Вы тут

У Мінску на Дзень Незалежнасці адбыўся вайсковы парад


Беларусы ганарацца сваёй гісторыяй і гатовы абараняць родную зямлю ад пагроз яе суверэнітэту і незалежнасці

«Увага! Гаворыць і паказвае горад-герой Мінск!» — ужо каторы год запар у Дзень Незалежнасці, які мы ўжо дваццаты раз святкуем яшчэ і як Дзень Рэспублікі, адзін з цэнтральных праспектаў замірае ў прадчуванні найвялікшай урачыстасці. Менавіта тут, каля мемарыяльнага комплексу «Мінск — горад-герой», які сімвалізуе мужнасць і стойкасць абаронцаў беларускай сталіцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па традыцыі праходзіць галоўнае шэсце краіны.

Штогод побач з тымі, хто ў далёкім 1944-м адстаяў для нас Незалежнасць, а таксама з нашчадкамі пакалення Пераможцаў — і карэспандэнты найстарэйшай рэспубліканскай газеты Беларусі. «Звязда» ў найбольш трагічны ў гісторыі нашага народа час не здалася ворагу, актыўна ўступіўшы з ім у барацьбу ва ўмовах і падполля.


Памятаем і ганарымся

Адной з галоўных урачыстасцяў краіны па традыцыі стаў ваенны парад. Тысячы мінчан, а таксама госці сталіцы, якія апынуліся ў эпіцэнтры святкавання Дня Незалежнасці, асабіста пераканаліся, што беларуская армія — мабільная, моцная духам, добра падрыхтаваная, на яе ўзбраенне накіроўваецца самая сучасная тэхніка.

— Дай Чырвонай Арміі гэтую тэхніку ў вайну, ужо праз тры дні прагналі б фашыстаў з нашай зямлі! — ці то жартам, ці то не кажа малалетні вязень Аляксандра Піцукевіч, якая пасля вызвалення рэгулярнымі войскамі аказвала медыцынскую дапамогу на перадавой.

А тым часам галоўнае шэсце краіны пачынаецца з традыцыйнай перадачы парада. Каб «прыняць» і «перадаць» парад, міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў і камандуючы парадам, намеснік міністра абароны генерал-маёр Сяргей Патапенка выехалі на кітайскіх кабрыялетах. Эксклюзіўныя аўтамабілі, якія існуюць толькі ў двух экзэмплярах, удзельнічаюць у парадзе трэці год запар. Такі падарунак да 70-й гадавіны Вялікай Перамогі нам зрабіла ваеннае ведамства Кітая.

Камандуючы парадам дакладвае міністру абароны аб гатоўнасці войскаў Мінскага гарнізона да парада ў азнаменаванне Дня Незалежнасці. Пачынаецца аб'езд войскаў. Міністр вітае кожную парадную «каробку» — не змаўкаюць трохразовыя «ўра». Міністр абароны дакладвае Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі, Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, што войскі Мінскага гарнізона гатовы для ўдзелу ў парадзе. Апошняе трохразовае «ўра» — пад акампанемент артылерыйскіх залпаў гучыць Дзяржаўны гімн.

У страі — абаронцы Айчыны

Ужо каторы год першымі на праспект Машэрава выходзяць самыя юныя ўдзельнікі ваеннага парада — мінскія сувораўцы. Барабаншчыкі чаканяць крок, а дыктар удакладняе, што сёлета адбыўся 61-ы выпуск ваеннага вучылішча. Увогуле за сваю гісторыю пуцёўку ў самастойнае жыццё атрымалі больш як 13 тысяч выхаванцаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Сотні яго выпускнікоў за праяўленыя мужнасць і гераізм узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, шасцёра навечна залічаны ў спісы асабовага складу ўстановы.

Перад трыбунамі праносяць Сцяг Перамогі, сцягі Рэспублікі Беларусь, Савецкага Саюза — краіны, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўнесла асноўны ўклад у перамогу над фашызмам. Вайскоўцы роты ганаровай варты нясуць і штандары 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх, 1-га Прыбалтыйскага франтоў — менавіта гэтыя вайсковыя злучэнні ўдзельнічалі ў Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», у ходзе якой была вызвалена наша краіна.

