Вы тут

Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды


Дзень Незалежнасці мінуў, але яго святкаванне працягваецца. Учора Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды найбольш вартым павагі беларусам. Урачыстасць адрознівалася не толькі асабліва святочным настроем, але і тым, што падчас яе былі ўпершыню ў навейшай гісторыі Беларусі ўручаны медалі «За выратаванае жыццё». «Гэта новая дзяржаўная ўзнагарода, якая дазволіць адзначыць подзвігі тых суграмадзян, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, выратавалі жыццё іншых людзей», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.


Сярод чатырох узнагароджаных — трое ў ваеннай форме, адзін — Сяргей Драздоўскі — у грамадзянскай. Ён — старшыня Чавускага райвыканкама. Быў па справах недалёка, прыкладна за кіламетр ад месца, дзе адбыўся пажар. Разам з Аляксандрам Барсуковым, старшым участковым інспектарам міліцыі Чавускага РАУС, якога таксама ўчора ўзнагародзілі, яны пад'ехалі да агню на машыне і да прыбыцця пажарнікаў выцягнулі з палаючага дома мужчыну, які не мог рухацца. Сяргей Драздоўскі прызнаецца, што той дзень стаіць перад вачыма і зараз. «На маім месцы так дзейнічаў бы кожны добрасумленны грамадзянін. Іншы выбар было зрабіць немагчыма», — сказаў ён.

Значыць, незалежна ад наяўнасці пагонаў і колькасці зорак на іх кожны можа праявіць сябе. Хоць для кагосьці гэта — прафесійны абавязак. «Спрадвеку воін, абаронца Айчыны карыстаўся ў нашым грамадстве глыбокай павагай, лічыўся надзейнай апорай дзяржавы, — сказаў Прэзідэнт. — І сёння з намі найлепшыя прадстаўнікі Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях».

Высокія ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі самых розных галін эканомікі і прафесій: прамыслоўцы і будаўнікі, дактары і юрысты, лесаводы і спартсмены, дзеячы навукі і культуры, сферы сацыяльнай абароны і абслугоўвання. Асобна Прэзідэнт адзначыў аграрыяў, тых, хто працуе на зямлі. «Сваёй напружанай працай, часам у вельмі неспрыяльных умовах надвор'я, яны здолелі значна павысіць экспарт харчавання, умацаваць бюджэт краіны ў няпросты для яе перыяд», — сказаў ён.

Шмат увагі ўдзялілі і работнікам сферы культуры. Учора званнем «Народны артыст Беларусі» быў уганараваны кінарэжысёр-дакументаліст Анатоль Алай, ордэнам Пашаны — прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча. «Гэта сведчыць пра тое, что чалавек працы ў нашым грамадстве мае самыя шырокія магчымасці для прымянення сваіх сіл і творчых здольнасцяў. Уклад кожнага дастойнага грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны будзе адзначаны па заслугах», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

 

У тэму

Іван Ціхан, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы:

— Хачу ўсіх павіншаваць з Днём Незалежнасці, які дастаўся нам, беларусам, досыць высокай цаной. Што датычыцца ўзнагароды, то кожная з іх мае свой час. Усцешна, што кіраўнік дзяржавы так ацаніў нашы дасягненні. На жаль, гэты спаборніцкі сезон я прапушчу, але трэніроўкі не спыняю, каб добра выглядаць на чэмпіянаце Еўропы, Еўрапейскіх гульнях, якія адбудуцца ў 2019-м у Мінску і, вядома, Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа.

Анатоль Алай, кінарэжысёр, член Беларускага саюза кінематаграфістаў:

— Мой тата, Іван Аляксеевіч, ваенны ўрач, пад Стоўбцамі трапіў у палон. Як склаўся яго далейшы лёс, мне было невядома. Але аднойчы мне тэлефанаваў супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі і сказаў, што адшукаў яго. «Адкрыйце сайт Саксонскіх мемарыялаў у Дрэздэне, і там значыцца ў базе даных прозвішча вашага таты». Я быў на сёмым небе ад шчасця! Сабралі творчую групу і з'ехалі ў Дрэздэн на здымкі фільма. Зараз гэтую карціну я скончыў. Яна выйдзе пад назвай «Чорны воран», дзе я расказваю пра гісторыю ўсёй сваёй сям'і.

Ігар Катляроў, дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Мы ўжо больш за дваццаць гадоў праводзім сацыялагічны маніторынг сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Але два гады таму мы зразумелі, што гэтага мала, і правялі даследаванне, якое называецца «Беларусь 20—30», дзе паспрабавалі адказаць на пытанне: якой наша краіна будзе праз столькі гадоў? Цяпер работа ідзе над так званым цывілізацыйным кодам беларускай дзяржавы, дзе мы спрабуем зразумець, як традыцыі, гістарычная памяць уплываюць на будучыню.

Загаловак у газеце: Падчас галоўнага свята адзначылі найлепшых

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.