Вы тут

Ці здольны праблемныя сем'і палепшыць умовы пражывання і паводзіны?


Усе праблемныя сем'і праблемныя па-рознаму, але маюць шмат агульнага — адзначаюць спецыялісты. І гэта агульнае найчасцей мае вадкі стан і пэўны градус. А далей выцякаюць наступствы: есці не наварана, у хаце не прыбрана, дзеці недагледжаныя, а часта і хлеба няма за што купіць.


На­мес­нік ды­рэк­та­ра шко­лы На­тал­ля Мяр­чук і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Аляк­сандр Пят­ру­чык.

Такія сем'і, на жаль, цяпер ёсць калі не ў кожнай вёсцы, дык у кожным сельсавеце дакладна. У Маларыцкім раёне 147 дзяцей з 66 сем'яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Гэта значыць, іх пастаянна кантралююць адпаведныя службы.

Некалькі сем'яў названага спіса пражываюць у Чарнянскім сельсавеце. «Але не толькі іх даводзіцца трымаць пад кантролем, ёсць і іншыя, тыя, хто балансуе паміж нормай і праблемнымі паводзінамі. І калі іх на нейкі час выпускаеш з поля зроку, яны, што называецца, разнявольваюцца», — гаворыць старшыня сельвыканкама Аляксандр ПЯТРУЧЫК.

Летась, на жаль, адну шматдзетную маці давялося пазбаўляць бацькоўскіх правоў. За яе сям'ю пэўны час змагаліся, спрабавалі выхоўваць жанчыну, прымаць меры грамадскага ўздзеяння...

Спачатку забралі дзяцей на паўгода ў прытулак. Ёй жа паставілі задачы па навядзенні парадку ў хаце, па выпраўленні ўласных паводзін, гэта значыць парэкамендавалі менш налягаць на выпіўку. Але маці пяцярых дзяцей да парад не прыслухоўвалася, гаварыла, што ўсё роўна праз паўгода дзяцей вернуць, а цяпер яна хоць адпачне. Потым, калі чарговы раз кабету строга папярэдзілі, смецце з хаты вынесла, сякі-такі рамонт зрабіла. Дзяцей вярнулі. А праз пару дзён даму заўважылі на вясковай вуліцы ў нецвярозым стане. У дзень, калі старшыня сельскага Савета з прадстаўніком аддзела адукацыі наведалі сям'ю, у доме была гулянка, маці сямейства сядзела за сталом з сабутэльнікам. Найбольш абурыла прадстаўнікоў улады харчаванне самага меншага дзіцяці, яшчэ немаўляткі. Малое сядзела ў ложку і ссала малако з паўтаралітровай пластыкавай бутэлькі. Пасудзіна была яўна даўно не мытая, малако на сценках закісла... Дзяцей забралі ў той жа дзень.

Праз некаторы час адбыўся суд. Праўда, на судзе жанчына пускала слязу, гаварыла, як любіць дзяцей. Але ёй не паверылі, бо піла і гуляла гора-маці на дзіцячую дапамогу. А цяпер яна абавязаная асоба і павінна кампенсаваць сродкі на ўтрыманне малых. На работу грамадзянку ўладкавалі ў мясцовую гаспадарку.

— Але названая гісторыя ўсё ж выключэнне, — гаворыць Аляксандр Пятручык. — Мы ж імкнёмся зрабіць усё, каб дзеці заставаліся ў сем'ях. За апошні час дзве шматдзетныя сям'і палепшылі жыллёвыя ўмовы, і сітуацыя памянялася ў лепшы бок. Сям'я з дзевяці чалавек Аляксандра і Яўгеніі М. жыла ў адным пакоі. Беспарадак на мяжы антысанітарыі даваў падставу аднесці дзяцей да тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Але сям'і выдзелілі дом у суседняй вёсцы. І гэта, можна сказаць, акрыліла шматдзетных бацькоў. У новым доме яны хутка навялі парадак. Прысядзібны ўчастак і двор утрымліваюць амаль узорна. У гэтай сям'і ёсць толькі адно слабае месца: гаспадар часам выпівае. Калі ён цвярозы, працаўнік — пашукаць такога, таму і дом належным чынам трымае, а калі сарвецца... Таму іх таксама варта трымаць пад кантролем. Калі яны адчуваюць увагу мясцовай улады, тады і паводзяць сябе больш абачліва.