Непасрэдным удзельнікам легендарнай аперацыі, за якую атрымаў ордэн Аляксандра Неўскага, быў і Аляксандр Фень. Больш як 70 гадоў таму на досвітку 3 ліпеня з боку Астрашыцкага Гарадка ў складзе свайго танкавага экіпажа ён набліжаўся да беларускай сталіцы. За плячамі ўжо былі Сталінград, Курск, Украіна, а наперадзе — Румынія, Літва, Латвія. Перамогу сустрэў ва Усходняй Прусіі. За гады ваеннага ліхалецця Аляксандр Фёдаравіч асабіста знішчыў 12 танкаў праціўніка. На парадным кіцелі франтавіка — 7 баявых ордэнаў і 28 медалёў!

Аддаючы даніну павагі ветэранам-пераможцам, перад трыбунамі ў форме чырвонаармейцаў часоў Вялікай Айчыннай вайны праходзіць парадны разлік курсантаў агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі — так званая франтавая каробка. У руках курсантаў — легендарныя савецкія аўтаматы ППШ.

Упершыню ў парадным страі — прадстаўнікі войскаў тэрытарыяльнай абароны, якія сімвалізуюць усенародны характар абароны Айчыны.

Урачыстым маршам з Баявым Сцягам галоўнай ваеннай ВНУ краіны ідзе парадны разлік афіцэраў камандна-штабнога факультэта і прафесарска-выкладчыцкі склад Ваеннай акадэміі. На чале параднага разліку — начальнік установы генерал-маёр Віктар Лісоўскі. Адзін за адным крочаць курсанты факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, факультэта ракетных войскаў і артылерыі, авіяцыйнага факультэта і факультэта ваеннай разведкі. Штогод у парадзе ўдзельнічаюць і курсанты ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Прыведзеныя ў адпаведнасць з патрабаваннямі сучаснай вайны і ўзброенай барацьбы, Узброеныя Сілы нашай краіны захавалі лепшыя воінскія злучэнні, якія за мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны атрымалі званні гвардзейскіх і ганаровыя найменні, узнагароджаныя баявымі ордэнамі. Упершыню на парадзе — усе механізаваныя брыгады сухапутных войскаў. У кожнага са злучэнняў — слаўны баявы шлях.

Сцяг сухапутных войскаў нясуць вайскоўцы 120-й асобнай гвардзейскай Рагачоўскай Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава механізаванай брыгады імя Вярхоўнага Савета БССР. У гады ваеннага ліхалецця вайскоўцы злучэння прайшлі ад Сталінграда да Берліна, удзельнічалі ў вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў роднай Беларусі. У парадным разліку — прадстаўнікі 11-й асобнай гвардзейскай Прыкарпацка-Берлінскай Чырванасцяжнай, ордэна Суворава 2-й ступені механізаванай брыгады. Іх папярэднікі абаранялі сваю краіну на палях Курскай бітвы, вызвалялі Украіну, Польшчу, бралі Берлін. Прыкладам беззапаветнага служэння Айчыне з'яўляюцца і 19-я асобная гвардзейская Мікалаеўска-Будапешцкая Чырванасцяжная, ордэна Суворава, а таксама 6-я асобная гвардзейская Кіеўска-Берлінская, ордэна Леніна, Чырванасцяжная, ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага механізаваныя брыгады, вайскоўцы якіх таксама ўдзельнічаюць у парадзе.

Такое не забудзеш

Каб на ўласныя вочы ўбачыць прыгожых хлопцаў, якія зладжана трымаюць раўненне, Дзмітрый Аляхновіч з жонкай Ганнай і дачкой Арынай другі год запар спецыяльна прыязджаюць у сталіцу з Гродна. Аказваецца, галава сям'і некалькі гадоў быў сам на іх месцы — чаканіў крок у складзе разліку ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў.

— Я і цяпер помню, як хваляваўся, — прызнаецца Дзмітрый. — Удзельнічаць у парадзе — гонар для кожнага вайскоўца, такое не забудзеш ніколі!

