Вы тут

Дагавор на рыэлтарскія паслугі — права, а не абавязак спажыўца


Хацелі з мужам набыць кватэру ў сталіцы. Пачалі разглядаць варыянты. Куды ні звернемся — трапляем на агенцтвы, якія запэўніваюць, што мы абавязаны заключаць з імі дагавор і плаціць за паслугі, перш чым хоць нешта ўбачыць. Няўжо яны маюць рацыю? Маргарыта Васілеўна, г. Жодзіна.


На пытанне адказвае Дзіяна ПАДЛЕСКАЯ, начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Згодна з Грамадзянскім кодэксам Беларусі, грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя самастойна вырашаць, ці неабходна ім заключаць дагавор з рыэлтарскай арганізацыяй. Ніякага прымусу да гэтага дзеяння быць не можа. Аплата паслуг агенцтваў магчыма толькі пры заключэнні з ім дагавора на аказанне паслуг.

Тым не менш сапраўды маюць месца выпадкі, калі рыэлтарскія арганізацыі выконваюць свае абавязкі перад прадаўцамі нерухомасці, з якімі ў іх заключаны дагавор, няякасна. У прыватнасці, інфармуюць патэнцыяльных пакупнікоў, якія зацікавіліся жылым аб'ектам, што ўбачыць яны яго могуць толькі пасля заключэння дагавора з арганізацыяй на аказанне пакупніку адпаведных паслуг. У выпадку адмовы пакупніка здзелка наўмысна зрываецца. Чалавеку, які жадае набыць жыллё, адмаўляюцца паказаць аб'ект. Або паказваюць яго і паведамляюць пра немагчымасць набыць нерухомасць, паколькі патэнцыяльны пакупнік адмаўляецца ад заключэння дагавора.

Пры такім падыходзе патэнцыяльны пакупнік часта проста не мае магчымасці сустрэцца з прадаўцом. Акрамя таго, агенты часта тлумачаць сваю адмову пакупніку ў аглядзе аб'екта або ў сустрэчы з уладальнікам жылля тым, што так вырашыў сам прадавец. Наступныя праверкі паказваюць, што прадавец увогуле не ведаў пра наяўнасць патэнцыяльнага пакупніка і яго зацікаўленасць аб'ектам. Звяртаю вашу ўвагу на тое, што рашэнне аб продажы сваёй нерухомасці той ці іншай асобе прымае толькі прадавец, а не рыэлтарская арганізацыя.

Адпаведна з пунктам 20 Правілаў ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 09.01.2006 №15 (далей — Правілы ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасці), рыэлтарская арганізацыя ў праве рэкламаваць ці іншым спосабам распаўсюджваць інфармацыю пра аб'ект нерухомасці толькі са згоды ўладальніка (прадаўца) пасля заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг.

Такім чынам рэкламаванне агенцтвам аб'екта нерухомасці з мэтай яго продажу прадугледжвае наяўнасць дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг па садзейнічанні продажу аб'екта, які заключаны паміж агенцтвам і прадаўцом.

У межах гэтага дакумента арганізацыя выконвае пэўныя абавязкі перад прадаўцом. Арганізуе пошук пакупніка аб'екта нерухомасці і яго агляд патэнцыяльнымі пакупнікамі. Наладжвае перагаворы паміж прадаўцом і пакупніком, узгадняе ўмовы здзелкі, якая мае адбыцца, і выконвае іншыя функцыі.

Рыэлтарская арганізацыя павінна прымаць усе меры да якаснага ажыццяўлення сваіх абавязкаў і прапаноўваць аб'ект усім без выключэння зацікаўленым, а не толькі пакупнікам, якія гатовыя заключыць дагавор з агентамі. Толькі пры такім падыходзе прадавец атрымае абарону сваіх інтарэсаў. Калі ж агенцтва падбірае толькі пакупніка, гатовага заключыць дагавор на аказанне рыэлтарскіх паслуг, каб атрымаць узнагароду адначасова з абодвух бакоў: прадаўца і пакупніка, яно парушае інтарэсы свайго кліента — прадаўца. Тым самым агенцтва неналежным чынам выконвае ўмовы дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг, якія заключаны з прадаўцом. Апошняму важна прадаць свой аб'ект нерухомасці, а не чакаць, пакуль знойдзецца пакупнік, згодны падпісаць дагавор з агенцтвам.

Дарэчы, пакупнік, які зацікавіўся аб'ектам нерухомасці, што прапануецца агенцтвам да продажу ў межах дагаворных адносін з прадаўцом, мае права вырашаць, скарыстацца яму паслугамі рыэлтарскай арганізацыі, каб набыць гэтую маёмасць, або дзейнічаць самастойна.

Пры ўзнікненні праблем трэба звяртацца да кіраўніка рыэлтарскай арганізацыі, абавязкам якога з'яўляецца забеспячэнне выканання заканадаўства і належнай работы супрацоўнікаў агенцтва. Невыкананне кіраўніком ускладзеных на яго функцый — падстава для прыцягнення яго да адказнасці.

Для абароны парушаных правоў у выпадку невыканання або неналежнага выканання агенцтвам умоў дагавора грамадзянін мае права звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі і галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў (Мінскага гарвыканкама).

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы


Загаловак у газеце: Дагавор на рыэлтарскія паслугі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».