Вы тут

Фальклорныя інтэрпрэтацыі літаратурных тэкстаў


Пабачыў свет 13-ы выпуск зборніка навуковых артыкулаў «Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі». Выданне, без перабольшання, стала своеасаблівай візітоўкай кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якую ў 1994 годзе арганізаваў і ўзначаліў доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша. Пры яго падтрымцы на кафедры склалася добра вядомая ў краіне фалькларыстычная навуковая школа, прадстаўленая выкладчыкамі і супрацоўнікамі кафедры і вучэбнанавуковай лабараторыі беларускага фальклору, якая функцыянуе пры кафедры, а таксама студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй «Фалькларыстыка». Вячаслаў Пятровіч не толькі ўхваліў ініцыятыву фалькларыстаў кафедры па выданні зборніка навуковых артыкулаў, узяў актыўны ўдзел у выпрацоўцы яго канцэпцыі, узначаліў рэдакцыйную калегію, але і прыцягнуў да супрацоўніцтва членаў сваёй сям’і — жонку Таццяну Кабржыцкую, сына Усевалада Рагойшу, нявестку Элу Дзюкаву.


На старонках «Фалькларыстычных даследаванняў» Вячаслаў Пятровіч падзяліўся ўспамінамі пра дзейнасць Рыгора Шырмы. Разам з сябрамі-аднакурснікамі ён дапамагаў маэстра ў падрыхтоўцы да друку фундаментальнай працы — чатырохтомнага выдання «Беларускія народныя песні». Называючы Р. Шырму «ахоўнікам народнай песні, а значыць, і душы народа», Вячаслаў Пятровіч распавядае пра некалькі эпізодаў «шчаслівай магчымасці» сустракацца і супрацоўнічаць з ім, што пакінулі ў душы навукоўца глыбокі след. Асабліва яго ўразілі развагі маэстра пра народныя песні: «Песня творыць народ, збліжае людзей. Паглядзіце на прыбалтаў, на іх шматлюдныя святы песні. Тысячы людзей яднаюцца ў адным парыве — словамі роднай мовы, блізкай сэрцу мелодыяй. Усе яны становяцца як бы адной сям’ёй, якую не раз’яднаць, не пасварыць, не адолець. І ўсё гэта — дзякуючы песні. Таму мы павінны ўсімі сіламі і сродкамі захоўваць і ахоўваць яе».

У артыкуле «Навуковы дыскурс Янкi Саламевiча (да 70-годдзя з дня нараджэння)» В. Рагойша распавёў аб прафесійнай і навуковай дзейнасці вядомага беларускага энцыклапедыста, рэдактара, выдаўца, гісторыка літаратуры, літаратурнага крытыка, перакладчыка, архівіста, бібліёграфа, фалькларыста. Жыццё гэтага таленавітага чалавека звязана не толькі з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя», але і з філалагічным факультэтам БДУ, які ў свой час скончыў І. Саламевіч.

Адно з даследаванняў Вячаслава Пятровіча стала навуковым адкрыццём, якое дапаўняе гістарыяграфію беларускай фалькларыстыкі. Прааналізаваўшы выпадкі творчага выкарыстання фальклору ў арыгінальных пісьменніцкіх працах — у лібрэта камедыйнай оперы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія»), даследчык пераканаўча даказаў, што пісьменнік быў адным з самых першых беларускіх фалькларыстаў. В. Дунін-Марцінкевіч не толькі актыўна збіраў народныя песні, прыказкі, прымаўкі, але і ўстаўляў іх у свае творы без аўтарскай апрацоўкі. Вячаслаў Пятровіч адзначыў, што самае ранняе з вядомых сёння твораў В. Дуніна-Марцінкевіча фактычна стала адной з першых у беларускай фалькларыстыцы публікацый народных песень, прыказак, прымавак.

На старонках «Фалькларыстычных даследаванняў» навуковец са шкадаваннем канстатуе факт адсутнасці даследчай цікавасці да многіх важных навуковых праблем. У прыватнасці, у артыкуле «Пра фалькларызацыю лiтаратурных тэкстаў» В. Рагойша абгрунтоўвае неабходнасць канкрэтызацыі паняцця «сучасны фальклор», нагадвае пра важнасць і перспектыўнасць пытання «пісьменнік → фальклор» як складовай часткі праблемы «пісьменнік і народ» і прапануе методыку вывучэння літаратурных твораў у іх фалькларызаванай інтэрпрэтацыі.