Запамінальнай гэтая падзея стане і для курсантаў факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі, якія прадстаўляюць Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. Штодзень вайскоўцы гэтага віду Узброеных Сіл нясуць баявое дзяжурства па ахове паветраных меж нашай Радзімы. Урачыстым маршам крочыць і парадны разлік курсантаў Інстытута пагранічнай службы, які ўзначальвае начальнік навучальнай установы генерал-маёр Васіль Гедзько. Выпускнікі інстытута стаяць на варце беларускай мяжы, надзейна забяспечваючы ахову рубяжоў нашай дзяржавы.

Набліжаюцца прадстаўнікі ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Першымі ідуць курсанты факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі. У парадным страі — і воіны 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. У гады Вялікай Айчыннай брыгада прымала ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пасля вайны змагалася з бандытамі на тэрыторыі нашай краіны і ў Заходняй Украіне. Сёння нашчадкі пераможцаў адказваюць за ахову грамадскага парадку.

Са сцягам ведамства праходзіць парадны разлік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прадстаўлены курсантамі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС на чале з начальнікам установы палкоўнікам Іванам Паляводам. Праз некалькі гадоў на яго выпускнікоў будзе ўскладзена адказная місія па выратаванні жыцця і здароўя грамадзян, прадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, а таксама іх наступстваў.

У парадным страі — гонар Узброеных Сіл Беларусі. Сілы спецыяльных аперацый прадстаўлены сёлета ў поўным складзе: 38-й асобнай гвардзейскай Венскай, Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой, 103-й асобнай гвардзейскай ордэна Леніна, Чырванасцяжнай, ордэна Кутузава паветрана-дэсантнай імя 60-годдзя СССР брыгадамі, а таксама 5-й асобнай брыгадай спецыяльнага прызначэння, вайскоўцы якой выконваюць найбольш складаныя і адказныя спецыяльныя задачы.

Жалезная гарантыя бяспекі

 

Аб тым, што беларуская армія актыўна развіваецца, сведчыць і той факт, што рэгулярна ў войскі трапляюць новае ўзбраенне і тэхніка — мадэрнізаваная і якая толькі што сышла са станка. Нямала навінак, прычым айчыннага ваенна-прамысловага комплексу, убачылі і гледачы парада.

Але перш у складзе механізаванай калоны на праспект выехаў легендарны савецкі танк, які ўжо даўно ахрысцілі танкам Перамогі. Пад камандаваннем гвардыі малодшага лейтэнанта Дзмітрыя Фролікава 3 ліпеня 1944 года Т-34-85 першы ўварваўся ў беларускую сталіцу. Тое, што гэта менавіта тая трыццацьчацвёрка, сведчаць не толькі дакументы, а і прабоіны на корпусе — вораг сустрэў вызваліцеляў жорсткім супраціўленнем.

Усяго на парадзе задзейнічана звыш 220 адзінак баявой тэхнікі — у параўнанні з папярэднім годам колькасць парадных разлікаў павялічана амаль у два разы. Механізаваная калона расцягнулася на тры кіламетры.

На праспекце — танк Т-72Б, які з'яўляецца асноўным танкам сухапутных войскаў. Яго высокая абароненасць, манеўранасць і агнявая моц дазваляюць весці баявыя дзеянні ў непасрэдным судакрананні з праціўнікам. Па сваіх баявых магчымасцях і тэхнічных характарыстыках ён лічыцца адным з найлепшых танкаў — не выпадкова стаіць на ўзбраенні многіх краін свету.

Працягваюць параднае шэсце асноўныя баявыя машыны мотастралковых падраздзяленняў беларускай арміі — БМП-2. Узбраенне машыны дазваляе весці барацьбу з самымі рознымі цэлямі, уключаючы танкі і баявыя верталёты. Тэхнічнае аснашчэнне і абсталяванне могуць абараніць экіпаж у любых умовах баявой абстаноўкі.

Бронетранспарцёры БТР-80, якія стаяць на ўзбраенні дэсантных падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый, здольны выконваць цэлы комплекс баявых і спецыяльных задач па транспарціроўцы асабовага складу, а таксама яго агнявой падтрымцы — як на сушы, так і на вадзе. З мэтай павышэння эфектыўнасці прымянення зброі айчыннымі прадпрыемствамі распрацаваны новы прыцэльны комплекс «Манул», які паступова прайшоў выпрабаванне і ўжо паступае на ўзбраенне ў войскі.

