Вы тут

Як злавіць свайго матылька?


Замовы, школа і паэзія Валеры Гапеева

У чатырох нумарах часопіса «Маладосць» друкаваўся школьны раман Валеры Гапеева «Мая мілая ведзьма». У назве — багата алюзій. І вядзьмарка, якая шэпча замовы, там сапраўды ёсць, але мне не гэта падаецца ў творы галоўным...


Пазнавальнае жыццё старшакласнікаў у сучаснай беларускай школе, сямейныя і асабістыя псіхалагічныя праблемы, спробы захаваць унутраную гармонію ў негатыўным інфармацыйным атачэнні — тое, што хвалюе і што зацікавіць падлеткаў, бацькоў, настаўнікаў. Раман набліжаны да сучаснасці як найболей і каштоўны ў першую чаргу менавіта гэтым, бо сёння вельмі распаўсюджанае меркаванне, што беларуская літаратура страціла сувязь з рэчаіснасцю і праз гэта многімі ўважаецца неактуальнай. Сёння вельмі важна прыцягнуць да чытання сучаснай літаратуры менавіта тых, хто ёю ніколі не цікавіўся ці, у лепшым выпадку, лічыць, што яна скончылася на Караткевічы і Быкаве.

Галоўны герой дзесяцікласнік Кірыл гадамі бачыць адзін і той жа сон: ён бяжыць за цёмна-ружовым матыльком, спрабуе яго злавіць, але замест гэтага «падае з вялізнай вышыні на дно кручы, дзе струменіць ледзь бачны раўчук, на жоўты іскрысты пясок…». Гэты сон прымушае хлопца штораз прачынацца з адчуваннем, што ўсё вакол няправільна, фальшыва. І ў адну з такіх пакутных раніц у класе, дзе вучыцца Кірыл і яго найлепшыя сябры, з’яўляецца новенькая — Ядвіся Лелька. Дзяўчына з радзімкай у форме матыля на плячы. Акурат яна і ёсць тым няўлоўным матыльком, тым чароўным абяцаннем казкі. Гэта сімвалічны бок, а больш рэальны, нават крыху дэтэктыўны, вось які…

Калісьці даўно Кірыл, Уладзя, Юрась і Ядвіся былі ў адным летніку. Хлопцы, дурэючы, хацелі напалохаць баязлівую дзяўчынку, яна ўцякала ад іх, звалілася з абрыву, моцна выцялася. Дзеці не ўзялі на сябе адказнасць — не папрасілі прабачэння, не дапамаглі падняцца, проста ўцяклі. І вось цяпер вядзьмарка Ядвіся знайшла магчымасць сустрэцца са сваімі крыўдзіцелямі — перавялася ў тую ж школу. Тут і пачынаецца: сяброўства, закаханасць, першыя дотыкі, першыя прызнанні… Такі пачатак і працяг сюжэта зацікавіць тую аўдыторыю, на якую ў першую чаргу арыентаваўся аўтар.

Мілая ведзьма — Ядвіся Лелька, якая пераняла незвычайныя здольнасці ад бабулі. Некалькі разоў яна карыстаецца сваім талентам. І хаця «вядзьмарская» тэма стварае пэўны антураж, прыцягвае ўвагу, не яна галоўная ў рамане. Гэта хутчэй даніна вельмі актуальнай для пісьменніка (аўтара раманаў «Праклён» і «Ноч цмока») тэмы ўзаемадзеяння паганства і хрысціянства ў нашым светаўспрыманні. «…У нас, у беларусаў, колькі хрысціянскага, гэтулькі ж і паганскага, свайго, радавога… І што больш робіць нас людзьмі? Па мне — абодва фактары», — кажа Ядвіся.

У адрозненне ад Ядвісі, астатнія героі рамана звычайныя: прыхільнік ідэалаў анархіі Кірыла, апантаны матэматыкай Юрась, «тыповы батан» Уладзя, закаханая ў свой адбітак у люстэрку «школьная каралева» Віялета, «асацыяльны» бамбіза Алег, чый бацька сядзіць у турме за крадзеж, непрыгожая, нязграбная Алеся, якая піша цікавыя апавяданні… У любым 10-11 класе знойдзем прататыпаў. Стасункі паміж вучнямі развіваюцца няпроста, ужо адсюль — класавыя адрозненні (пакуль, праўда, паводле заможнасці бацькоў). Імпануе ў творах В. Гапеева адсутнасць наўпроставай дыдактычнасці, што так распаўсюджаная ў сучаснай беларускай літаратуры для дзяцей і падлеткаў і што так адштурхоўвае іх у першую чаргу. Уменне не павучаць, а размаўляць на роўных — такое відавочнае псіхалагічнае правіла, якое з такой паслядоўнасцю ігнаруецца. Героі В. Гапеева — не ўвасобленыя ілюстрацыі да выхаваўчых пасылаў, хаця, вядома, заўважаныя пісьменнікам характэрныя рысы старшакласнікаў усё-ткі склаліся ў некалькі абагульненых вобразаў (у першую чаргу гэта датычыць Віялеты). У чым, магчыма, і заўважаецца выхаваўчы пафас, дык гэта ў гісторыі падрыхтоўкі невялічкага фільма для гарадскога конкурсу, удзел у стварэнні якога бярэ ўвесь клас. Такая своеасаблівая метадычка: як аб’яднаць раз’яднаны калектыў.

