Вы тут

Лукашэнка і Пуцін прынялі ўдзел у пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў


Дзясяткі падпісаных пагадненняў, заключаныя ў сукупнасці на сотні мільёнаў долараў кантракты, а яшчэ — новыя дзелавыя знаёмствы, вусныя дамоўленасці на будучыню, абмен візіткамі... Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — гэта не толькі эканамічныя паказчыкі, але і пацвярджэнне курсу на інтэграцыю нашых краін.


Фота: БЕЛТА

Карысны вопыт

«Летась мы адзначылі 20-годдзе Саюза Беларусі і Расіі. Гэта дата сімвалізуе выбар асноўнага вектара развіцця, узаемнага імкнення да інтэграцыі і глыбокага ўзаемадзеяння ў сацыяльнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. За два дзесяцігоддзі зроблена нямала. Вытворчая кааперацыя і рэалізаваныя саюзныя праграмы сведчаць аб эфектыўнасці аб'яднання матэрыяльных і інтэлектуальных магчымасцяў нашых дзяржаў. У выніку значныя выгады атрымліваюць эканомікі і Беларусі, і Расіі. Важнае месца ў гэтым працэсе належыць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву», — заявіў падчас пленарнага пасяджэння Форуму Прэзідэнт Беларусі.

Увогуле за апошнія гады форумы рэгіёнаў сталі адкрытай пляцоўкай для шчырай размовы аб надзённых праблемах. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў спікерам верхніх палат абодвух парламентаў і сказаў, што «яны з'яўляюцца маторамі гэтага добрага інтэграцыйнага руху». «Яны хварэюць за тое, каб мерапрыемствы ў межах Форуму пастаянна развіваліся. Яны шукаюць формы супрацоўніцтва і прапаноўваюць іх. І гэта добры ўклад у будаўніцтва Саюзнай дзяржавы», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе расійскія рэгіёны блізкія Беларусі — і гэта не залежыць ад геаграфічнага становішча: «Мы спадзяёмся, што і да беларусаў у Расіі будуць ставіцца гэтак жа, усюды. Пакуль мы праблем у гэтых адносінах не маем».

На думку Прэзідэнта Беларусі, саюзным краінам неабходна праводзіць узгодненую эканамічную палітыку, каб стымуляваць двухбаковую вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі. «Залогам паспяховага пераадолення глабальных выклікаў у будучыні з'яўляецца глыбокая кааперацыя, арыентаваная на выпуск высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі. Абавязковае патрабаванне да такой прадукцыі — больш хуткае ўкараненне ў серыйную вытворчасць у Беларусі і Расіі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Будучыня — за высокімі тэхналогіямі

Сумесная праца дзвюх краін у галіне высокіх тэхналогій стала асабліва актуальнай, лічыць Прэзідэнт Беларусі. «На папярэдніх форумах абмяркоўваліся пытанні сельскай гаспадаркі, прамысловасці і сацыяльнай палітыкі. Сёння мы ўзяліся за новы тэхналагічны ўклад, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Калі мы адстанем па гэтай тэме, мы асуджаныя плесціся ў канцы».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння адным з цэнтральных прыярытэтаў беларускай эканомікі з'яўляецца развіццё прамысловасці, паколькі гэтая сфера прыносіць чвэрць ВУП краіны. «Пры гэтым структура ВУП больш чым на траціну складаецца з высокатэхналагічных і навукаёмістых галін, — паведаміў беларускі лідар. — Дастаткова сказаць, што тры гады таму мы паставілі перад сабой — напэўна, своечасова — амбіцыйную задачу па інавацыйным развіцці Беларусі. Як цяпер мы бачым, угадалі».

Задача сённяшняга дня — скараціць разрыў у гэтай сферы з перадавымі краінамі.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў аб тым, што сёння стаіць задача ператварыць Беларусь у ІT-дзяржаву. «У найбліжэйшы час мы прымем прававыя асновы для падобнага развіцця сітуацыі ў Беларусі», — сказаў ён. Над неабходнай дакументацыяй працавалі як беларускія, так і расійскія спецыялісты. «Упэўнены, што гэта будзе наш з вамі агульны праект і ён унясе дастойны ўклад у самыя сучасныя напрамкі развіцця нашага грамадства і эканомікі», — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што расійскія навуковыя школы і цэнтры знойдуць у беларускай дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця краіны да 2020 года прывабныя для сумеснай работы напрамкі. «Перакананы, што нашым краінам, якія валодаюць унікальнымі магчымасцямі і вопытам узаемадзеяння, разам будзе прасцей зрабіць упэўнены крок у будучыню, каб годна канкурыраваць на сусветным рынку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, ніякія санкцыі і ціск Беларусі і Расіі не перашкода, разам краіны пераадолеюць усё, лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Цікавасць да сумесных праектаў

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін таксама падкрэсліў, што Беларусь і Расія на трывалым падмурку дружбы і добрасуседства паступова развіваюць двухбаковыя адносіны практычна па ўсіх напрамках, а рэгіянальныя сувязі з'яўляюцца іх найважнейшым складнікам.

«Лічу, што разам нам удалося выбудаваць эфектыўную структуру кааперацыі, якая стварае надзейную базу для нарошчвання дзелавой актыўнасці, прытоку капіталу ў эканомікі абедзвюх дзяржаў», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Аб'ём інвестыцый з Расіі ў Беларусь за мінулы год склаў 4 млрд долараў, асноўная частка з якіх — прамыя замежныя інвестыцыі. Расійскія бізнесмены інвестуюць у беларускі транспарт і апрацоўчую прамысловасць, Беларусь жа ўкладвае грошы ў расійскую сельскую гаспадарку, рознічны гандаль і фармацэўтыку. Самыя актыўныя партнёры для Беларусі з расійскага боку — Масква, Санкт-Пецярбург, Маскоўская, Пскоўская, Смаленская вобласці.

— Расія гатовая да самага цеснага супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі для забеспячэння ўстойлівага доўгатэрміновага росту нашых эканомік, гатовая разам выбудоўваць прамысловую і тэхналагічную палітыку, развіваць інфраструктуру, спрыяць фарміраванню камфортнага дзелавога асяроддзя, — запэўніў Прэзідэнт Расіі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Курс вывераны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».