Вы тут

Партызанка — пра лячэнне хворых на тыф аднапалчан і жыццё без вайны


Аб тым, што ў гэтай непрыкметнай здалёк хаце на адной з цэнтральных вуліц Крупак жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны, сведчыць адпаведная шыльда. Побач — чырвоная зорка, якая з'явілася тут яшчэ за савецкім часам. Кацярына Міхайлаўна Здараўцова, нягледзячы на свой дзевяностагадовы з лішкам узрост, прыбіраецца — як і належыць жанчыне, гасцей яна сустракае ў святочным строі.


— Ну, скажыце, ці прыгожая я? — пытаецца яна, як толькі мы пераступілі парог. І не дачакаўшыся адказу, дадае: — У маладосці казалі, што вельмі прыгожая была. А я саромелася, адразу хавалася...

«Або ты, або цябе...»

А маладосць Кацярыны Міхайлаўны прыпала акурат на саракавыя-ракавыя. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яна, пятнаццацігадовая дзяўчынка, скончыла сем класаў.

— Горшага за тое, што давялося тады перажыць, у жыцці не было, — пачынае аповед жанчына. На вачах выступаюць слёзы — па ўсім відаць, нанесеныя вайной раны яшчэ не зажылі. Ды і наўрад ці ўжо загояцца.

Бацька Кацярыны загінуў, нават не паспеўшы пайсці на фронт. Каб немцы не дабраліся да Вялікіх Гарадзяцічаў, што ў Любанскім раёне (там яны і жылі), вясковыя мужыкі вырашылі ўзарваць мост цераз раку Пціч. Узарвалі. Толькі некаторым гэтая самадзейнасць каштавала жыцця.

— Хавалі не так, як цяпер, — успамінае Кацярына Міхайлаўна. — Мама ў нешта яго загарнула, паклалі ў ямку ды засыпалі зямлёй...

У галодныя ваенныя гады без бацькі засталіся чатыры дзяўчынкі: Лена, Тоня, Юля і яна — Каця. Маці, як магла, берагла іх. І ў той страшны сакавіцкі дзень 1943 года, калі фашысты набліжаліся да вёскі, сабрала ўсіх і павяла ў балоты за Арэсу. Увечары яны з жахам назіралі за тым, як іх родная вёска, а таксама суседнія палаюць у агні. У Вялікіх Гарадзяцічах са 176 вясковых хат уцалела толькі адна...

Вяртацца не было куды. Дзяўчаты разбегліся па лесе. Кацярына ж прымкнула да партызанскага атрада імя Давыдава.

— Шчаўлік верабейкаў (тры лісточкі, але на смак, як звычайнае шчаўе) зрывалі ды над кастром варылі, — успамінае партызанскія гады Кацярына Здараўцова. — Ім лячылі хворых на тыф, якія ляжалі на галлі, пасланым у шалашы. Ні хлеба, ні бульбы, ні солі — нічога не было. Калі хлопцы пойдуць у разведку ды пару бульбін прынясуць у кішэнях, дык шчасце якое! Праўда, хворым і есці асабліва не было чым: замест зубоў — вугаль.

Давяралі дзяўчатам у атрадзе і больш важныя даручэнні. Каця не раз хадзіла на разведку ў Жыткавічы — там стаяў нямецкі гарнізон. Пра колькасць салдат вермахта, іх тэхніку, зброю даведвалася ад мясцовых жыхароў, нешта ўдавалася падгледзець самой.

— Не страшна было? — пытаюся ў партызанкі.

— Вядома ж, страшна, але што рабіць! — кажа яна. — Бачым немцаў — падаем, у кусты паўзём. І страляць даводзілася. А як? Або ты ў іх, або яны ў цябе...

— А дзе страляць вучыліся?

— У атрадзе. Дзе ж яшчэ! Са Шчолкава быў такі Леў Вікенцьевіч Луневіч. Вучыў страляць і з пісталета, і з Калашнікава. Высокі, малады хлопец. Загінуў потым...

«Звязду» чыталі, адкрыўшы рот

На маё пытанне, як усё ж партызаны давяралі адказныя заданні дзяўчатам, Кацярына Здараўцова кажа проста: «Я ж не адна такая была! Рэйкі падрываць не хадзілі: спраўляліся хлопцы. А вось у разведку іх адпраўляць было небяспечна...»

Аказваецца, што са сваім партызанскім атрадам, які часта мяняў месца дыслакацыі, жанчына была і на востраве Зыслаў. Менавіта там, на Любаншчыне, на кавалачку зямлі, акружаным балотамі, некаторы час размяшчаўся партызанскі штаб Мінскага падпольнага абкама. Тут жа, у тыле ворага, знаходзіўся і партызанскі аэрадром, нават выдаваліся газеты. У тым ліку «Звязда», якая аднавіла сваю дзейнасць сярод любанскіх балот у студзені 1943 года. У найскладанейшых умовах журналісты змаглі выпусціць 98 нумароў газеты, якую вельмі чакалі ў партызанскіх атрадах.

— Помню, газету чыталі, — прызнаецца Кацярына Міхайлаўна. — Праўда, нам, шараговым партызанам, яе ў рукі не давалі: пасля нас яна трапляла ў іншыя партызанскія атрады. Гаспадаром газеты быў камандзір. Я і сёння помню, як ён, быццам даклад які рабіў, услых зачытваў зводку Саўінфармбюро, расказваў пра поспехі партызанаў. А мы, адкрыўшы рот, прыслухоўваліся да кожнага слова.

На востраве Зыслаў яе атрад правёў нямала часу. Нават паспелі парабіць шалашы. Але пра падпольную рэдакцыю жанчына ніколі не чула — відаць, добрая ў нашых папярэднікаў была канспірацыя!

У партызанскім атрадзе Кацярына Міхайлаўна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Нягледзячы на тое, што Міхаіл Трафімавіч Здараўцоў быў спачатку камісарам атрада, а потым і камандзірам, патуранняў для яго каханай ніколі не было. Жыла, як і ўсе, разам з іншымі партызанамі хадзіла і на баявыя заданні — аб гэтым сведчыць медаль «За адвагу». На яе святочным кіцелі зіхацяць і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За Перамогу над Германіяй», юбілейныя ўзнагароды.

— Калі вызвалілі Беларусь, Міша пайшоў у абкам партыі, каб яму далі накіраванне на работу, — расказвае партызанка. — Прыходзіць і пытае: «Паедзеш са мной у Крупкі?» А куды мне яшчэ было ехаць? Хаты няма, вёска поўнасцю спалена... Так і засталася тут назаўжды.

Будавалі дом, выхоўвалі дзяцей — так і жыццё праляцела. 42 гады Кацярына Міхайлаўна жыве адна. Але не забываюць пра яе дзеці, унукі, ужо і праўнукі аблюбавалі бабулін панадворак. Яны адзіныя, хто не просіць яе расказаць пра вайну. Але тыя падзеі — і сёння ў вачах.

— Кожны дзень прыгадваецца: як ад немцаў уцякалі, як у лесе жылі, — кажа яна. — Зімой лапці пляла, каб не так холадна было. Я і цяпер спляла б, калі б спатрэбілася. Помню, як самалёты б'юцца — нашы з нямецкімі, а мы пад сасной сядзім і глядзім, быццам самі ідзём у бой. А хіба можна ўсё гэта забыць?...

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Крупскі раён

Загаловак у газеце: «А хіба можна гэта забыць?..»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».