаюць, што яны павінны вывучыць і навошта ім гэта трэба. "Чаму я павінен падкрэсліваць, вылучаць, пісаць, рашаць?" А калі адкрыць дзецям "таямніцу", навошта яны вучацца, разам сфармуляваць мэту ўрока, то можна зрабіць іх сваімі саюзнікамі. Вучэбная мэта — гэта тое, чаго настаўнік з вучнямі спадзяецца дасягнуць на працягу 45 хвілін урока. Мэты трэба фармуляваць сцісла і дакладна, увогуле правільнае вызначэнне мэт — асобнае мастацтва...

Носьбіты філасофіі актыўнай ацэнкі карыстаюцца абрэвіятурай "НаШтоБуЗУ" — гэта крытэрыі ацэнкі, інфармацыя для вучняў — на што настаўнік будзе звяртаць увагу. Так бы мовіць, кантракт паміж вучнем і педагогам на канкрэтны ўрок. Калі педагог адразу вызначае крытэрыі поспеху, вучань дакладна ведае, якую работу ён павінен выканаць, якімі будуць чаканні настаўніка, а настаўнік не мае праблем з ацэньваннем працы вучня. З "НаШтоБуЗУ" і вучань адчувае сябе на ўроку больш упэўнена.

Падчапіць вучня на "кручок"

Не менш важнае мастацтва — уменне задаваць на ўроку пытанні.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ: "Ключавыя пытанні — гэта той "кручок", які чапляе ўвагу вучня і не адпускае, пакуль задача не будзе вырашана".

— Закідаць пытаннямі прасцей за ўсё. Куды больш складана патрапіць у цэль, — папярэджвае яшчэ адзін з ментараў дыстанцыйнага курса АА, настаўнік фізікі кваліфікацыйнай катэгорыі "настаўнік-метадыст" гімназіі №1 з Жодзіна Эла ЯКУБОЎСКАЯ. — У мультфільме пра Машу і Мядзведзя галоўныя героі знаходзяцца разам на рыбалцы і дзяўчынка сыпле пытаннямі: "А ў мяне клюе? А у цябе клюе? А калі клюе? А тут клюе? А чаму не клюе? А дзе клюе? А хто клюе? А як клюе? А вось так клюе?.." Машачка — гэта мы, настаўнікі. Мы закідваем дзяцей пытаннямі, не пакідаючы ім часу на раздумванне і абмеркаванне. Я правяла свае даследаванне. Цікавілася ў калег, колькі часу яны даюць на пошук адказу. Казалі, што секунд трыццаць. Нічога падобнага, мае замеры паказалі, што максімум пяць секунд. Запішыце свой урок на відэа і паназірайце...

Педагог павінен прадумаць ключавое пытанне, на якое цягам 45 хвілін навучэнцы будуць шукаць адказ. Гэта той "кручок", які чапляе ўвагу вучня і не адпускае, пакуль задача не будзе вырашана. Ключавыя пытанні на ўроку павінны абуджаць цікавасць, падштурхоўваць да разважанняў, уцягваць і матываваць, яны павінны быць шчыльна звязаны з мэтай урока ці нават з серыяй заняткаў, паскараць дасягненне мэты. Гэта можа быць пытанне-праблема, пытанне-гіпотэза, загадка, заданне, тэзіс, сітуацыя, малюнак ці здымак, калаж ці нават паводзіны настаўніка — калі ён стварае пэўную сітуацыю на ўроку. Пытанні павінны правакаваць дыскусію, ствараць праблемную сітуацыю.

Вось некалькі прыкладаў ключавых пытанняў. У Італіі ёсць вядомая пячора, якую называюць "Сабачая пячора". Чалавек, калі ў яе трапляе, можа знаходзіцца там працяглы час, а сабака адразу задыхаецца і гіне. Растлумачце, чаму гэта адбываецца? Чаму крынічная вада не замярзае зімой? Чаму ў нацыянальных кухнях каўказскіх народаў практычна няма вараных і тушаных страў? Што агульнага мае космас з патэльняй? Ці можна зрабіць так, каб вада кіпела толькі ў палове пасудзіны?

І яшчэ адна заўвага. Звычайна настаўнік цікавіцца, хто хоча адказаць на пытанне. І першая ўзнятая рука ў класе "выключае" з пошуку адказаў прыкладна палову вучняў у класе. А калі руку падняў выдатнік, то і яшчэ больш — усе яго аднакласнікі тут жа расслабляюцца. Таму многія з настаўнікаў, якія вучыліся на курсах АА, карыстаюцца правілам непадымання рукі, і выклікаюць вучняў да адказаў з дапамогай жэрабя, напрыклад, шляхам выцягвання палосак з прозвішчамі. Правіла непадымання рукі змяншае для вучняў верагоднасць адседзецца, так бы мовіць, у глядзельнай зале, нават калі ідзе работа ў групе.

