Вы тут

Гучна і з размахам прайшло свята вёскі Кляцішча


Такога шэсця на Цэнтральнай вуліцы тут раней не бачылі. Следам за аркестрам выстраіліся мясцовыя жыхары, іх дзеці, унукі, сваякі, якія з'ехаліся з розных куткоў Беларусі, а таксама шматлікія запрошаныя. Наперадзе працэсіі — старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі і старшыня Налібоцкага сельскага Савета Аляксандр Пілінкевіч. Удзельнікі спыняліся каля святочна прыбраных падворкаў. Гасцінныя гаспадары частавалі іх прысмакамі: дранікамі, каўбасой, мачанкай з блінамі, грыбной і рыбнай юшкай, бярозавікам, хатнім квасам і морсам з журавін.


— У Кляцішча я прыязджаю кожныя выхадныя. Тут жылі нашы бацькі, якія прасілі захаваць дом. Цяпер тут гаспадарыць сястра Алена, — кажа Вольга Гінтаўт. — Мы часта збіраемся з дзецьмі, унукамі і можам прагаварыць усю ноч.

— Я жыву ў бацькоўскім доме 55 гадоў. У Мінску вывучылася, а засталася на малой радзіме. Ніколі нават не задумвалася аб тым, каб перабрацца ў сталіцу. У Кляцішчы ўсё наша, роднае, бацькоўскае, — дадае Алена Чэрнік. — І мы вельмі ўдзячныя Аляксандру Іванавічу Пілінкевічу, што арганізаваў такое цудоўнае свята.

Святочная «дэлегацыя» спыняецца каля двара Дануты Найдзён і Сяргея Бычкоўскага. На агароджы вывешаны самаробныя ручнікі, посцілкі, абрусы, выстаўлены розныя вырабы, прадметы быту, якімі карысталіся раней.

— Не ўсё наша. Частку прынеслі суседзі, — удакладняюць гаспадары. — Мы ўсе хочам паказаць, якімі таленавітымі былі нашы продкі.

Сямейная пара выкупіла будынак прамтаварнага магазіна, які пуставаў, зрабіла рамонт, добраўпарадкавала тэрыторыю. Цяпер дом глядзіцца як лялечны.

— Я быў на свяце іншых вёсак. І вельмі рады, што такое прыйшло ў Кляцішча. Гэта добрая нагода сустрэцца з тымі, каго даўно не бачыў, з землякамі, што калісьці пакінулі вёску, больш даведацца пра яе гісторыю, знакамітых людзей, — лічыць Сяргей.

Кляцішча часта называюць «мядзведжым кутком», бо знаходзіцца паселішча ў самай глыбінцы Налібоцкай пушчы. Першыя звесткі пра вёску датуюцца канцом XVІІ — пачаткам XVІІІ стагоддзя. У свой час населены пункт быў вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Тут працавала знакамітая на ўсю Еўропу шкляная мануфактура. На жаль, у мясцовых жыхароў посуд не захаваўся. Гэта і зразумела — падчас Вялікай Айчыннай вайны вёску спалілі дашчэнту, а многіх людзей вывезлі ў Германію. Налібоцкае шкло захоўваецца ў вядомых музеях свету і прыватных калекцыях, некалькі экзэмпляраў — у Нясвіжскім палацы.

Вядомая вёска яшчэ і тым, што тут была ліцейная вытворчасць. Яшчэ пры прыгонным праве, у сярэдзіне XVІІІ стагоддзя, князь Леў Вітгенштэйн пабудаваў металургічны завод, які меў дзве доменныя печы: з адной пасля пераплаўкі выходзіў чыгун, з другой — жалеза. Печы працавалі на каменным вуглі. Ён здабываўся наступным чынам. У лесе вырывалі катлаван, куды складваліся ў выглядзе клеці і падпальваліся дровы, зверху іх шчыльна накрывалі. У выніку маруднага гарэння са слабым доступам паветра атрымліваўся вугаль. Адсюль і пайшла назва вёскі Кляцішча. Зыходны матэрыял — руду — здабывалі зімой на балоце, якое абкружала вёску з усіх бакоў. Адходы ад выплаўкі руды — блакітна-шэрыя вострыя каменьчыкі — можна сустрэць у ваколіцах Кляцішча і цяпер. А калісьці іх былі цэлыя насыпы. Некалькі гадоў таму гэты матэрыял служыў для ўладкавання мясцовых дарог.

Дарэчы, вядома, што Леў Вітгенштэйн сябраваў з Пестэлем і Пушкіным. Вялікая спадчына яму дасталася пасля смерці найбагацейшай жанчыны Еўропы Стэфаніі Радзівіл. Разам з тым да гэтага часу невядома, ці наведваў свае ўладанні ў Налібоцкай пушчы найсвятлейшы князь. Пасля таго як ён адышоў у іншы свет, справу бацькі прадоўжыла дачка Марыя Гагенлоэ...

У савецкі час у вёсцы пабудавалі клуб, лазню, школу, кантору, дзве крамы, сталовую, пякарню, фельчарска-акушэрскі пункт, пошту. Праўда, не ўсе аб'екты ўдалося захаваць з прычыны эканамічнай немэтазгоднасці. Цяпер у Кляцішчы пражываюць 163 жыхары.

Старшыня Налібоцкага сельскага Савета Аляксандр Пілінкевіч лічыць, што ў вёскі ёсць будучыня: працуе лясніцтва, нарыхтоўваюць лес. У многіх тут засталіся карані, і людзі абавязкова сюды вернуцца.

У жніўні такое ж свята намячаецца ў вёсцы Налібокі — яно прымеркавана да 570-годдзя з дня заснавання. Значыць, у старшыні клопату прыбавіцца.

Менавіта Аляксандр Іванавіч абышоў кожны дом у Кляцішчы, правёў не адзін сход. І людзі пагадзіліся, што свята вёскі сапраўды патрэбна, яно яднае людзей, захоўвае повязь пакаленняў. Усе дружна выйшлі на суботнік: прыбіралі свае падворкі, фарбавалі агароджы і фасады дамоў, абразалі галіны на дрэвах, абкошвалі тэрыторыю.

У Стаўбцоўскім раёне правядзенне свят вёсак стала добрай традыцыяй. Такія мерапрыемствы праходзяць ужо чацвёрты год.


— Разам са старшынямі сельвыканкамаў складаецца графік чарговасці, які зацвярджаецца старшынёй райвыканкама. Затым кожная арганізацыя распрацоўвае свой план дзеянняў. Дарожнікі падсыпаюць дарогі, рамантуюць масты, міліцыя ахоўвае парадак і бяспеку ўдзельнікаў, абавязкова дзяжураць медыкі, — адзначае старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. — Гэтыя святы даюць магчымасць добраўпарадкаваць сельскія населеныя пункты. Акрамя таго, маюць выхаваўчы момант: дзеці, унукі, якія прыязджаюць, даведваюцца аб сваіх гістарычных каранях, далёкіх продках.

У раёне налічваецца 201 вёска, прычым няма ні адной, дзе ніхто не жыве. Мы зносім старыя і прызнаныя судом безгаспадарнымі дамы, парадкуем зямельныя ўчасткі, якія выкупляюць людзі і тут будуюцца. Значыць, вёска будзе жыць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Па Цэнтральнай вуліцы з аркестрам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.