Вы тут

Брэсцкая абласная бальніца атрымала новае дыягнастычнае абсталяванне


Дзякуючы грантавай дапамозе ўрада Японіі Брэсцкая абласная і Лунінецкая раённая бальніцы атрымалі новае дыягнастычнае абсталяванне.


— У Лунінецкім раёне 45 населеных пунктаў маюць узровень забруджвання ад 0 да 5 кюры, — расказала галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана ХЛЕБУС, — там пражывае 45 тысяч чалавек. І вядома, своечасовы маніторынг стану здароўя насельніцтва — адзін з галоўных клопатаў раённай медыцыны.

Новы апарат ультрагукавой дыягностыкі з наборам інструментаў ужо паспяхова працуе ў стацыянары. На ім даследуюць сэрца, сасуды, малочную і шчытападобную залозы. Абсталяванне характарызуе высокая дакладнасць. Так, рак малочнай залозы можна разгледзець пры памеры пухліны ў 3 мм, рак шчытападобнай залозы — пры пухліне ў 2—3 мм. Пры такім раннім выяўленні хваробы шанцы на паспяховае лячэнне і выздараўленне ўзрастаюць. На ранніх стадыях выяўляюцца таксама паталогіі сэрца і сасудаў.

У Брэсцкую абласную бальніцу паступіў урэтэрарэнафібраскоп. Апарат выкарыстоўваюць для дыягностыкі захворванняў нырак, для лячэння мочакаменнай хваробы.

Агульны кошт абсталявання складае больш за 70 тысяч долараў. Яно закуплена па праграме «Карані травы», якая рэалізуецца ў нашай краіне ўрадам Японіі. За 13 гадоў медыцынскія ўстановы раёнаў, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, атрымалі больш за дзве сотні адзінак абсталявання.

Цырымонію перадачы абсталявання медустановам Брэстчыны правёў часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага. Падчас сустрэчы са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Анатолем Лісам дыпламат з удзячнасцю нагадаў, што пасля аварыі на Фукусіме Беларусь падзялілася вопытам па ліквідацыі наступстваў атамнай катастрофы, а таксама паведаміў, што Японія мае намер працягваць праграму «Карані травы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Для лепшай дыягностыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».