Яшчэ адна сям'я пражывае ў Чарнянах. Там праблема крыху іншага кшталту. Бацька сямейства, у якім растуць пяцёра дзяцей, мае статус сужыцеля. Ён даволі доўга не мог зарэгістраваць шлюб, бо не меў дакументаў. На час развалу Савецкага Саюза мужчына пражываў у Расіі, потым за нейкае правапарушэнне трапіў у турму, пазней згубіў дакументы. У выніку толькі нядаўна атрымаў від на жыхарства асобы без грамадзянства ў вёсцы, дзе нарадзіўся. Але П. працуе ў мясцовым калгасе, ад абавязкаў па выхаванні дзяцей не ўхіляецца. Сям'я трапіла ў спісы найперш з-за ўмоў пражывання. А цяпер ім далі дом у Чарнянах, і абстаноўка палепшылася. Але і гэтых бацькоў старшыня сельскага Савета лічыць патрэбным трымаць у полі зроку, бо часам гаспадар усё ж прыкладваецца да чаркі.

Намеснік дырэктара Чарнянскай сярэдняй школы Наталля МЯРЧУК гаворыць, што цяпер у дачыненні да бацькоў вучняў з дзвюх названых сем'яў ніякіх нараканняў няма. Дзеці не прапускаюць заняткаў, рыхтуюць урокі, ходзяць у школу акуратна апранутымі. Наогул жа, школа працуе разам з сельскім выканкамам па ўсіх праблемных сем'ях, і на савеце прафілактыкі абавязкова прадстаўнік адміністрацыі школы бывае. І дадому да вучняў настаўнікі зазіраюць.

На саветы прафілактыкі, якія праходзяць у сельвыканкаме, запрашаюць бацькоў праблемных сем'яў, абавязаных асоб, іншыя катэгорыі грамадзян, у якіх ёсць пытанні з паводзінамі. Для некаторых гэтая мера калектыўнага выхавання бывае дзейснай, іншыя фактычна не рэагуюць.

Вось, скажам, выклікалі на савет абавязаную асобу Мікалая М. з прычыны нядбайных адносін да працы на рабочым месцы. Ён паслухаў ды пайшоў. А калі яму за дзесяць прагулаў прызначылі 200 гадзін бясплатнай работы, тады чалавек асэнсаваў нявыгаднасць парушэння працоўнай дысцыпліны. Старшыня сельскага Савета лічыць, што ўсе формы прафілактыкі трэба выкарыстоўваць, але найлепшыя вынікі дае індывідуальная работа. Калі заязджаеш у дом, там можна гаварыць прадметна. Бо на савеце прафілактыкі асобныя гаспадыні робяць вялікія вочы і запэўніваюць, што ў іх усё амаль ідэальна. А калі ў хаце ім паказваеш на шэра-чорную пліту, якая некалі была белай, то іншая шматдзетная гаспадыня ўсё ж часам пачырванее. І так паэтапна, бывае, дабіваешся хоць нейкага элементарнага парадку: спачатку памыюць пліту, потым вокны, прывядуць да належнага выгляду дзіцячыя рэчы. Вось што ўяўляе сабой індывідуальная работа.


Пётр ГУБЕЙ, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Лічбы, якія прыводзіліся па праблемных сем'ях, маюць адносны характар, бо ўвесь час мяняюцца: адну сям'ю здымаюць з уліку, іншую ставяць... Самае горшае, калі даводзіцца пазбаўляць бацькоў іх правоў і забіраць дзяцей. Ужо ў гэтым годзе суды прынялі рашэнне ў дачыненні да чатырох бацькоў, шасцёра дзяцей атрымалі апекуноў. Значыць, агульная работа ў названых выпадках не дала чаканых вынікаў...

Нядаўна сустракаўся з сям'ёй, якую даўно трымаю ў полі зроку. Бацькі ўсё жыццё злоўжывалі гарэлкай. Двое дзяцей выраслі, атрымалі спецыяльнасці, уладкаваліся на працу, у рот не бяруць спіртнога. Бацька іх самакрытычна заўважыў: «Сам не ведаю, у каго яны ўдаліся». Дакладна, гэтыя дзеці бралі за ўзор не бацькоў. Дык вось, гэты прыклад гаворыць аб тым, што працаваць трэба нават з самымі праблемнымі сем'ямі, калі там растуць дзеці. Некаторыя і не значацца ў спісах, але ходзяць, што называецца, па мяжы. Іх важна пастаянна трымаць пад увагай — такая пазіцыя ў нас са старшынямі сельскіх Саветаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Маларыцкі раён

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: У спісах не значацца, але ходзяць па мяжы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.