Вы тут

Сёння ў Мінску адкрылася 26-я летняя сесія ПА АБСЕ


Сёння ў сталіцы Беларусі адкрываецца 26-я летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ (ПА АБСЕ). Яе тэма: «Умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне АБСЕ». Чакаецца, што ў сесіі прымуць удзел 700 гасцей, у тым ліку 300 парламентарыяў з Паўночнай Амерыкі, Еўропы і Азіі. Штогадовая сесія завершыцца 9 ліпеня прыняццем Мінскай дэкларацыі. Дакумент будзе ўтрымліваць рэкамендацыі для міжнароднай супольнасці па пытаннях палітыкі, бяспекі, эканомікі, навакольнага асяроддзя і правоў чалавека.


Як напярэдадні адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, наша краіна ўпершыню прымае ў сябе такі значны форум. На яго думку, работа, якая была праведзена ў цесным кантакце з Міжнародным сакратарыятам ПА АБСЕ, дазваляе спадзявацца, што Беларусь пацвердзіць сваю рэпутацыю надзейнай дыялогавай пляцоўкі для абмеркавання самых адчувальных пытанняў міжнароднага парадку. «Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб мерапрыемства прайшло ў канструктыўным ключы і насіла аб'яднаўчы, а не раз'ядноўваючы характар», — заявіў Уладзімір Андрэйчанка.

У Мінскую дэкларацыю ўвойдуць некалькі дадатковых рэзалюцый, якія ініцыююць асобныя парламентарыі самастойна. Яны закранаюць шырокае кола пытанняў: процідзеянне тэрарызму, міграцыйныя выклікі, недапушчальнасць распальвання міжрэлігійнай варожасці і ўмацаванне энергетычнай бяспекі. Тэма беларускай рэзалюцыі — «Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў». Як паведаміў Уладзімір Андрэйчанка, яе праект ужо атрымаў міжнародную падтрымку: 44 парламентарыі з 20 замежных краін выступілі суаўтарамі гэтай рэзалюцыі, сярод іх — 11 кіраўнікоў дэлегацый, у прыватнасці з Германіі, Расіі, Чэхіі, Румыніі і Сербіі.

Асноўная задача Парламенцкай асамблеі — садзейнічанне міжпарламенцкаму дыялогу па вырашэнні праблем у галіне дэмакратыі ва ўсіх 57 дзяржавах-удзельніцах, якія знаходзяцца як у Еўразіі, так і ў Паўночнай Амерыцы. Падчас 26-й сесіі работа Асамблеі будзе арганізавана ў рамках трох агульных камітэтаў: камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях; камітэта па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі; камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Супрацоўніцтва ў імя міру

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?