Вы тут

«Паралелі» мастацкага тэкстылю


Заснавальнікі айчыннай школы прадставілі рэтраспектыву твораў.

Сёлета ў Палацы мастацтваў было прэзентавана шмат цікавых выставачных праектаў, якія прадстаўлялі розныя мастацкія кірункі. Аўтары з задавальненнем прымаюць удзел у канцэптуальных выстаўках, распрацоўваюць крэатыўныя ідэі, шукаюць новы шлях да гледача. Некалькі дзён таму на другім паверсе Палаца мастацтваў адкрылася знакавая выстаўка «Паралелі», якая аб'яднала выдатных творцаў мастацкага тэкстылю: Ларысу Густаву, Людмілу Пуцейку, Людмілу Пятруль, Галіну Крываблоцкую і Вольгу Рэднікіну.


Люд­мі­ла Пу­цей­ка, «Ляс­ная пес­ня», 1976 г.

Аўтары арганізавалі выстаўку з нагоды юбілеяў. Сёлета Ларыса Густава, Людміла Пуцейка і Людміла Пятруль святкуюць сваё 70-годдзе, а Галіна Крываблоцкая — 40-годдзе творчай дзейнасці. Жаночымі рукамі аўтарак і стваралася беларуская школа мастацкага габелена.

— Кожны з нас у сістэме выяўленчага мастацтва заняў сваю нішу і здолеў заваяваць аўдыторыю, менавіта таму праект мы і назвалі «Паралелі», — адзначае мастачка Ларыса Густава. — Мы даём публіцы магчымасць убачыць рэтраспектыву, эвалюцыю нашай творчасці: кожная з нас дэманструе ў экспазіцыі як работы ранняга перыяду, так і самыя апошнія кампазіцыі. Мы ніколі не канкурыравалі і заўсёды падтрымлівалі адна адну, менавіта таму ў творах нас можна пазнаць. Наша мастацтва не развіваецца ў адным ключы, яно шматграннае. Мастацкім тэкстылем сёння займаецца і маладое пакаленне, хоць гэты працэс вельмі працаёмкі, складаны. Маладыя мастакі разбіваюць стэрэатыпы, бо ў нашым грамадстве часцяком можна пачуць меркаванне, што габелен састарэў, а аўтары з кожным годам, працуючы над новымі аб'ектамі і раскрываючы праз іх актуальныя тэмы, даказваюць сваю значнасць і перспектыўнасць.

Магчымасць аналізаваць і параўноўваць аўтараў на выстаўцы — важны складнік мастацкага ўспрымання выстаўкі гледачом. Але ж параўноўваць і вылучаць кагосьці асобна дастаткова складана, бо работы кожнага аўтара пранізаны глыбінёй, філасофіяй існавання чалавека ў сучаснасці. Ёсць абсалютна абстрактныя габелены, дзе вызначыць сэнс і ідэю можна толькі дзякуючы колерам, ну а ёсць рэалістычныя, якія раскрываюць тэму краіны. Так, напрыклад, на габеленах Ларысы Густавай прадстаўлены сучасны Мінск. У творах аўтаркі сімваламі горада становяцца храмы. Мастачка выбірае пераважна светлыя колеры, паказвае нам горад чыстым, спакойным. У творах Галіны Крываблоцкай сутыкаемся з народнымі святамі і традыцыямі, беларускай сімволікай. А Людміла Пятруль любіць сумяшчаць абстракцыю з элементамі пейзажа і паказвае ў творах беларускі сялянскі быт.

Асобнай увагі заслугоўваюць габелены самай маладой удзельніцы праекта Вольгі Рэднікінай, якая ў работах шмат увагі ўдзяляе колеравым і светавым нюансам, эксперыментуе з матэрыялам і формамі. Нягледзячы на тое, што Вольга знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, яна выкарыстоўвае разнастайныя матэрыялы і даследуе магчымасці тэкстыльных тэхналогій. Мастачка сінтэзуе досвед, атрыманы ад прадстаўнікоў беларускай школы мастацкага тэкстылю, і ў той жа час практыкуе наватарскі падыход.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.