Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


«Згубленыя» грошы


Старэнькая і адзінокая Клаўдзія Пятроўна вярнулася дадому з крамы, села ў прыхожай на зэдлік, каб аддыхацца, а заадно паглядзець, што ў яе там засталося ў кашальку. Яна заўсёды так рабіла пасля наведвання крам. І — зніякавела: у кашальку было пуста. Яна ж добра помніла, што трымала ў руках пяцьдзясят рублёў адной купюрай, каб разлічыцца за пакупкі, а калі тая не спатрэбілася, запіхнула яе назад у кашалёк. Усё ж засумнявалася: а можа, і не, можа, не так усё было? Калі ж памяць цяпер — ну яе! Хутка забудзеш, як цябе самую зваць. Клаўдзія Пятроўна перапальчыла ўсюды, дзе магла б, на яе думку, быць тая пяцідзесяцірублёвая купюра, усе кішэні вывернула, аднак дарэмна: няма, хоць ты плач. Яшчэ да пенсіі далекавата, а засталася без грошай. Хаця прадукты ёсць, а на хлеб ды малако, так і быць, рашыла, пазычыць у людзей. Таму крыху супакоілася, але ўсё ж, выйшаўшы на двор, падзялілася бядой з суседзямі, якія сабраліся перад ганкам і абмяркоўвалі нейкую, мабыць, цікавую і надзённую навіну, бо так у гурт яны збіваюцца рэдка. Павіталася з імі, паслухала, пра што яны гамоняць, а потым і пра свае грошы апавяла...

— Згубіла недзе. Ажно пяцьдзясят рублёў. Пайду, мо дзе на тратуары ляжаць? — сказала бабулька і адразу ж пашкадавала, бо нехта з суседзяў падняў яе памкненне на смех: маўляў, ну ты і даеш, суседка, як жа будуць грошы ляжаць, калі ты іх і згубіла, як сама кажаш, і цябе чакаць. Не забывай, у які час жывеш!..

Яна і не пайшла. Відаць, праўду кажа сусед-мужчына. Вярнулася ў кватэру, каб менш думаць пры тыя згубленыя грошы, уключыла тэлевізар. Зацікавілася перадачай і на пэўны час забылася пра страту. А тут якраз дзынкнуў званок. «Хто б мог быць?» Адчыніла. На парозе стаяў сусед — той, што пакпіў з Клаўдзіі Пятроўны, калі яна сабралася пайсці шукаць згубленыя грошы.

— Скачы, Пятроўна! — ён трасянуў у паветры купюрай. — Ты і сапраўды іх згубіла. Але не на тратуары, а ў пад'ездзе, якраз за дзвярыма, дзе ў нас заўсёды цёмна, — святла ад лямпачкі ў калідоры не хапае. А ў мяне ж зрок не тое, што ў цябе. На, трымай свае грошы і болей не губляй.

— Во, дзякуй табе, суседзе, цяпер я да пенсіі спакойна дацягну, — рукі ў бабулькі затрэсліся, яна ўзяла грошы, пакланілася суседу.

Той не ацаніў яе паклон, сказаў без дакору, цёпла:

— Ну, ну, Пятроўна. Будзе табе. Мы ж з Косцікам тваім раслі разам. Хоць і не былі вялікімі сябрамі, але ж... я помню яго. Шкада, што рана не стала... А я, як бачыш, ёсць. Жыву... Хто ж, калі не мы, жывыя... Даруй, цётка... Мне трэба ісці...

...Свае пяцьдзясят рублёў Клаўдзія Пятроўна знайшла на другі дзень у сваім жа кашальку. Там, аказваецца, столькі перагародак, што і малады заблудзіцца...


Сваяк

У гэта цяжка паверыць, але такое было. Я добра ведаю таго чалавека, ён не выдумшчык і не фантазёр нейкі, а салідны таварыш, які доўгі час займаў высокую пасаду і меў аўтарытэт у нашым горадзе.

