Вы тут

У свет — праз нацыянальнае


Дзень Беларусі адзначаюць на знакамітых замежных пляцоўках

Пакуль у беларускіх гарадах напоўніцу ідзе падрыхтоўка да святкавання Дня Незалежнасці, вядомыя музычныя калектывы, творчыя візітоўкі краіны, выязджаюць за мяжу, каб распавесці пра Беларусь на мове, зразумелай ва ўсім свеце, — мове музыкі, танца, спеваў. Скончаны тур па Паўночнай Еўропе, доўжыцца падарожжа па Заходняй — акцыя «Belarus Day» («Беларускі Дзень») з поспехам сустракае новага гледача.


Фота Анатоля Клешчука.

Ідэю акцыі «Belarus Day» на V Усебеларускім народным сходзе агучыў народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. На ініцыятыву адгукнуліся, і вось ужо два заслужаныя калектывы — Беларускі дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца «Харошкі» і Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі — гастралююць па Еўропе.

 — Акцыя прымеркаваная да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і скіраваная на шырокую прэзентацыю дасягненняў сучаснай беларускай культуры, — паведаміла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. — Пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў і пасольстваў Беларусі за мяжой нашы найлепшыя калектывы выправяцца ў гастрольны тур па вядомых сталіцах Еўропы. Канцэртныя праграмы, падрыхтаваныя калектывамі, скіраваныя на прапаганду і папулярызацыю сучаснага беларускага харэаграфічнага мастацтва, як аўтэнтычных традыцый, так і інавацый.

Гэтым часам у турнэ з новым праектам «Мы — беларусы!» знаходзіцца ансамбль танца «Харошкі». Мастацкі кіраўнік ансамбля, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая падрыхтавала праграму «Покліч продкаў», якая раскрывае нацыянальныя фальклорныя традыцыі. Выступы ансамбля пазнаёмяць еўрапейскага гледача з культурай беларусаў у часы паганства і на пачатку хрысціянскага перыяду, у эпоху Адраджэння, а таксама з сялянскім і гарадскім побытам канца ХVIII — пачатку ХХ стагоддзя. Народныя строі, выкарыстанне старажытных музычных інструментаў ды спалучэнне сучаснай і традыцыйнай харэаграфіі, уласцівыя «Харошкам», падкрэсліваюць аўтэнтычнасць і непаўторнасць нацыянальнага мастацтва. Потым — Варшава, Берлін, Ліён, Прага...

Першы канцэрт тура адбыўся ў Кіеўскім нацыянальным акадэмічным тэатры аперэты з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Украіне Ігара Сокала. А дзяржаўны ансамбль танца Беларусі (мастацкі кіраўнік — народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч) паказаў музычна-харэаграфічную праграму «Спадчына» ў сталіцах краін Балтыі — Таліне, Рызе і Вільнюсе.

У планах акцыі «Belarus Day» — і надалей задзейнічаць лепшыя творчыя сілы краіны, каб знаёміць замежнікаў са здабыткамі культуры і мастацтва Беларусі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дзень Беларусі адзначаюць на знакамітых замежных пляцоўках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?