Вы тут

Мінгарвыканкам з кампаніяй Velcom распачынаюць серыю канцэртаў


Гукі метро, шум машын, рэдкія ноты інструментаў вулічных музыкантаў... Прыкладна такім уяўляеца гукавы «партрэт» сучаснага мегаполіса. Але цягам двух летніх месяцаў, ужо пачынаючы з 8 ліпеня, кожную суботу на плошчы каля сталічнай ратушы можна будзе паслухаць класічную музыку ў выкананні вядомых музыкантаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Францыі, Германіі, Нідэрландаў і Германіі. Паслухаць абсалютна бясплатна.


— Сёння Верхні горад стаў адным з самых любімых месцаў мінчан і гасцей сталіцы, — кажа Алена РАДЗІВОНАВА, прадстаўнік Мінгарвыканкама і мастацкі кіраўнік «Мінскканцэрта». — Ён аб'яднаў некалькі праектаў, якія дапаўняюць адзін аднаго і даюць магчымасць акунуцца ў атмасферу сучаснага і класічнага музычнага мастацтва. Праект «Класіка ля ратушы», які мы ладзім з кампаніяй Velcom, рэалізуецца ўжо трэці год запар і фактычна становіцца традыцыйным. Важна, каб праект развіваўся, але з улікам праграмы сёлетняга сезона мы бачым добры крок наперад, вечары класічнай музыкі здзівяць нават дасведчаных знаўцаў.

«Класіка ля ратушы» па сутнасці працягвае даўнюю традыцыю, закладзеную ў Мінску яшчэ два стагоддзі таму. Па тагачаснай завядзёнцы кожную нядзелю ўвечары на балкон ратушы выходзіў духавы аркестр, які цягам некалькіх гадзін радаваў гараджан выдатнай музыкай. Начальнік упраўлення маркетынгу кампаніі Velcom Юлія ДАЙНЕКА дадае:

— Наша кампанія ўжо некалькі гадоў паспяхова рэалізуе праекты ў сферы падтрымкі дзяцей, нацыянальнай культуры. Падаецца, што класіка ў вялікім маштабе — не тая тэма, якую мы падтрымліваем. Але тут мы пабачылі магчымасць развіцця гарадскога асяроддзя, інфраструктуры, магчымасць ператварыць Мінск у горад, дзе мы не толькі жывём, але і якасна бавім вольны час. Два гады таму, калі ўпершыню ладзілі «Класіку ля ратушы», думалі, што гэта будзе аднаразовы праект. Але пабачыўшы ў адзін з вечароў на плошчы каля 10 тысяч гледачоў, зразумелі, што на гэтай ноце нельга завяршаць справу.

І сапраўды, праграма вечароў класічнай музыкі каля ратушы ўражвае. Распачне серыю канцэртаў Дзяржаўны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, які сёлета адзначае 90-годдзе. Таксама гледачоў чакаюць тэматычныя праграмы, падчас якіх прагучаць творы Моцарта, Баха, Бетховена, Вівальдзі, Чайкоўскага, Расіні, Пучыні, Шапэна, Штрауса, Кальмана, іншых выдатных кампазітараў. Падчас канцэрта «Гульня ў класікі» музыканты паспрабуюць спалучыць класічную музыку з джазам. Аматараў старога беларускага кіно таксама чакае сюрпрыз. «Беларуская рапсодыя» аб'ядняе музыку з кінафільмаў 1960—70-х гадоў, напісаную айчынным кампазітарам Яўгенам Глебавым.

Адметна, што арганізатары паклапаціліся пра ўтульнасць пляцоўкі і зручнасць прагляду канцэртаў. Так, будзе ўстаноўлены вялікі экран, каб музыкаў маглі бачыць не толькі тыя гледачы, хто знаходзіцца каля сцэны. Для дзяцей арганізуюць спецыяльную пляцоўку. Якасную сувязь забяспечыць мабільная базавая станцыя, устаноўленая на плошчы адмыслова для канцэртаў. Таксама гледачы самі змогуць стаць удзельнікамі шоу. Будуць працаваць два «Свабодныя раялі», зайграць на якіх і паўдзельнічаць у «батле» піяністаў зможа кожны ахвотны. На кожным з канцэртаў гледачоў чакаюць новыя сюрпрызы. Напрыклад, ужо 8 ліпеня наведвальнікі «Класікі ля ратушы» атрымаюць магчымасць зрабіць сэлфі з маэстра Аляксандрам Анісімавым, заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Класіка ў вялікім горадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?