Вы тут

Чаму ў аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна закрылі лазню?


З аграгарадка Трабы Іўеўскага раёна на гарачую лінію «Звязды» патэлефанавала чытачка, даўняя падпісчыца Ірына Іванаўна Астрамецкая. Пытанне, якое яна задала, было не асабістым, а калектыўным, ад многіх вясковых жыхароў: чаму ў аграгарадку закрылі лазню?


— Адбылося гэта яшчэ 1 красавіка, і з таго часу няма дзе памыцца. Мы ўжо звярталіся да прадстаўнікоў раённай улады, нам сказалі, што неўзабаве лазню адкрыюць зноў, але пакуль гэтага не адбылося. Самі ж чыноўнікі прызнаюць, што будынак у добрым стане, але лазня не прыносіць прыбытку. А як жа людзям быць? Быццам бы ў аграгарадку жывём, а тут такое... Дапамажыце знайсці адказ, ад усіх прашу, — сказала заяўніца.

У пошуках адказу для вяскоўцаў мы мусілі звярнуцца па дапамогу да намесніка старшыні Іўеўскага райвыканкама Уладзіміра Кузьміча.

— Уладзімір Станіслававіч, на нашу рэдакцыйную гарачую лінію паступіла скарга з аграгарадка Трабы...

— Адносна лазні? Я ў курсе, бачыў і калектыўны зварот ад мясцовых жыхароў у райвыканкам, і на месца колькі часу таму выязджаў, — адразу падхапіў суразмоўнік. І растлумачыў далей наступнае.

— Тая лазня знаходзілася на балансе колішняга СВК, цяпер КСУП. Апошняе зараз знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. Зразумела, сродкі на ўтрыманне лазні знайсці ў такой сітуацыі не проста. Аграгарадок узводзіўся гадоў сем таму, таму цяпер будынак патрабуе касметычнага рамонту, «кацялок» трэба падрамантаваць плюс стаіць пытанне па ачышчальных збудаваннях — трэба пастаянна адкачваць ваду. Санстанцыя выдала адпаведнае прадпісанне, якое неабходна выконваць, — сказаў Уладзімір Кузьміч.

Як ён зазначыў далей, ні адна лазня ў раёне не акупляецца. Але хапае прыватных, і вяскоўцы неяк вырашаюць праблему: ходзяць мыцца да суседзяў.

— Тым не менш людзей мы не кінем. Гэтае пытанне нядаўна зноў уздымалася на планёрцы ў райвыканкаме. Будзем яго вырашаць. Магчыма, не так хутка, як хацелася б, але будзем. Хутка пачнецца ўборачная, у гаспадаркі з'явіцца нейкая капейка. Зноў жа, нагадаю, напачатку трэба вырашыць узніклыя праблемы з будынкам. І я ўжо тлумачыў тое вашай заўяніцы. Паўтараю, будзем прымаць меры, вырашаць пытанне.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Пытанне з лазняй будзем вырашаць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».