Пастаянны аўтар «Фалькларыстычных даследаванняў» — кандыдат філалагічных навук, дацэнт Т. Кабржыцкая. Ужо ў першым выпуску зборніка быў апублікаваны яе артыкул «Літаратура і народная культура: фальклорны матыў як форма і ідэал у п’есе Янкі Купалы “Тутэйшыя”», дзе даследчыца істотна адкарэктавала распаўсюджанае ў айчыннай навуцы сцвярджэнне: асноўныя модусы п’есы — толькі катэгорыі трагічнага і камічнага. Т. Кабржыцкая даказала, што побач з імі ўзнікае і паняцце героіка-аптымістычнага.

Бясспрэчным адкрыццём стаў артыкул Т. Кабржыцкай «Да пытання пра міфапаэтычную і фальклорную аснову твора Максіма Багдановіча “Страцім-лебедзь”», дзе, вызначаючы ролю народна-паэтычных вобразаўархетыпаў у творчай лабараторыі М. Багдановіча, даследчыца даказвае памылковасць існуючых інтэрпрэтацый вобраза Лебедзя і прапануе аптымістычнае прачытанне канцоўкі твора.

 На старонках «Фалькларыстычных даследаванняў» неаднаразова публікаваў вынікі сваіх навуковых пошукаў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Усевалад Рагойша. Для даследчыка важна падкрэсліць цесную сувязь мастацкага стылю пісьменніка з нацыянальным фальклорам. Так, аўтар падкрэслівае, што «з апорай на фальклорны матэрыял Зарэцкі спрабаваў адкрыць формулу будучыні роднай Краіны, у якой павінна панаваць хараство, гармонія маральнага клімату — як у асабістым жыцці, так і ў грамадскім» (артыкул «“Ноты фальклору” ў мастацкім стылі Міхася Зарэцкага»), а Караткевічу «зварот да фальклору дапамагае ўвасобіць вобраз народа, які ў п’есе з развіццём падзей становіцца адной з галоўных дзейных асоб» (артыкул «Старажытныя руны ў мастацкім светаўспрыманні Уладзіміра Караткевіча»). Вывучаючы спецыфіку літаратурнага міфа Беларусі, асаблівасці аўтарскага асэнсавання нацыянальных традыцый у творчасці М. Багдановіча, А. Гаруна, Я. Купалы, У. Рагойша прыходзіць да справядлівага высновы, што паэзія пачатку ХХ ст. — сведчанне заканамернай цыклічнай рэінкарнацыі Рэнесансу ў беларускай літаратуры. У нацыянальным пісьменстве адбываецца вобразная кадзіроўка сутнасных рыс нацыянальнага вобраза свету, перавод іх у дэпазітарную форму культурнай інфармацыі (артыкул «Нацыянальнае светабачанне і яго філасофскае напаўненне ў творах беларускіх паэтаў-адраджаністаў»).

Сфера навуковых інтарэсаў кандыдата філалагічных навук, дацэнта Элы Дзюкавай даволі шырокая і разнастайная: гэта вывучэнне стылістыкі беларускага хаджэння пераходнага перыяду, выяўленне ўзроўню фалькларызацыі твораў усходнеславянскага мастацтва ранняга Сярэднявечча («“Хаджэнне ігумена Данілы” і фальклор»), вызначэнне функцый фальклорнага элемента ў творчасці рускіх і беларускіх пісьменнікаў («Фальклорны элемент як ідэйна-мастацкі і псіхалагічны фактар у п’есе М. Булгакава “Апошнія дні”» і «Фальклор у мастацкай структуры гісторыка-біяграфічнай п’есы У. Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”»). Актуалізуючы праблему рэгіянальнай спецыфікі фальклору і этнакультурнай ідэнтыфікацыі аўтахтоннага насельніцтва памежных тэрыторый, даследчыца адзначае, што аб’ектыўнасць даследавання «залежыць ад высвятлення спосабаў існавання індывідуальнай свядомасці рэцыпіентаў, ментальнасць якіх абумоўлена гістарычнымі перыпетыямі ва ўсіх іх праявах, шматлікімі падзеямі, рознымі па часе ўзнікнення, характары і мэтах» («Фальклор як маркёр этнакультурнай самаідэнтыфікацыі народа (песенны рэпертуар Холмшчыны і Падляшша)»).

Колькасць публікацый сям’і В. Рагойшы на старонках «Фалькларыстычных даследаванняў» — больш за 270 артыкулаў! Гэтая лічба не павінна выклікаць здзіўлення, таму што ў трынаццаці выпусках зборніка навуковых прац свае публікацыі размяшчалі дактаранты, аспіранты, магістранты, студэнты Вячаслава Пятровіча, якіх ён падтрымлівае і апякуецца, як сапраўдны бацька.

Вольга ПРЫЕМКА, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.