Вы тут

У ваенна-патрыятычным лагеры вучаць здароваму ладу жыцця


Майстар-клас па баскетболе, гатаванне канапэ і тэст на прафесію. Гэтымі і іншымі справамі на выхадных займаліся выхаванцы палатачнага ваенна-патрыятычнага лагера «Абаронцы Айчыны» на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар», што непадалёк ад Ждановічаў. Да падлеткаў завіталі трэнер Аляксандр Куль з сям'ёй, прадстаўнік МНС Віталь Дэмбоўскі, супрацоўнікі сталічнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей і сябры «Клуба львоў».


Арганізатары прафілактычнай акцыі «Сям'я — тэрыторыя здароўя» зладзілі свята ў «Лідары», каб расказаць падлеткам і моладзі пра здаровы лад жыцця.

— Мы вырашылі зладзіць майстар-класы з вядомымі спартсменамі і кулінарамі, — расказаў Вячаслаў ШЧЭРБА, старшыня праўлення РДГА «Клуб ільвоў»— Як вядома, бацькі найчасцей песцяць сваіх малых і многія хатнія абавязкі выконваюць за іх. А тут яны змогуць нешта зрабіць самастойна.

26 падлеткаў, якія адпачываюць у лагеры, — незвычайная змена. Усе яны — найлепшыя вучні, што летась неслі пачэсную вахту памяці каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. Дзевяць дзён змены яны загартоўваліся, набывалі навыкі самастойнасці і адказнасці за свае паводзіны, жывучы ў палатках.

— У нашым лагеры існуе камандны склад з кіраўніком змены і начальнікамі каравула. Падлеткі адпрацоўваюць лідарскія якасці, загартоўваюць характар і вучацца дысцыпліне, — расказаў начальнік лагера, культарганізатар Палаца дзяцей і моладзі Генадзь ХЛУТКОЎ. — Адпрацоўвалі страявую падрыхтоўку, гулялі ў ваенна-спартыўныя гульні «Зарніца» і «Арлёнак», якія імітуюць баявыя дзеянні, выязджалі ў Хатынь і наведвалі роту ганаровага каравула. А на свята Дня Незалежнасці ўсклалі кветкі да Вечнага агню і неслі ганаровую вахту.

Прадстаўніца цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей на прафарыентаваным майстар-класе давала падлеткам тэсты, каб выявіць іх здольнасці да будучай прафесіі. Яна заўважыла, што пры жаданні хлопцы могуць летам і падпрацаваць. Прадпрыемства «Мінскзеленбуд» і тэрытарыяльны цэнтр пазашкольнай працы ахвотна прымаюць на сезонныя работы падлеткаў да 16 гадоў.

Майстар-клас па займальнай псіхалогіі

Шар, куб, піраміду і іншыя выявы хлопцы і дзяўчаты ляпілі з кенетычнага пяску на майстар-класе па займальнай псіхалогіі, спрабуючы праз атрыманае зразумець сваё стаўленне да свету.

Паказаць свае спартыўныя здольнасці яны змаглі на баскетбольнай пляцоўцы, дзе пад кіраўніцтвам Аляксандра КУЛЯ, экс-цэнтравога баскетбольнай каманды «Цмокі-Мінск», асвойвалі тэхніку гульні і трохачковыя кідкі.

 Баскетбол з Аляксандрам Кулем

— Работа з дзецьмі для мяне задавальненне, — кажа Аляксандр. — Калі ёсць магчымасць падзяліцца вопытам, паказаць ім, што не трэба ўвесь вольны час праводзіць за рознымі мабільнымі прыладамі, — гэта цудоўна. Да таго ж мы выехалі за горад усёй сям'ёй, думаю, усе атрымалі станоўчыя эмоцыі.

Прафарыентацыя ў лесе з супрацоўнікамі Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей

На кулінарным майстар-класе ад шэф-кухароў «Клуба львоў» падлеткі змаглі не толькі навучыцца рабіць «хуткія стравы», але і тут жа падсілкавацца імі. Кавалачкі хлеба, агуркоў, каўбасы, сыру, лімонаў і іншых прысмакаў фарміраваліся ў стройнае канапэ строга па рэцэпту.

Зробленыя з дапамогай гаспадынь “Клуба львоў” уласнымі рукамі канапэ – сапраўдныя прысмакі на свежым паветры

Тры гадзіны мерапрыемства праляцелі незаўважна. Самі падлеткі пра дзень, з якога кожны вынес для сябе нешта важнае, казалі з энтузіазмам:

— Усё вельмі спадабалася! А магчымасць пажыць асобна, без апекі бацькоў, і павучыцца самастойнасці — цудоўны вопыт!

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзевяць дзён без бацькоў, або Урокі самастойнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».