Высокаманеўраныя пазадарожнікі «Багатыр», якія далей ідуць па праспекце, знаходзяцца на ўзбраенні сіл спецыяльных аперацый. Машыны валодаюць высокай праходнасцю, пры максімальнай нагрузцы развіваюць хуткасць да 100 кіламетраў у гадзіну. Дзякуючы айчынным распрацоўшчыкам спектр баявых і спецыяльных задач «Багатыроў», а таксама іншай баявой тэхнікі, прадстаўленай на парадзе, значна пашыраны. Як запэўнілі арганізатары, 30% параднага разліку складаюць узоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, створаныя і мадэрнізаваныя на айчынных прадпрыемствах.

Пад гукі «Паланэза»

— Такую колькасць ваеннай тэхнікі дагэтуль я бачыў толькі па тэлевізары, — прызнаецца госць з Фінляндыі Крысціян Карыма. — Уражвае! Увогуле ўсё, што я ведаў пра Мінск, пацвердзілася: гэта шырокія вуліцы, неверагодная чысціня, дагледжаныя помнікі, прыгожыя будынкі.

Крысціян шмат чуў пра беларускую роту ганаровай варты, таму з нецярпеннем чакае гэтага выступлення. А пакуль эксклюзіў сёлетняга парада — на мінскі праспект упершыню выехалі браніраваныя машыны «Кайман» і «Волат», радыёрэлейныя станцыі, мабільныя зенітныя артылерыйскія комплексы «Зеніт», выратавальная і медыцынская тэхніка.

Шматфункцыянальныя браніраваныя машыны «Кайман» паспяхова вытрымалі дзяржаўныя выпрабаванні і ўжо трапляюць на ўзбраенне нашай арміі. Аўтамабіль, прызначаны для разведвальных і дыверсійных аперацый, можа выкарыстоўвацца падчас патрулявання і суправаджэння, правядзення міратворчых аперацый, дзеянняў ва ўмовах надзвычайных сітуацый. Машына ўпэўнена перамяшчаецца па моцна перасечанай мясцовасці, прыдатная для бездарожжа, можа пераадолець водныя перашкоды. Па сваіх тэхнічных характарыстыках і баявых магчымасцях «Кайман» не саступае, а па шэрагу паказчыкаў нават пераўзыходзіць аналагічныя ўзоры, якія стаяць на ўзбраенні армій іншых дзяржаў.

Яшчэ адна навінка сёлетняга парада — дэманстрацыя беспілотнай тэхнікі, прычым створанай беларускімі майстрамі. Адзіны ў свеце ў гэтым класе разведвальна-ўдарны беспілотны верталёт «ІНДЭЛА СКАЙ БУР» абсталяваны оптыка-электроннай сістэмай прыцэльвання і рэактыўнымі выстраламі з далёкасцю стральбы да двух кіламетраў. Унікальны беспілотны лятальны апарат BЕLАR падтрымлівае крэйсерскую хуткасць (300 км/г), працягласць палёту складае больш як 24 гадзіны. А беспілотныя авіяцыйныя комплексы «Грыф-100» і «Беркут-2» прызначаны для выканання задач па вядзенні паветранай разведкі.

І гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу — рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз». Самая магутная зброя ракетных войскаў беларускай арміі, якая ўсяго адным залпам на адлегласці да 200 кіламетраў з высокай дакладнасцю адначасова трапляе ў 48 асобных цэляў, ужо двойчы дэманстравалася падчас парадаў, але менавіта сёлета «Паланэз» упершыню паказаны шырокай публіцы як самастойны дывізіён Узброеных Сіл.

Дарэчы, па завяршэнні парада частка ваеннай тэхнікі засталася на праспекце: упершыню за гісторыю правядзення ў нашай краіне парадаў усе ахвотныя змаглі пазнаёміцца з «жалезнымі коньмі» бліжэй.

