Вы тут

Якім быў воблік Мінска ў міжваенны перыяд?


У 1920—1930-я гады Мінск перажываў сур'ёзныя змены. Губернскі горад станавіўся адміністрацыйным цэнтрам маладой рэспублікі. Якраз тады пачалі думаць аб рэканструкцыі горада, узводзіць будынкі ў нязвыклым канструктывісцкім стылі, па-новаму арганізоўваць вольны час...


Клуб хар­ча­ві­коў, у бу­ду­чым — кі­на­тэ­атр «Пе­ра­мо­га».

Захаваць нельга зносіць

— У сувязі з павелічэннем насельніцтва Мінска ў гэты перыяд у горадзе паўстаў шэраг праблем. Па-першае, банальна не хапала будынкаў. У асноўным забудова была нізкапавярховай і шматлікія новыя ўстановы і арганізацыі не было дзе размясціць. Па-другое, пачаліся цяжкасці з транспартам, — расказаў краязнаўца Павел РАСТОЎЦАЎ.

Першыя намёткі генплана Мінска былі зроблены ў 1926 годзе, праўда, потым уся работа была разбіта ў пух і прах. Бо ў спецыялістаў адсутнічала геаздымка горада і не было абгрунтаванняў для тэкставай часткі.

У гэты ж перыяд пачалася глабальная рэканструкцыя Масквы: шырокія вуліцы, «парадныя дамы» і нават перанос будынкаў. Прадумаў план архітэктар Кагановіч, аўтарытэт якога ў той час быў настолькі высокі, што ў праектных дакументах па ўсім Саюзе пасля цытат Леніна і Сталіна абавязкова ішлі яго выказванні. Падобныя з маскоўскімі працэсы распаўсюдзіліся на сталіцы ўсіх савецкіх рэспублік.

Паколькі ў Мінску не было добрай праектнай школы, ужо ў 1930-я гады працаваць над новым планам прыехалі прадстаўнікі Ленгенпрагара. Наталля Макляцова, якая потым засталася ў беларускай сталіцы, спачатку адзначала, што трапіла ў досыць правінцыйны горад, у якім было ўсяго некалькі цікавых будынкаў.

Работа архітэктараў пад кіраўніцтвам прафесара Вітмана ў 1931 годзе таксама прайшла марна. Таму што ўсё яшчэ не было тапаграфічнай здымкі, геалагічнай прапрацоўкі мясцовасці, ніхто нічога не ведаў пра глебы горада і раянаванне. Працаваць над геадэзічнай здымкай пачалі толькі ў 1934 годзе, праўда, зроблена яна была якасна. На картах былі бачныя ўсе даваенныя дамы ў маштабе 1: 2000, гэта значыць у адным сантыметры — 200 метраў, што тады лічылася вельмі падрабязнай схемай.

У 1935 годзе Мінгарсавету было прапанавана сур'ёзна разгледзець пытанне раяніравання месцаў для жылля, прамысловасці і культурна-паркавых зон. Сярод галоўных праблем фігуравалі затапленне тэрыторый каля Свіслачы і чыгунка, якая псавала аблічча горада. Узвядзенне кожнага новага будынка ўспрымалася праз прызму: а ці зможам мы гэта зрабіць? Не хапала матэрыялаў, часцяком тое ж дахавае жалеза здымалі са старых пабудоў.

У новым плане, які ствараўся на аснове геаздымкі, велізарны раздзел быў прысвечаны прамысловасці. Ужо разглядаўся варыянт будаўніцтва гадзіннікавага завода, вытворчасць лічылася не шкоднай, таму будаваць яго збіраліся недалёка ад парка культуры і адпачынку ў раёне Старажоўкі, хоць у выніку ён аказаўся каля іншага парка.

Метал і гума на тэрыторыі БССР не вырабляліся, таму аб узвядзенні гігантаў не было гаворкі. Мінск павінен быў стаць цэнтрам мясцовай вытворчасці. У аснове — абутковая, тэкстыльная і харчовая прамысловасць. Меркавалася, што ў 1955 годзе колькасць жыхароў дасягне 500 тысяч, сетка вуліц пойдзе на поўнач у бок Лагойскага тракта, дзе больш чыстыя землі.

— Многія не прымаюць гэтую рэдакцыю плана, бо ён «пахаваў» гістарычны цэнтр горада. Але трэба разумець, што гэта было зроблена не толькі з-за таго, што ленінградская група крытыкавала Мінск за местачковасць, але таму што Стары горад пастаянна затапляўся і будынкі знаходзіліся ў жахлівым санітарным стане. Магчымасці пракласці каналізацыю і водаправод без пашкоджання будынкаў не было. На гэтым месцы хацелі ўладкаваць вялізную зялёную паркавую зону. Паркавая магістраль павінна была ісці на поўнач праз Татарскія агароды ў раён цяперашняга Камсамольскага возера, якога тады не было і ў задумцы. А вось цэнтральныя вуліцы мусілі застацца вузкімі: шкадавалі каштоўную мураваную і цагляную забудову. Каб вырашыць пытанні з транспартам, планавалі зрабіць дзве кальцавыя дарогі, амаль там, дзе яны размяшчаюцца і зараз, — расказаў Павел Растоўцаў.

