Вы тут

Вецер і Красавік


Марына Дубень

нарадзілася 13 верасня 1994 года ў Бабруйску. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ. Вывучае беларускую мову і літаратуру, настаўнічае, трошкі малюе, вядзе дзённік і піша тэксты для песень. Любіць мультфільмы, «жывыя» лісты і рок-музыку. Ніколі не піша пра каханне.



Вецер і Красавік

***

абмiне

мяне?

неспакойнае,

непрытульнае,

непрыхiльнае,

незаўважнае i няўмольнае,

непарушнае,

непахiснае —

абмiне мяне?

 

чалавечае,

бессаромнае, беззаганнае,

гучна-спеўнае, зорна-вечнае,

шчыра-слоўнае,

лiрна-п’янае.

проста дыхаць iм —

як ляцець у сне,

гэтак лёгка мне,

гэтак цяжка мне.

толькi iменем,

быццам каменем,

абмiне

   мяне?

       не.

 

***

Неба сiне́е,

Бо служыць для мора люстэркам.

Мора глядзiцца

Ў яго залатыя агнi,

Бачыць у небе

Бясконцую хваляў iстэрыку,

Бачыць дрыготкi туман

I спакой глыбiнi.

 

Бачыцца мору —

Русалкi матляюць хвастамi,

Мроiцца мору —

Квiтнеюць каралы на дне.

Чуе яно,

Як сiрэнавымi галасамi

Зоры-жамчужыны

Цiха спяваюць у сне,

 

Цягнецца целам

Да круглае белае поўнi,

Прагне душою

Блакiтнай нябеснай крывi.

Мора прымае усё

I нiчога не помнiць.

Мора не ведае

вечнай,

як неба,

любвi.

 

***

Брукаванка гудзела гулам,

Не хапала зямлi на плошчы.

Людзi дзеўку вялi агулам

Аж ад самае Белай Рошчы.

 

Яе след праклiналi Богам

I за спіны дзяцей хавалi.

Апускалiся долу доўгiя

Валасы кучаравай хваляй,

 

Прыпадалi да цела важка,

Проста з сонца адлiтай меддзю.

А мужчыны ўздыхалi цяжка,

А жанчыны крычалi: «Ведзьма!»

 

Што з таго, што малая ўзростам

Ды і рост яе невялiчкi?

Абвязалi вяроўкай проста,

Бо «рудыя — усе магiчкi».

 

Выглядалi з-за мамак дзецi.

Той, у чорным, падлiчваў грошы…

А яна ўсё шаптала: «Вецер,

Абдымай мяне, мой апошнi».

 

I ён лашчыў ёй тварык — белы,

Быццам яблыневая квецень.

Там, на плошчы, да ног смела

Падкладалi жанчыны вецце.

 

А праз шэрань нябеснай стомы

Прабiваўcя руды ранак.

«Бачыш, хутка я буду дома,

Дачакайся мяне, мама».

 

Тое вогнiшча выла воем,

Скавытала сырое бярвенне,

Каралеўcкiм здавалася строем

Iльняное дзяўчыны адзенне.

 

Вочы бачылi, але — мала:

Цi агонь абдымаў цела,

Цi то сонца агнём палала,

Цi салома адна гарэла...

 

Ўсё хавае агонь манкi —

Як мірыцца са светам гэткім?..

А на плошчы з-пад брукаванкi

I дагэтуль растуць кветкі.

 

***

Мая птушка — ў клетцы залачонай —

Мне спявае кожны зiмнi вечар.

Твая птушка — з воляй заручона —

Прылятае да цябе, як вецер,

За акном спявае так прыгожа...

Думка не дае мне спаць уночы:

Мая птушка адляцець не можа,

Твая птушка адлятаць не хоча.

 

***

Калі раптам прачнешся ад жаху ўначы

Ў адзінокай кватэры пустой —

Гэты жах ты гарбатай з мелісай лячы,

Бо меліса даруе спакой.

 

Адзіноцтва, здаецца, з’ядае цябе,

Проста ў сэрца карэннем расце —

Разам з корнем імбірным журботы свае

Патапі у гарачай вадзе.

 

Калі цела тваё ціха трызніць вясной

У халодных руках забыцця —

Дзьмухаўцоў залацістых салодкі настой

Верне цёплыя фарбы жыцця.

 

А захопіць туга у свае ланцугі —

Чорнай кавы тады завары:

Горыч кавы адолее горыч тугі —

Прыхавае яе да пары.

 

А калі

             што ні дзень —

                        ды гары ўсё агнём,

Не знаходзіш спакою ў журбе,

Ты заходзь, калі ласка, ў гасцінны мой дом —

У мяне ёсць напой для цябе.

 

***

Усё мне — крах ды звярыны рык,

Усё мне — бой, бо мая вайна,

Усё мне — дзiкi птушыны крык,

Усё мне — вера, і ўсё — вясна.

 

Дзе забыцца, ў якой цiшы,

Дзе — ад сонца адно кiпець?

Гэта бура — не спосаб жыць,

А магчымасць пабачыць смерць.

 

Раз сустрэць яе — то каб так:

Праз маланку, бяду i боль.

Хай у жылах бурлiць вада,

Хай у пену збiвае соль,

 

Каб аднойчы суцiшыць крык

І…

Прыняць у сябе зямлю.

Я люблю цябе, красавiк,

Я бязбожна цябе люблю.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.