Нябесны парад

У небе над сталіцай — авіяцыя. Сёлета гэта не толькі асноўныя тыпы крылатых машын Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі: верталёты Мі-8МТВ-5 і Мі-24, ваенна-транспарты самалёт Ан-26 у суправаджэнні вучэбна-баявых Як-130, знішчальнікі МіГ-29. «Ромб» у небе над сталіцай выпісваюць верталёты Мі-8МТВ-5, група штурмавікоў Су-25 — такія фігуры вышэйшага пілатажу па сілах толькі прафесіяналам. А толькі такія — самыя найлепшыя лётчыкі — пілатуюць паветраныя судны ў небе над сталіцай.

Упершыню ў складзе паветранага эшалона (верталёты Мі-2 і самалёты Як-52) прадстаўлена авіяцыя ДТСААФ. Дагэтуль у парадным разліку ў небе над сталіцай не лятала і авіяцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На верталётах Мі-8, АS-355 і Мі-26, які з'яўляецца самым вялікім у свеце серыйным верталётам, «крылатыя» ратавальнікі паспяхова выконваюць самыя складаныя аварыйна-выратавальныя работы, неаднаразова ўдзельнічалі ў гуманітарных і выратавальных аперацыях у Расіі, Сербіі, Турцыі і Грэцыі.

Ужо традыцыйным у паветраным парадзе стаў удзел расійскіх лётчыкаў. Паветрана-касмічныя сілы Расійскай Федэрацыі ў небе над Мінскам сёлета прадстаўляюць верталёты Ка-52, найноўшыя франтавыя бамбардзіроўшчыкі Су-34 і самалёты Су-27.

Завяршае нябеснае шэсце ваенна-транспартны самалёт Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі Іл-76 у суправаджэнні пяці вучэбна-баявых Л-39, якія адлюстроўваюць у небе беларускі двукалор.

Мінчанка Анастасія Сівуда заварожана глядзіць у неба. Адчуваецца, што яна хвалюецца. Аказваецца, яе муж таксама ўдзельнічае ў парадзе. Не, ён не лётчык, але выконвае не менш важную задачу — забяспечвае мерапрыемства сувяззю. Як прызнаецца жанчына, ходзіць на парад па традыцыі: спачатку такім чынам падтрымлівала брата, які вучыўся ў Ваеннай акадэміі, цяпер мужа. Сёння яшчэ і хвалюецца за калег — супрацоўнікі брэнда бытавой тэхнікі «Атлант» прадстаўляюць сваю прадукцыю ў калоне тэхнікі грамадзянскага прызначэння.

Апошняя, дарэчы, прадстаўлена 102 адзінкамі тэхнікі, у тым ліку 28 выставачнымі экспазіцыямі прадпрыемстваў і канцэрнаў. Гледачы ўбачылі дасягненні айчыннага машынабудавання, нафтахімічнай і нафтаперапрацоўчай галін, аграпрамысловага комплексу, легпрама, апошнія навуковыя распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук.

Майстар-клас ад армейскай эліты

Завяршыў святочнае шэсце «трактарны балет»: 7 трактароў «Беларус» выпісвалі піруэты пад музыку. Але перш — выступленне зводнай роты ганаровай варты, якую па праве называюць візітнай карткай Беларусі. Без гэтых стройных і прыгожых, як на падбор, ваеннаслужачых, не абыходзіцца ні адно дзяржаўнае свята. Не стала выключэннем і галоўнае свята краіны. Разам з вайскоўцамі ў пляц-канцэрце ўдзельнічалі прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Дарэчы, у адпаведнасці з рашэннем Прэзідэнта Беларусі ваеннаслужачыя роты ганаровай варты пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы маюць права пазаконкурснага паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.

Выступленне роты ганаровай варты сёлета было надзвычай рытмічным і відовішчным. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з новымі элементамі, якія выконваліся не пад ваенны марш, а пад сучасную музыку беларускага кампазітара Леаніда Шырына «Фантазія». У выкананні зводнага аркестра агульнай колькасцю ў 240 чалавек пад кіраўніцтвам начальніка ваенна-аркестровай службы Узброеных Сіл — начальніка ўзорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі, заслужанага артыста нашай краіны палкоўніка Сяргея Касцючэнкі яна напоўніла атмасферу асаблівай урачыстасцю, а кожнага з прысутных — пачуццём гонару за нашу Беларусь і яе Узброеныя Сілы.

