Вы тут

Каму скараецца швейная машынка?


Дар'я ХІЛЬКО, навучэнка Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, стала адной з найлепшых на міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WоrldSkіlls, што праходзіў у Кітаі. У кампетэнцыі «Дызайн адзення» яна атрымала медаль «Найвышэйшае прафесійнае майстэрства».


У Дашынай сям'і швачак няма. А вось ёй самой з дзяцінства падабалася вязаць і майстраваць.

— На ўроках працоўнага навучання, напэўна, была адной з найлепшых? — цікаўлюся.

— Так, — усміхаецца суразмоўніца. — Гэта быў мой любімы прадмет у школе. Дзяўчаты ўвесь час прасілі дапамагчы ім штосьці пашыць. Настаўнікі адзначалі мае поспехі і казалі, што мне трэба гэтым далей займацца.

Падчас вучобы ў школе Даша не ўдзельнічала ні ў якіх конкурсах. Затое ў каледжы вырашыла нарэшце паспрабаваць свае сілы. Пачын аказаўся ўдалым: заняла другое месца на алімпіядзе па працоўным навучанні, потым атрымала «серабро» на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WоrldSkіlls Bеlаrus. На чэмпіянаце ў Кітаі дзяўчына была адзначана ганаровай узнагародай: яна якасна выканала ўсе заданні, але крыху недабрала па балах, каб апынуцца ў ліку пераможцаў.

Усім удзельнікам трэба было выканаць некалькі модуляў. Першы — наколка: мадэляванне сукенкі на манекене. Другі — эскіз. Удзельнікам акрэслівалі напрамак моды і давалі ўзор тканіны. А канкурсанты за гадзіну павінны былі стварыць некалькі вобразаў. Трэцяе заданне — зрабіць лякала. Апошні модуль уключаў у сябе пашыў сукенкі. На яго адводзілася дзевяць гадзін. З фасонам кожны вызначаўся сам, але ў вырабе абавязкова павінны былі прысутнічаць пэўныя элементы: кішэня або адразны манжэт і каўнерык-шаль.

— Бачыла работы іншых: ва ўсіх атрымаліся вельмі розныя сукенкі: у кагосьці — кароткія, а ў кагосьці — у падлогу. Але аднолькавых не было, — расказвае Даша.

Па яе словах, суддзі ў першую чаргу ацэньваюць якасць работы і тое, наколькі правільна выкананы ўмовы задання. Старацца справіцца з модулем раней за ўсіх не варта: за хуткасць балаў не налічваюць. Галоўнае — укласціся ў адведзены час.

Пераможцам стала ўдзельніца з Расіі. Другое месца за Аўстраліяй, трэцяе — за Кітаем. «Магчыма, у іх было больш вопыту. Яны крыху старэйшыя за мяне», — разважае дзяўчына.

На практыцы ў каледжы, між іншым, студэнты вучацца шыць усё — ад абрусаў да блуз і паліто. У майстэрню навучальнай установы паступаюць заказы, і дзяўчаты іх выконваюць. Пад наглядам майстра, вядома. Можа ад прадпрыемства прыйсці заданне на пашыў дзесяці камплектаў пасцельнай бялізны, а часам звяртаюцца звычайныя людзі, якія не знаходзяць у краме патрэбнай рэчы ці свайго памеру.

Перад нядаўнімі выпускнымі ў Дашы таксама была работа. Дзяўчына пашыла пад заказ дзве сукенкі і яшчэ падагнала па фігуры некалькі гатовых. А вось для сябе, прызнаецца з усмешкай, лянуецца шыць. За дызайнерамі яна стараецца не сачыць, каб не капіраваць іх ідэі, а імкнецца прыдумляць штосьці сама.

Днямі дзяўчына абараніла дыплом. Яе выпускной работай было дэмісезоннае паліто. Суразмоўніца тлумачыць, што на абароне трэба не толькі прадставіць пашыты выраб, але і апісаць этапы яго стварэння, паказаць разлікі.

На гэтым вучоба для яе не заканчваецца. Даша збіраецца паступаць у каледж — на мадэльера-канструктара. Што да будучага месца работы, то дзяўчына разглядае некалькі варыянтаў: «Папрацавала б у атэлье ці вясельным салоне. Гэта цікава...».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Найлепшая ў кампетэнцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».