Вы тут

Славуты польскі джазавы піяніст Лешак Можджэр выступіў у сталіцы


«Агульная спадчына, досвед жыцця разам у адной дзяржаве, досвед цеснай уніі. Мы наканаваныя адно аднаму. А музыка — ідэальны ключ да дваццаціпяцігоддзя нашых адносін». Такія словы прагучалі падчас сустрэчы з адным з самых яркіх джазавых музыкантаў Польшчы апошніх дзесяцігоддзяў, славутым піяністам Лешакам Можджэрам.


Святочны канцэрт прайшоў у зале Белдзяржфілармоніі з нагоды юбілею дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь. Разам з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь на сцэне выступілі вядомыя музыкі сучаснасці — паляк Лешак Можджэр і беларус Кірыл Кедук.

Гралі разам музыкі ўпершыню, але яны ўпэўненыя, што канцэрт прайшоў паспяхова. Лешак аргументуе гэта тым, што ў польскай і беларускай музыкі агульнае паходжанне, ды і яго родныя з Гродна, дзе нарадзіўся і Кірыл. І дадае, што тут ён добра сябе адчувае і вельмі шчаслівы, што яны мелі магчымасць граць разам. Бо музыка — гэта свет, дзе нельга нікому схлусіць. Таму варта граць так, каб кожны беларус і паляк адчуў гэта.

Саветнік пасольства Польшчы ў Беларусі, дырэктар Інстытута польскага ў Мінску Матэўш Адамскі расказваў, што даўно марыў запрасіць Можджэра ў Беларусь, але не думаў, што мара здзейсніцца так хутка. Ідэя для стварэння такога тандэма прыйшла вельмі нечакана, і самі музыкі кажуць, што вырашылі ўсё за пятнаццаць хвілін.

У Мінск Лешак Можджэр завітаў другі раз, мінулы раз быў дзесяць гадоў таму, і ён перакананы, што будзе прыязджаць сюды яшчэ і яшчэ, каб болей любіць Беларусь. Музыкант дадае:

«Мая мара — злучыць свет класікі і джазу. Музыканты баяцца памылкі, а памылка — частка жыцця, яна адкрывае новыя магчымасці. Джаз выкарыстоўвае памылкі. Мы вучымся ў класікаў прыгажосці, а яны ў нас — гарачым эмоцыям».

Кірыл Кедук прызнаўся, што знаёмства з Лешакам стала для яго вельмі знакавай падзеяй. Бо ў Гданьску, дзе жыве цяпер Кірыл і жыў Лешак, яго ведаюць усе. Кірыл расказаў, што Лешак не проста джазавы піяніст, ён перарабляе класічную музыку пад свае матывы, пад свой непаўторны стыль.

Анастасія АЎХІМОВІЧ

Загаловак у газеце: Музычная дыпламатыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».