Вы тут

На Форуме рэгіёнаў прайшло пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў дзяржаў


Аснова інтэграцыі — імкненне народаў да яднання. Гэта — першаснае. Мы можам бясконца казаць пра бар'еры і іх зняцце, пра недапрацоўкі і дасягненні, але калі ёсць жаданне, ёсць воля людзей працягваць сумесную працу — значыць, нездарма была створана Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. Пра гэта, а таксама эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя і культурныя пытанні ішла гаворка падчас пленарнага пасяджэння ІV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.


За рэгіёнамі — перспектыва інтэграцыі

Па словах Аляксандра Лукашэнка, у тым, што мы супрацоўнічаем з Расіяй, ёсць вялізныя магчымасці і рэсурсы. «І ў гэтым выключна важную ролю іграюць рэгіёны. Падкрэслю — незалежна ад геаграфічнай аддаленасці, ўсе расійскія рэгіёны для нас блізкія», — сказаў Прэзідэнт Беларусі. «Мы спадзяёмся, што і да беларусаў у Расіі будуць ставіцца сапраўды гэтак, усюды. Пакуль мы праблем у гэтых адносінах не маем. Мы адно аднаго не палохаем, мы едзем адно да аднаго, як браты, як родныя. І гэта на ўзроўні людзей, а не толькі нашых размоў з высокіх трыбун. Ці гэта пытанні сацыяльных гарантый і правоў грамадзян, ці паставак беларускай тэхнікі, сельскагаспадарчай прадукцыі, навуковых распрацовак, паслуг».

Менавіта такі падыход дазволіць дзвюм дзяржавам не толькі дасягнуць сучаснага ўзроўню тэхналагічнага развіцця, але і — самае галоўнае — захаваць адзінства і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Пры гэтым важнае месца ў развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння належыць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што правядзенне штогод такіх мерапрыемстваў, як форум, дазваляе падтрымліваць пастаянныя сувязі паміж прадстаўнікамі найвышэйшых і мясцовых органаў улады дзвюх краін. Да цяперашняга моманту дзейнічае 70 пагадненняў на ўзроўні ўрада Беларусі і адміністрацый суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Кожнае з іх суправаджаецца канкрэтнай праграмай мерапрыемстваў на трох-чатырохгадовы перыяд.

Прытым важным пунктам сумеснага росту застаецца сфера высокіх тэхналогій. Кантакты ў ёй, лічыць Прэзідэнт, маглі б развівацца больш дынамічна на тых пляцоўках, якія ўжо даказалі сваю эфектыўнасць. «Напрыклад, на базе шырока вядомага Парка высокіх тэхналогій у Мінску», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што мабільнымі праграмамі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца больш за 1 млрд чалавек у 193 краінах, звыш 90% створанага ў Парку праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт у Расію і СНД, краіны Заходняй Еўропы і ЗША.

Адказаць на тэхналагічныя выклікі

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, падкрэсліў значнасць супрацоўніцтва ў высокатэхналагічных сферах. Бо сёння фарміруецца новы прамысловы ўклад, заснаваны на актыўным укараненні лічбавых тэхналогій, інавацыйных матэрыялаў, рабатызацыі, «зялёнай» энергетыцы. «І ад таго, як мы з вамі зможам адказаць на гэтыя тэхналагічныя выклікі, будзе залежаць доўгатэрміновая канкурэнтаздольнасць нашых краін, іх пазіцыі ў глабальным падзеле працы. Дазволю сабе нават больш сказаць: ад таго, як мы вырашым гэтую задачу, будзе залежыць — у значнай ступені — наш лёс. Таму трэба нарошчваць нашы намаганні па стварэнні сумесных высокатэхналагічных прамысловых кластараў, інжынірынгавых цэнтраў, выбудоўваць гнуткія кааперацыйныя ланцужкі для вытворчасці навукаёмістай прадукцыі, якая адпавядае самым высокім сусветным стандартам».

Пры гэтым Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь і Расія валодаюць значнымі кадравымі, інтэлектуальнымі і адукацыйнымі рэсурсамі. А вядучым расійскім і беларускім кампаніям і ўніверсітэтам па сілах распрацоўваць унікальныя тэхналагічныя і праграмныя прадукты, якія маглі б канкурыраваць на сусветных рынках. «Расія гатова да самага цеснага супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі для забеспячэння ўстойлівага, доўгатэрміновага росту нашых эканомік», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Не толькі пра дасягненні

У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нагадаў пра значнасць уніфікацыі, гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў, масавае стварэнне сумесных кампаній, адкрыццё саюзных праграм і праектаў з узаемным допускам суб'ектаў у гэтыя праграмы. «Поспеху ў гэтай справе будуць садзейнічаць абсалютны давер бакоў, захаванне прынцыпаў маральнасці і ўзаемнай павагі», — адзначыў сенатар.

Пры гэтым тут ужо шмат зроблена. Але разам з тым выклікаюць занепакоенасць факты прыняцця прававых актаў у аднабаковым парадку або парушэння правапрымяняльнай практыкі, якія «часта супярэчаць мэтам будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і ствараюць няроўныя ўмовы для беларускіх суб'ектаў гаспадарання на адзінай беларуска-расійскай прасторы».

«Прыкладаў нядобрасумленнай канкурэнцыі і неабгрунтаванага бюракратызму нямала. Гаворка не ідзе пра ўступкі і прэферэнцыі для беларускага боку. Але нарматыўна-прававыя акты, якія прымаюцца ў Беларусі і Расіі, павінны рэальна забяспечваць стварэнне і функцыянаванне адзінай эканамічнай прасторы і прававых асноў агульнага рынку, роўных правоў грамадзян», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

У сваю чаргу Валянціна Мацвіенка адзначыла, што эфектыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі пабудавана па ўсіх магчымых напрамках. «Беларусь — галоўны партнёр Расіі сярод краін СНД, — заявіла яна. — І хоць вынікі першага квартала бягучага года выклікаюць пэўны аптымізм, аднак пакуль сітуацыя застаецца не такой, як хацелася б».

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зроблена многа. Але гэтага мала

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?