Зрабіць бацькоў саюзнікамі

— У актыўнай ацэнцы мяне вельмі прыцягвае пастаноўка мэт і ключавыя пытанні, — канстатуе настаўнік гісторыі і грамадазнаўства з бабруйскай гімназіі №3 Іван ПЕСЕНКА. — Ключавыя пытанні вельмі стымулююць цікавасць дзяцей і ў працэс пошуку адказаў уцягваюцца нават самыя слабыя вучні. Калі ключавое пытанне сфармуляванае правільна, то на ўроку працуюць усе. Я выкладаю гісторыю і шасцікласнікам, і старшакласнікам. Правіла непадымання рукі з малодшымі вучнямі працуе горш, таму што яны ўсе хочуць адказваць, і для іх непадыманне рукі — хутчэй, пакаранне. А вось работа ў групах добра спрацоўвае ў старшых класах, і, здараецца, што, працуючы ў камандзе, мае вучні прыходзяць да вельмі цікавых высноў. А самае складанае для мяне — выстаўляць адзнакі і тлумачыць дзіцяці, за што яно атрымала той ці іншы бал. Калі ацэньванне пераўтвараецца ў адзнаку, якую трэба выставіць у журнал, для мяне гэта сапраўдная праблема.

— Самае складанае — гэта выкараніць у свядомасці вучняў і іх бацькоў генетычную накіраванасць на адзнаку. Таму што нават у першых і другіх класах з безадзнакавым навучаннем яны спрабуюць пераводзіць усе плюсікі, сонейкі і смайлікі ў балы, — прызнаецца настаўніца пачатковых класаў сталічнай школы №55 Наталля ЛІТОЎЧЫК. — Вельмі складана пераканаць, што дзеці вучацца ў першую чаргу для сябе. Да таго ж і бацькі схільныя перакладваць адказнасць на настаўніка. Прасцей рухацца наперад, узброіўшыся стратэгіяй актыўнай ацэнкі з першага года навучання, як гэта адбылося ў мяне. На бацькоўскім сходзе я правяла ўрок — з пастаноўкай мэт, вызначэннем крытэрыяў ацэньвання, толькі ў ролі вучняў былі бацькі. А затым спытала, ці было ім цікава на такім уроку?

— Для мяне актыўная ацэнка — гэта крыніца чыстай вады. Я піянер у сваёй установе, які цягне ўсіх за сабой, але мне рабіць гэта прасцей, паколькі я кіраўнік, — смяецца дырэктар Заеліцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад—сярэдняя школа Глускага раёна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана ЛАБАДАЕВА. — Першы раз пра актыўную ацэнку пачула на курсах ў абласным Інстытуце развіцця адукацыі, затым пачала шукаць дадатковую інфармацыю ў інтэрнэце, і вось я ўжо выпускніца дыстанцыйнага курса. Разам са мной актыўную ацэнку асвойваюць яшчэ тры настаўнікі з маёй школы, якія, спадзяюся, у будучым таксама стануць слухачамі дыстанцыйнага курса. "Двойкі" я катэгарычна не прызнаю. І я не прыхільнік таго, каб караць за нявыкананае дамашняе заданне. Калі ты паставіш нездавальняючую адзнаку вучню, няўжо пасля гэтага штосьці зменіцца? А ці шмат бацькам гаворыць выстаўленая настаўнікам у дзённік "сямёрка" або "васьмёрка"? А вось калі я пішу ў каментарыі "нізкі ўзровень тэхнікі чытання", а потым "перакладаю" для бацькоў, што тэхніка чытання патрабуе аналізу тэксту, таму трэба разам чытаць тэксты, разам іх абмяркоўваць і ўвогуле часцей практыкаваць сямейнае чытанне. Педагагічны эфект ад такой формы работы зусім іншы... Зразумела, што нельга па школе выдаць загад — усім настаўнікам асвоіць новую стратэгію навучання. Пад прымусам гэта не робіцца. Але я буду паступова рабіць сваімі аднадумцамі ўсё большае кола педагогаў у сваім раёне.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН, Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Загаловак у газеце: Мода, якая становіцца класікай

Каментары

ой, як цяжка мяняць свой светапоголяд. Хочайцца махаць кнутом і каб усе хадзілі па струнцы, як салдаты. Але ў жыцці дзецям школьныя звычкі толькі перашкаджаюць. там трэба думаць і самім прымаць рашэнні.
Вот просто в точку: и через двадцать лет после окончания школы снится, как нелюбимая учительница математики перед всем классом пытается меня унизить. Не "обнаружить", что я что-то знаю, а доказать, что я что-то не знаю. Поэтому и воспоминания со школой связаны преимущественно негативные. Вот и дети уже почти выросли, а в школе мало что изменилось. Продолжает царить учительский диктат. Наверное, моя нелюбовь к математике, а точней к учительнице математики, на генетическом уровне передалась детям. И уже по симптомам недомогания у дочки могу предположить, что у нее впереди контрольная по математике. Оказывается, на уроках может быть совсем по-другому???? Но, если я правильно поняла, пока все держится только на энтузиастах? А почему бы министерству образования не просто пересмотреть учебные программы, а пересмотреть свои подходы к преподаванию. И, может, нужно начинать с молодых педагогов, ведь с возрастом уже происходит профессиональная деформация. Неужели учитель захочет меняться? Тут очень даже есть над чем задуматься!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.