Вы тут

Вячаслаў Ар-Сяргі. Ветрык — у Беларусь


Яшчэ летась «звяздоўская» пошта прынесла вось гэты верш... Спярша — у падрадковым перакладзе з удмурцкай на рускую мову. Газета звярнулася да лаўрэата дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага з просьбай перакласці твор на нашу родную мову.


Да Мікалая Міхайлавіча звярнуліся не выпадкова. Ён і раней перакладаў Вячаслава Ар-Сяргі, які ў 2008 годзе прыязджаў у Беларусь на традыцыйны міжнародны круглы стол айчынных і замежных пісьменнікаў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», прымаў удзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства. Вершы Вячаслава Ар-Сяргі друкаваліся ў «Полымі». А па-руску — у часопісе «Всемирная литература». Тады ж, у 2008 годзе, Вячаслаў Васілевіч перазнаёміўся са многімі беларускімі літаратарамі, шмат з кім пасябраваў... Зараз, калі часам піша па электронцы, згадвае светлай памяці паэта Юрыя Міхайлавіча Сапажкова. Нейкае душэўнае, сардэчнае яднанне атрымалася ў Вячаслава з беларускім паэтам Віктарам Гардзеем. Яны, як памятаю, не толькі пра Беларусь і літаратуру гутарылі, але і пра Віктару Гардзею знаёмую Каму. Так спакваля ў Віктара Канстанцінавіча шлях скіраваўся да перакладу кнігі вершаў удмурцкага паэта, і летась Выдавецкі дом «Звязда» кнігай Вячаслава Ар-Сяргі «Ранішні вецер у акне» адкрыў серыю «Сябрына: паэзія народаў Расіі».

У тую амаль дзесяцігадовай даўнасці паездку па Міншчыне наш удмурцкі сябра пабываў у вёсках Мётча Барысаўскага, Блужа, Блонь, Зацітава Слабада, горадзе Мар'іна Горка Пухавіцкага, гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёнаў, у самім Чэрвені. З вялікай цікавасцю ў Блужы ў школьным музеі распытваў пра Героя Савецкага Саюза воіна-«афганца» Мікалая Чэпіка. Была ў гэтых роспытах асаблівая нагода... У сярэдзіне 1980-х Вячаслаў служыў у войску у Туркестанскай акрузе, дакладней — у Ашхабадзе, з многімі беларусамі поруч. А дывізія, куды камсамольцаў Іжэўска і іншых удмурцкіх ваколіц накіроўвалі, была адмысловая — у ёй рыхтавалі папаўненне для савецкага кантынгента ў Афганістане...

З тае паездкі па Міншчыне нарадзілася некалькі беларускіх вершаў Ар-Сяргі — «У Камісарскім Садзе», «Зацітава Слабада»... Сёння яны вядомыя і беларускаму чытачу. Як і вось гэты праніклівы, шчыры твор, з якім зараз знаёмяцца чытачы «Звязды».

Алесь Карлюкевіч


Вячаслаў АР-СЯРГІ, народны пісьменнік Удмурціі

Ветрык — у Беларусь

 

На Дзень Незалежнасці

Рэспублікі Беларусь

 

Беларусь,

блаславёная Богам зямля,

Да цябе ветрам цёплым

лячу я здаля —

Да тваіх, Беларусь, гарадоў

Цеплынёю душы

я прыпасці гатоў...

 

Я праводжу сяброў у застолле,

Беларускую песню спяю...

Падару вам паклоны Прыкам'я,

А на памяць — і песню сваю!

 

Да сваіх беларусаў

і ў вёсцы зайду,

Там на танец

дзяўчыну-красу запрашу,

Да багатых сталоў

у гасціны прыйду —

Ціха-мірна ў куце пасяджу...

 

Беларускаю радасцю поўны, —

Прагучала як голас святынь...

Дзень для добрага ветру —

цудоўны,

Слёзы — у дождж, і — цяплынь...

 

3 ліпеня 2016 года

 

З удмурцкай.

Пераклаў Мікола Мятліцкі.

Загаловак у газеце: «Да сваіх беларусаў і ў вёсцы зайду...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».