— Сустракаю на адным мерапрыемстве Івана Андрэевіча, гэта да маёй пенсіі было, — так пачаў ён са мной гамонку. — Павіталіся. Кампліментамі абмяняліся. А тады ён, паважаны прафесар, вазьмі ды заяві мне: «Вы толькі не крыўдуйце, але скажу вам шчыра — ох і намучыліся мы з вашай сваячкай! Тройчы збіраліся адлічыць, але ж кожны раз прыбягаў яе бацька і такі лямант узнімаў, што дзе там! «Вы ведаеце, хто ў мяне сваяк?!» І называў ваша прозвішча. Адным словам, адступалі, праяўлялі слабасць. Выпусцілі з горам папалам...» Тут я, пачуўшы такое, не толькі здзівіўся, але і насцярожыўся: колькі жыву, ніколі пратэкцый не рабіў, нават для сваіх дзяцей. Што за сваячка? Адкуль? Хто за дэтэктыў такі? Як прозвішча? Прафесар назваў... Яно мне ні аб чым не гаварыла. І як ні стараўся ўспомніць-прыгадаць, што ж гэта ў мяне за радня такая абвясцілася, нічога ў мяне не атрымалася. Ужо дома з жонкай расставілі, як кажуць, усе кропкі над «і». Аказалася, дачка зводнага брата траюраднай сястры жонкі майго старэйшага сына. Ні я, ні жонка, прызнаюся, не маглі нават успомніць, ці бачылі хоць тую студэнтку. Ды што студэнтку — яе бацьку таксама. А яно вось што дзеецца на белым свеце! Ну, і як такое назваць?

Мой знаёмы памаўчаў крыху, павадзіў галавой па баках, нібы асцерагаючыся кагосьці, а тады падняў на мяне вочы:

— Бываюць жа такія спрытнюгі! Бываюць жа такія лаўкачы! Ну, што скажаш, пісьменнік?

Я развёў рукамі. Я не знайшоў слоў. І нават не стаў пытацца, ці працуе тая дзяўчына, цяпер ужо, вядома ж, жанчына, настаўніцай. Бо гэтага не ведаў і ён сам...


Дапамог...

Якаў Фёдаравіч жыве ў Мінску, ваенны пенсіянер, а яго бацька закончыў свой зямны шлях у Гуце, адкуль ідзе іх радавод. Паколькі стары дажываў век у вёсцы адзін, то сын быў частым госцем у яго: дапамагаў, як кажуць, араць-сеяць і ўраджай збіраць. І ў той вясновы дзень Якаў Фёдаравіч наведаўся на бацькаўскі поплаў — трэба было садзіць бульбу. Дзялянку адвялі пад яе невялікую, таму рашылі не дамаўляцца з канём, а зрабіць справу пад заступ. «Каго б толькі яшчэ запрасіць? — падумаў Якаў Фёдаравіч. — З бацькі ўжо памагаты кепскі, сваё аддаў зямлі... А што, калі Грышку паклікаць, усё ж стрыечны брат? Папрашу яго» . Грышка выслухаў, паабяцаў быць як штык. Толькі чакаў-чакаў яго Якаў Фёдаравіч, а таго нешта няма. Занепакоіўся: «Можа, ён не так мяне зразумеў?» І патупаў у другі канец вёскі. Тое, што ўбачыў на двары ў Грышкі, дало адказ на ўсе пытанні: Грышка быў п'яны. Ды настолькі п'яны, што не зразумееш, аб чым ён балаболіць. Да таго ж хаатычна ходзіць па двары, хістаецца. «І калі паспеў?» «Што ж, давядзецца садзіць бульбу аднаму. Нікуды не падзенешся»,— развёў рукамі гараджанін.

Калі пакідаў двор, Якава Фёдаравіча перахапіла Грышкава маці і, асцярожна зіркаючы па баках — ці не бачыць Грышка? — шапнула яму:

— Ты ўжо даруй, Яша. Гэта ж ён прыкінуўся п'яным. Я б табе сама дапамагла, але ж ён потым мяне з'есць...


Літаратурнае свята

Пісьменніка Юрася Антонавіча запрасілі ў паездку на літаратурнае свята ў аддалены раён вобласці. Спярша ён аднекваўся, спасылаўся на ўзрост і на стан здароў'я, аднак яго ўгаварылі: як жа так, Юрась Антонавіч, без вас?! Вы ж — геній, наш гонар, самы заслужаны пісьменнік у вобласці. Ды што ў вобласці — уся краіна на вас раўняецца! Адных толькі званняў у вас — ого колькі! А кніг! А спектакляў! Так што і не думайце адмаўляцца.