Завяршылася ўрачыстасць тэатральным прадстаўленнем «Красуй, Беларусь!». А святочны дзень — гала-канцэртам «Беларусь маладая мая», які, як і патрыятычная акцыя «Праспяваем гімн разам», адбыўся ўвечары каля абеліска «Мінск — горад-герой». Ужо на змярканні неба расквеціў святочны салют. Галоўны дзесяціхвілінны феерверк быў надзвычай прыгожы — дзякуй Богу, а таксама нашым ветэранам, што ўжо больш як сем дзесяцігоддзяў беларусы не ведаюць іншых залпаў.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН


Уладзімір ЗІНОЎСКІ, міністр эканомікі:

— Увогуле Дзень Незалежнасці — гэта дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І важна, што гэтае свята мы адзначаем менавіта 3 ліпеня. Што датычыцца эканамічнай незалежнасці, то ў нашай краіне яна забяспечваецца. На працягу некалькіх гадоў, досыць нялёгкіх у эканамічным плане, наша эканоміка пачынае падымацца крок за крокам. Мяркую, што тыя планы, прагнозы, якія краіна ставіць перад сабой, будуць выконвацца.

Ірына КАСЦЕВІЧ, міністр працы і сацыяльнай абароны:

— Незалежнасць — гэта, перш за ўсё, незалежнасць чалавека, дзяржавы. Кожны, калі зазірнуць глыбей у гісторыю, імкнецца да яе. І няхай гэта вельмі ёмістае паняцце, але для мяне гэта свабода ў выбары прафесіі, у працы.

Леанід ЗАЯЦ, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання:

— Шчаслівая тая краіна, што незалежная. Бо мае магчымасць будаваць сваю эканоміку, сістэму бяспекі незалежна ад знешніх фактараў. Таму тое, што робіцца сёння дзяржавай, выклікае павагу і ўхваленне. Мы выбудоўваем сваю знешнюю палітыку на аснове добрасуседства, добрапрыстойнасці, эканамічнага інтарэсу з нашымі суседзямі. Трэба даражыць тым, што нам засталося ад нашых продкаў. Памятаць, якой цаной нам дасталася гэтая незалежнасць, і рабіць усё, каб кожны чалавек жыў у свабодзе, але разумеў яе цану і здолеў яе прымножыць.

Уладзімір ГУСАКОЎ, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— За час незалежнасці мы сталі ў адзін рад з краінамі Еўрапейскага саюза па шэрагу пазіцый у сферы навукі. Мы таксама змаглі захаваць і прымножыць навуковы патэнцыял, аднавіць інстытуты, стварыць матэрыяльную базу, падрыхтаваць кадры, сфарміраваць новыя дзяржаўныя праграмы, сканцэнтраваць рэсурсы на прыярытэтах. Цяпер наша навука развіваецца ў кантэксце сусветных тэндэнцый і кірункаў. Гэта і касмічная сістэма, і беспілотныя лятальныя комплексы, і найноўшыя фармпрэпараты, біятэхналогіі.

Любоў ЧАРКАШЫНА, бронзавая медалістка Алімпійскіх гульняў, шматразовы сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету па мастацкай гімнастыцы:

— Для кожнай краіны важна быць незалежнай і суверэннай. І асабліва нам, як спартсменам, — прадстаўляць з гонарам Рэспубліку Беларусь, бачыць сцяг, спяваць наш гімн — гэта дарагога каштуе. Гэта прабуджае патрыятызм і імкненне, каб пра тваю Радзіму даведаліся ва ўсім свеце. Усе тыя выпрабаванні, што напаткалі наш народ, сфарміравалі беларускую нацыю, якая стала яшчэ больш мэтанакіраванай, пачала больш верыць у саму сябе. Я заўжды кажу, што мы найлепшыя, толькі ў гэта трэба паверыць! Мы можам рабіць сваю краіну яшчэ прыгажэйшай ва ўсіх сферах, і не толькі ў спорце.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Быць дастойнымі нашчадкамі пакалення Пераможцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».