У 1938 годзе пачалі гаварыць аб магчымым пераносе сталіцы ў Магілеў, таму была прынятая больш «сціплая» рэдакцыя плана, разлічаная на значна меншы прырост насельніцтва. На паўднёвым усходзе горада планаваўся прамысловы кластар, параіўшыся з чыгуначнікамі, усё ж вырашылі будаваць абводную ветку чыгункі. Да 1940 года сітуацыя зноў памянялася. У новым плане ўжо ўзнікла парадная забудова цяперашняга праспекта Незалежнасці, галоўная набярэжная вяла да Круглай плошчы, якой, дарэчы, збіраліся даць імя Маякоўскага. А вуліца Захарава павінна была стаць вуліцай Маякоўскага, там жа ўзводзілі капітальныя будынкі з каланадамі, якія не захаваліся, і пракладалі трамвайную магістраль у раён цяперашняга трактарнага завода. Пасля вайны менавіта апошні праект і лёг у аснову генплана горада.

Клуб ме­та­ліс­таў Мін­ску.

«Перамога» ў спадчыну ад харчавікоў

— Што датычыцца стылістыкі, то з пачатку 1920-х у Савецкім Саюзе панаваў канструктывізм, на змену якому больш як праз дзесяцігоддзе прыйшоў неакласіцызм, — адзначыў гісторык Уладзімір САДОЎСКІ.

Актыўна ў 20-я гады вялося клубнае будаўніцтва. Фарміраваўся новы быт, лічылася, што пасля завода пралетарый пойдзе ў клуб, ці кажучы на манер таго часу — клюб. Адзін з прыкладаў — Мінскі клуб металістаў. Прызначаўся для супрацоўнікаў металаапрацоўчых прадпрыемстваў горада і размяшчаўся на Універсітэцкай вуліцы, цяперашняй Кірава. Раней яна так называлася, таму што на ёй знаходзіліся некаторыя карпусы БДУ і некалькі іншых універсітэтаў, напрыклад, імя Леніна. Будынак клуба тыповы: дакладна такі ж быў узведзены ў Віцебску на беразе Дзвіны, прычым для тых жа самых мэт. У адрозненне ад мінскага ён захаваўся.

Яшчэ адзін прыклад такой архітэктуры — Клуб харчавікоў, які потым быў перайменаваны ў гонар Сталіна. Гэта не зусім страчаны будынак, на яго месцы з выкарыстаннем часткі канструкцыі быў пабудаваны кінатэатр «Перамога».

Корпус, дзе месціцца зала для гледачоў, захаваўся, а галоўны фасад цалкам змяніўся. Будынак лічыўся прагрэсіўным, бо ў ім мелася некалькі вялікіх залаў, у якіх можна было мяняць планіроўку. Меркавалася, што дахі таксама могуць стаць пляцоўкамі для адпачынку, але насамрэч так яны ніколі не выкарыстоўваліся, таму потым былі заменены на паўнавартасныя паверхі. Менавіта тут упершыню ў Мінску адбываўся міжнародны чэмпіянат па грэка-рымскай барацьбе. Будынак пацярпеў ад бамбардзіровак у канцы вайны, потым быў адноўлены ўжо ў выглядзе кінатэатра.

Адным з першых прадпрыемстваў сучаснага Мінска была малочная фабрыка або, як яе тады называлі, Цэнтральная малочня на вуліцы Маскоўскай. У 30-я гады ёй прысвячалі шмат артыкулаў, бо тут выраблялі 11 тысяч тон малочных прадуктаў у суткі, больш не маглі — не хапала сыравіны. На фабрыцы ўпершыню была арганізавана механізаваная мойка бутэлек, да гэтага малако прадавалася з металічных бідонаў, што садзейнічала распаўсюджванню захворванняў. У 1970-я гады малочны завод быў рэканструяваны і стары будынак знесены. Памяць аб ім захавалася ў назве суседняга завулка — Малочны.

Пер­шая мін­ская АТС.

У Шэрагу галоўных будоўляў міжваеннага Мінска быў універсітэцкі гарадок. Планы былі ўнушальныя, пышныя пректы прапаноўвалі на ўсесаюзным архітэктурным конкурсе. У 1920-я гады было пабудавана сем карпусоў, з іх да нас дайшло часткова чатыры: напрыклад, геафак і стары педфак, які знаходзіцца ва ўнутраным дворыку сучаснага Педагагічнага ўніверсітэта. А вось на месцы старога хімфака зараз пустая пляцоўка, хоць ён і быў знесены дзясяткі гадоў таму дзеля новага будаўніцтва.

У той перыяд Мінск ганарыўся сваёй аўтаматычнай тэлефоннай станцый, даволі сучаснай, нават на ўсесаюзным узроўні, якая была пабудавана на вуліцы Карла Маркса. Станцыя магла абслугоўваць да пяці тысяч абанентаў. А з эстэтычнага пункту гледжання вылучалася кантора Дзяржбанка СССР, пабудаваная з рысамі канструктывізму і рацыяналізму, які панаваў у заходнім свеце.

Што да жылых дамоў, то іх часта будавалі жыллёвыя таварыствы. Радавалі вочы мінчан дом «Асветнік-камунар» на Свярдлоўскай вуліцы, дзе жылі пісьменнікі і навукоўцы, у тым ліку і Кузьма Чорны, і дом спецыялістаў у раёне вуліцы Казлова, спраектаваны Наталляй Макляцовай. Ён быў адным з самых высокіх будынкаў у горадзе — 6 паверхаў, таму ў ім нават працаваў ліфт. Абодва дамы ў гады вайны былі разбомбленыя, аднак дом спецыялістаў потым пабудавалі нанова.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Гіганцкі парк і «клюбы» па інтарэсах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?