З'ездзіў. Праз колькі дзён прыйшла газета, дзе была надрукавана справаздача аб тым літаратурным свяце. На паўпаласы. Такога ж памеру і здымак, на якім былі ўсе члены пісьменніцкай арганізацыі, калі ім ўручалі на мяжы раёна хлеб-соль. Не было на тым здымку толькі... Юрася Антонавіча. Першай гэта заўважыла жонка, падняла на мужа загадкавы позірк:

— А ты што, не ездзіў?

— Як не ездзіў?!

— Прызнавайся, дзе быў? Ці, можа, сівізна ў бараду, а чорт — у галаву? Так?

— Дай сюды газету, — ледзь не выхапіў яе з рук жонкі. — Зараз разбяромся. Ага, мяне і сапраўды не відаць... Я, мусіць, вунь за той калонай стаю. Пачакай, пачакай...

Юрась Антонавіч сеў, не выпускаючы газету з рук, і ўспамінаў, як усё было, калі фатаграфаваліся. Жонка ўжо махнула на яго рукой і падалася на кухню, а ён сказаў ёй услед:

— Ты ведаеш, Марыя, у чым тут справа? Як падалі каманду сфатаграфавацца, усе кінуліся на злом галавы бліжэй да фатографа... Ну і «замялі» мяне. Заціснулі.

Ён памаўчаў трохі, а сам падумаў: «Каб жа яны так беглі ў выдавецтвы з новымі творамі, як бягуць, каб пакрасавацца перад камерай. Але ж туды трэба з нечым бегчы, штосьці мець... Хоць адна ў іх, небарак, радасць — засвяціцца... Хоць дзе. Любым чынам. То вось так, як цяпер, на гэтым здымку, то ў тых жа «Аднакласніках». А таго не разумеюць, што чытач глядзіць не на картку, а на кнігу і на тое, што ў той кнізе...»


Разумная ўнучка

Маша прачнулася, ляжала пад коўдрай і чула, як мама размаўляла па тэлефоне з дзядулем. Дзядуля жыве ў іншым горадзе. Але што цяпер адлегласць! Вось і сёння дзяўчынка зразумела, што зараз яна будзе размаўляць з дзядулем па скайпе, ды не проста размаўляць, а той будзе няньчыць яе. Маме трэба тэрмінова некуды збегаць, а сваю любімую дачушку адну пакінуць дома не рашаецца: ці мала што!.. А гэта, можа, і лепш: затое Маша зноў нагаворыцца са сваім любімым дзядулем! А заадно яна пакажа яму сваіх новых лялек, якіх прывёз ёй з камандзіроўкі тата. Тата працуе на Поўначы, здабывае ў тайзе нафту, і калі прыязджае дадому, то не з пустымі рукамі: радуе дзяўчынку новымі падарункамі. З татам Маша амаль кожны дзень размаўляе ўвечар. А зранку тата на працы. Затое дома дзядуля, ён пенсіянер і яму няма куды спяшацца. Хіба як да камп'ютара, каб пабачыцца з унучкай Машай.

І вось яны, дзядуля і дзяўчынка, сядзяць перад маніторамі і размаўляюць. Размова заўсёды пачынаецца ў іх так:

— Добрай раніцы, Маша!

— Добрай раніцы, дзядуля!

— Ну, расказвай, што бачыла сёння ў сне, што рабіла ўчора ў садку.

Але гэтым разам, перш чым адказаць на дзядулевы пытанні, дзяўчынка весела спыталася:

— А ведаеш, дзядуля, хто мы з табой?

— Цікава. Ну і хто ж?

— Аднаскайпнікі!

Дзядуля ўсміхнуўся: малайчына, Маша! Удалае, трапнае параўнанне. Бач ты, прыдумала ж.

— Сама здагадалася?

— Ага!

Дзядуля яшчэ ўсміхнуўся і таму, што разумная ўнучка ў яго расце. А які дзядуля такому не парадуецца?

Васіль Ткачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».