Адсутнасць спрошчанага падыходу да стварэння персанажаў выяўляецца і ў вобразах настаўнікаў (класны кіраўнік Зінаіда Мартынаўна, фізік Антось Сямёнавіч, завуч Наталля Іванаўна). У рамане В. Гапеева настаўнікі і вучні не так ужо і часта аказваюцца па розныя бакі «барыкадаў» сістэмы адукацыі, усё часцей яны шукаюць шляхі да паразумення. Калі, напрыклад, вучні сустракаюць свайго ўлюбёнага настаўніка ў настолькі нецвярозым стане, што той не можа трымацца на нагах, і дапамаюць яму дабрацца дадому — дык пасля не асуджаюць, не кпяць, не пляткараць. Калі дзесяцікласнікі замест абрыдлага за шмат гадоў навагодняга ўпрыгожання (з Дзедам Марозам, ёлачкамі, санкамі і сняжынкамі) ствараюць сапраўдны мастацкі шэдэўр (вясна, дзяўчынка, стракатасць колераў, матылькі), завуч іх падтрымлівае, не крытыкуе за смеласць.

Школьным гэты раман называецца таму, што асноўнае дзеянне сапраўды адбываецца ў школьных памяшканнях, аднак насамрэч тэматычныя абсягі твора — шырэйшыя. Праблемы «жаночага» выхавання дзяцей у няпоўных сем’ях, складанасці сталення, першыя «дарослыя» рэфлексіі і першы досвед прыняцця сур’ёзных рашэнняў, агрэсіўнасць інфармацыйнай прасторы…

І ўжо дакладна сягае за школьныя абсягі ўвядзенне літаратурнага кантэксту, таму, відаць, і вылучаецца ў асобную сюжэтную лінію: пошукі бацькі Ядвісі — беларускага паэта, літсупрацоўніка абласной газеты, чалавека не вельмі паспяховага і не заўсёды прывабнага, схільнага да злоўжывання алкаголем. Калі Кір (так называюць сябры галоўнага героя) распачынае пошукі бацькі дзяўчыны, у якую закаханы і перад якой адчувае віну, то даведваецца, што ў Беларусі два саюзы пісьменнікаў і што рэальнае аблічча пісьменніка адрозніваецца ад строгага фотаздымка са школьнага падручніка. Галоўны герой, прыхільнік стылю Стывена Кінга, з захапленнем адкрывае для сябе «Дзікае паляванне караля Стаха»: «Наш беларускі пісьменнік Караткевіч такую рэч напісаў! Чытаў вечар і ноч — зацягнула». У творах, напрыклад, Міколы Адама падлеткі праз сацсеткі даведваюцца пра існаванне сучаснай беларускай літаратуры і чытаюць... Міколу Адама. А герою рамана В. Гапеева праз «УКантакце» «падагналі» «Дзікае паляванне…».

Аднак на гэтым літаратурная тэма не сканчаецца. Каханне паміж бацькамі Ядвісі, гісторыя яе нараджэння, дзяцінства, юнацтва становяцца ўрэшце для Кірыла тэмай першага ў яго жыцці ўласнага мастацкага твора. І толькі ў той момант, калі першы чытач — мама — выказвае свае ўражанні, дае, так бы мовіць, першую крытычную ацэнку, становіцца зразумелым: усе перажыванні героя з нагоды адсутнасці амбіцый, імкнення нешта даказваць і нават яснага ўяўлення будучай прафесіі акурат праз уменне глыбей зазіраць у свет супярэчлівых чалавечых пачуццяў, разгадваць знакі лёсу па нібыта выпадковых, нязначных здарэннях.

В. Гапееў збірае ў адное розныя сюжэтныя ніткі. Нейкія з іх лагічна цягнуцца з мінулага герояў, нейкія з’яўляюцца ў якасці адступлення і з агульным развіццём сюжэта не звязаныя. Ідучы за логікай, распаўсюджанай у сучаснай літаратуры кінематаграфічнасці сюжэта, В. Гапееў урэшце збірае ўсіх герояў у адзіным полі «хэпі-энду»: закаханыя адно аднаго адшукалі, страчанае каханне адрадзілася з попелу жыццёвых нягодаў, урокі справядлівасці і чалавечай спагады былі засвоеныя. Адным словам, як кажа бабуля галоўнага героя, — усё будзе добра. Такая канцоўка заканамерная ў творы для падлеткаў, яна дае надзею: усё можна выправіць, зрабіць правільна, зрабіць, як належыць. Мабыць, гэта больш адпавядае логіцы развіцця сюжэта, чым праўдзе жыцця. Але чаму б мары пра матылька ў далонях не спраўдзіцца прынамсі ў мастацкім творы?..

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.