Моц духу


Старажытны горад на Дняпры ў гэтыя святочныя дні вітае гасцей, якія прыязджаюць у тым ліку дзеля таго, каб павіншаваць Магілёў з 750-годдзем. Узнёсла-ўрачыстае гучанне юбілейным мерапрыемствам надаў ХХІІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які знаёміць зацікаўленых слухачоў з харавымі і вакальнымі калектывамі з краін блізкага і далёкага замежжа.


Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Канцэрты адбудуцца на плошчы Зорак, у Касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе дагэтуль захаваліся найкаштоўнейшыя фрэскі XVIII стагоддзя. Наведвальнікі маюць магчымасць праслухаць святочную імшу, а пасля наведаць канцэрт духоўнай музыкі ў выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў хору Рыжскага латышскага таварыства «Austrums» з Латвіі пад кіраўніцтвам дырыжора Арыйса Шцэпастса, хору Таварыства латышскай культуры «Talava» з Масквы пад кіраўніцтвам дырыжора Тамары Семічавай, камернага хору і аркестра Магілёўскай гарадской капэлы пад кіраўніцтвам дырыжора Сяргея Лішчэнкі пры ўдзеле лаўрэата міжнародных конкурсаў салісткі Маргарыты Пісарэнка. Разам з вядомымі і любімымі шэдэўрамі сусветнай класікі («Magnifi cat» Іагана Себасцьяна Баха ды кантата «Gloria» Антоніа Вівальдзі) прагучаць творы беларускіх аўтараў: немагчыма ў такім фестывалі абмінуць «Магутны Божа» Міколы Равенскага; адметна, што сучасны беларускі кампазітар Максім Іўкін стварыў «Паў на калені дзень» на словы Аркадзя Моркаўкі. Да ўвагі аматараў таксама — канцэрт арганнай музыкі і выступленне Даўгаўпілскага камернага аркестра і хору «Daugava».

У канферэнц-зале Магілёўскага кафедральнага сабора пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Праваслаўная кніга — шлях да духоўнасці». Падчас фестывалю ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы і шматлікіх дзіцячых бібліятэках працуюць кніжныя выстаўкі, прысвечаныя фестывалю і духоўнай культуры наогул. Мае адбыцца таксама прэзентацыя персанальнай выстаўкі магілёўскага фотамастака М. В. Шчудла «Жывіце з мірам. Жывіце ў міры» і канцэрт хору Дзіцячага цэнтра культуры Бялграда з Сербіі. Цягам усіх фестывальных дзён у горадзе працуе духоўна-асветніцкая выстаўка-кірмаш «Беларусь праваслаўная», у якой бяруць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны. Музычная духоўна-асветніцкая праграма «За ўсё табе, Творца, узношу хвалу» запрашае паслухаць выступленні хрысціянскіх груп і салістаў з Даніі, Ізраіля, Нігерыі, Латвіі, Малдовы, Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Узбекістана, ЗША, Грузіі, Сальвадора, Украіны, Арменіі. Дзяржаўны рускі народны хор імя М. Я. Пятніцкага знаёміць са сваім адметным мастацтвам у Палацы культуры вобласці, на Архіерэйскім вале адбудзецца свята званоў і ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў міжнароднага конкурсу харавых і вакальных калектываў.

Марыя РУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».